Біяграфічных звестак пра беларускага паэта і перакладчыка XVI–пачатку XVII стст. Яна Пратасовіча, на жаль, няшмат. Вядома, што нарадзіўся ён на Піншчыне ў в. Магільна (зараз у межах г. Іванава, Брэсцкая вобласць) у сям’і служылага шляхціча Вялікага Княства Літоўскага Бенядзікта Васілевіча Пратасовіча. Ян быў адукаваным чалавекам: ведаў латынь, грэчаскую і заходнееўрапейскія мовы, быў перакананым прапагандыстам гуманістычных ідэй Адраджэння. На Піншчыне, пэўна, меў невялікі маёнтак, аднак сродкаў на жыццё атрымліваў мала. У 1570–1580-я гг. яго імя часта сустракалася ў актах віленскага гарадскога суда, дзе ён займаў пасаду суддзі. З другой паловы 1580-х гг. верагодна займаўся літаратурнай дзейнасцю ў сваім маёнтку, часам наведваў Вільню.
Літаратурную творчасць паэт пачаў з невялікай кніжкі “Паранімфус” (1595, Вільня), прысвечанай уступленню ў шлюб браслаўскага старасты Я. Скуміна-Тышкевіча. З гэтага невялікага лірычнага твора відаць, што аўтар добра ведаў Біблію, творы Гамера, Сафокла, Герадота, старажытнагрэчаскую міфалогію. Вельмі плённым быў для Я. Пратасовіча 1597 г., калі з друку выйшлі адразу 4 яго кніжкі: “Эпіцэдыум”, “Контэрфет чалавека старога”, “Узор сумленнай белагаловай” і “Ялмужнік” (“Чалавек, які раздае міласціну”). Творам быў уласцівы гуманізм, павучальнасць, услаўленне высакародных чалавечых якасцяў і ўчынкаў. Паэт у вершах выказваў свае погляды на існуючыя парадкі і па-свойму выкрываў няроўнасць людзей у тагачасным грамадстве.
Над сваім апошнім творам “Інвенторэс рэрум або Кароткае апісанне, хто што вынайшаў і да ўжытку людзям даў” (1608, Вільня) Я. Пратасовіч натхнёна i карпатліва працаваў некалькі гадоў. Скараціўшы i перапрацаваўшы папулярны ў той час твор Вергілія Палідора Урбінскага, паэт пераклаў яго вершамі з італьянскай мовы і дадаў свае каментарыі часам сатырычнага характару са спасылкамі на мясцовую рэчаіснасць. У творы ён выступіў як палымяны мараліст, перакананы вораг усяго злога, розных чалавечых заган (п’янства, распусты, напышлівасці), асудзіў падаткі i паборы. У яго атрымаўся, па сутнасці, новы, арыгінальны твор, своеасаблівая энцыклапедыя ведаў, якая складалася са 147 артыкулаў. У кнізе ў алфавітным парадку былі пералічаны імёны 180 біблейскіх, міфалагічных і гістарычных асоб з апісаннем іх вынаходніцтваў (паперы, пораху, шкла, календара, вырывання зубоў, разгадвання сноў і шмат іншага). Пісаў Я. Пратасовіч таксама і эпіграмы, якія змяшчаў на адвароце тытульных аркушаў сваіх кніг.
Творчасць паэта, філосафа і энцыклапедыста Я. Пратасовіча сведчыць пра тое, што беларуская паэзія ў канцы XVI – пачатку XVII стст. перажывала значныя змены ў сваіх жанрах і тэматыцы. Героіка-эпічныя творы змяняліся сямейна-рытуальнымі і маральна-дыдактычнымі відамі паэзіі, прысвечанымі падзеям штодзённага жыцця чалавека, праблемам маральнага ўдасканалення і пазнання Сусвету.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.