Дата рождения: 29.03.1932
Дата смерти: лістапад 2006
Краткая справка: расійскі і беларускі рэжысёр, педагог, лаўрэат Першага Нацыянальнага фетывалю "Музыка і тэатр" (1996)
Варианты имени: Втораў Барыс Пятровіч
Имена на других языках: Второв Борис Петрович (русский);
Барыс Пятровіч Утораў нарадзіўся ў Маскве. У 1955 г. ён скончыў Тэатральнае вучылішча імя Шчукіна ў Маскве, а ў 1965 г. – Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Затым вучыўся на Вышэйшых рэжысёрскіх курсах пры Дзяржаўным інстытуце тэатральнага мастацтва ў Маскве (1967). У 1965–1977 гг. працаваў рэжысёрам-пастаноўшчыкам Саратаўскага драматычнага тэатра, галоўным рэжысёрам Чэлябінскага і Архангельскага, рэжысёрам Пензенскага драматычных тэатраў. У 1977–1981 гг. і 1984–2002 гг. быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам у Беларускім дзяржаўным музычным тэатры, дзе з 2001 г. займаў пасаду выконваючага абавязкі галоўнага рэжысёра. У 1981–1984 гг. працаваў ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы. Адначасова з 1977 г. выкладаў (з перапынкам) у Беларускай акадэміі мастацтваў. У 1998 г. атрымаў званне дацэнта. У 2000–2002 гг. з'яўляўся рэжысёрам-пастаноўшчыкам Опернай студыі пры Беларускай акадэміі музыкі.
У беларускіх тэатрах Б. Утораў паставіў больш за 80 спектакляў. На сцэне Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя М. Горкага рэжысёр ажыццявіў пастаноўку спектакляў «Лёс-індычка» А. Сафронава (1963) і «У дзень вяселля» В. Розава (1965). 24 снежня 1979 г. у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР (цяпер Нацыянальным акадэмічным музычным тэатры Беларусі) адбылася прэм'ера музычнай камедыі «Несцерка» кампазітара Р. Суруса ў пастаноўцы Б. Уторава. Спектакль стабільна прайшоў праз 1980-я гг. і захаваўся як адна з лепшых работ да пачатку 1990-х гг. Яму было прысвечана шмат публікацый, больш, чым якому-небудзь іншаму тагачаснаму спектаклю. «Несцерка» ёсць той не вельмі часты выпадак, калі з'ява мастацтва паўстае ў сапраўднай мастацкай цэласнасці (літаратурная першакрыніца, музычная «партытурная» драматургія, сцэнічная рэалізацыя), дзе пазітыў забяспечваецца дынамічным сцэнічным вырашэннем, адчуваннем унутранага рытму, гатоўнасцю да выканання дзеяння. У ходзе спектакля ўсталёўваецца выразнае адчуванне нараджэння прастаты і чысціні эмоцый дастаткова складанай у цэлым музычна-драматычнай кампазіцыі пастаноўкі. Спектакль з'явіўся сапраўднай мастацкай з'явай нацыянальнага рэпертуару музычнага тэатра Беларусі.
У 1984 г. у тэатры была пастаўлена гераічная музычная камедыя «Судны час» кампазітара Р. Суруса паводле трагікамедыі А. Макаёнка «Трыбунал» у рэжысуры Б. Уторава. Пастаноўка вызначалася лаканічнай сцэнаграфіяй і ўмоўнай канструкцыяй, што дазваляла гледачу сканцэнтравацца на ўласна дзеянні, на акцэнтаваным вырашэнні вобразаў, бліскуча ўвасобленымі выканаўцамі. Героіка-патрыятычная тэматыка была прадстаўлена і ў спектаклі «Дзяніс Давыдаў» А. Мдывані, які апавядаў аб падзеях вайны 1812 г. (пастаўлены Б. Уторавым у 1985 г.). Работа тэатра сведчыла пра тое, што на яго сцэне з’явіўся адзін з найбольш рэпертуарных твораў другой паловы 1980-х гг. Разгорнутая маштабная пастаноўка з музыкай вялікай эмацыянальнай напоўненасці ўдала спалучала героіка-патрыятычны, лірычны і камедыйны аспекты. Творам, які ажыццяўляў пошукі беларускіх кампазітараў у плане адлюстравання замежнай тэматыкі, стаў мюзікл «Джулія» У. Кандрусевіча па матывах рамана С. Моэма «Тэатр» у пастаноўцы Б. Уторава (1991). «Джулія» стала адным з першых спектакляў, створаных беларускімі пастаноўшчыкамі спецыяльна «на акцёра», з улікам індывідуальнасці і таленту салісткі Н. Гайды.
На сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Б. Утораў паставіў таксама першы бясспрэчна ўдалы мюзікл эксперыментальнага характару гэтага сцэнічнага калектыву «Мост мары» В. Лебедзева (1977). Кампазітар лічыў мінскі спектакль лепшым сярод існуючых увасабленняў свайго твора. У рэпертуарнай афішы тэатра былі такія пастаноўкі рэжысёра, як «Вольны вецер» І. Дунаеўскага (1986), «Пэпі» У. Дашкевіча (1987), «Бяда ад пяшчотнага сэрца» А. Шарамецьева (1988), «Шклянка вады» У. Кандрусевіча (1994), «Дарагая Памэла» М. Самойлава (1998).
У Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы ў 1979 г. Б. Утораў ажыццявіў пастаноўку спектакля «Ажаніцца – не журыцца» на аснове беларускіх вадэвіляў «Міхалка» Далецкіх і «Мікітаў лапаць» М. Чарота. Акцёрам Купалаўскага тэатра заўсёды быў блізкі жанр камедыі. І на гэты раз яны з асалодай акунуліся ў плынь народнага гумару, жартаў, імправізацыі. Рэжысёр вынаходліва аб'яднаў два розныя творы жывапіснымі масавымі сцэнамі народнага свята. У віхуры музыкі і танцаў віраваў у пачатку спектакля вясёлы кірмаш, настройваючы гледача на радасны, імклівы рытм яркага тэатральнага відовішча. Спектакль яшчэ раз засведчыў плён звароту тэатра да нацыянальнай драматургічнай спадчыны. У Купалаўскім тэатры ў 1982 г. Б. Утораў паставіў спектакль «Успаміны» А. Арбузава, пабудаваны на камерных, сямейна-бытавых канфліктах. Рэжысёрская індывідуальнасць Б. Уторава яскрава праявілася ў вынаходлівым раскрыцці камедыйных і лірычных сітуацый у спектаклі «Валенсіянскія вар'яты» Лопэ дэ Вегі (1983). Рамантычная ўзнёсласць пачуццяў персанажаў п'есы патрабавала ад акцёраў асаблівай манеры сцэнічных паводзін, здольнасці лёгка і артыстычна існаваць у спектаклі «плашча і шпагі». Усе выканаўцы, ад галоўных герояў да ўдзельнікаў масавых сцэн, дакладна адчулі жанр спектакля, арганічна засвоілі драматургічны матэрыял, узбагацілі яго імправізацыйнымі знаходкамі і акцёрскай фантазіяй. Спектакль вырашаны Б. Уторавым у жанры музычнай камедыі і прываблівае сваёй маляўнічасцю, пластычнасцю мізансцэн.
У Беларускім дзяржаўным тэатры імя Я. Коласа рэжысёр паставіў спектаклі «Гора баяцца – шчасця не ўбачыць» С. Маршака (1962), «Цыліндр» Э. дэ Філіпа (1991). У Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча (г. Бабруйск) і Гродзенскім абласным драматычным тэатры Б. Утораў паставіў спектакль «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча (адпаведна ў 1978 г. і 1987 г.); у Тэатры-студыі кінаакцёра – «Жаніцьба Бальзамінава» А. Астроўскага (1984), «Хто баіцца Рэя Брэдберы» У. Максімава (1991); у Нацыянальным акадэмічным тэатры оперы – «Трубадур» Дж. Вердзі (2001).
Творчасць рэжысёра вызначалася арганічнасцю, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў пры пастаноўцы спектакляў і ў стварэнні вонкавага малюнка ролі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.