Тамара Аляксееўна Абакумоўская нарадзілася ў с. Бутава Ленінскага раёна Маскоўскай вобласці, цяпер у межах Масквы. У 1955 г. скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працоўную дзейнасць пачала ў пружанскай раённай газеце «Чырвоны сцяг». З 1957 па 1967 гг. працавала ў рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё (з 1964 г. – галоўным рэдактарам). Яе лепшыя аўтарскія перадачы запісаны ў залаты фонд радыё. У 1967–1970 гг. яна займала пасаду загадчыка літаратурнай часткі Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы, потым працавала ўласным карэспандэнтам шырока вядомай ва ўсім СССР газеты «Советская культура». Затым адной з першых была залічана ў штат газеты «Рэспубліка», створанай у 1991 г. На старонках гэтага выдання яе імя і публікацыі гучалі больш дзесяці гадоў.
У сваіх артыкулах Т. Абакумоўская адклікалася на шматлікія праблемы, якія хвалявалі тэатральную грамадскасць, асвятляла дзейнасць сцэнічных калектываў, творчасць рэжысёраў, акцёраў, здабыткі і страты фестываляў. У сферы прафесійнай увагі аўтара – розныя галіны культурнай дзейнасці: музыка, кіно, выяўленчае мастацтва, літаратура. Шэраг артыкулаў Т. Абакумоўскай прысвечаны дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, яе гісторыі і сучаснаму стану. Публікацыі з'яўляюцца праўдзівым, шматгранным летапісам культурнага жыцця свайго часу, з якога чытач даведваўся пра асноўныя, найбольш актуальныя падзеі культуры і мастацтва, што адбываліся ў краіне.
У Беларускім акадэмічным тэатры імя Я. Купалы паводле яе інсцэніровак пастаўлены спектаклі «Людзі на балоце» (1966, сумесна з З. Браварскай) і «Мінскі напрамак» (1968) паводле І. Мележа, «Рудабельская рэспубліка» паводле С. Грахоўскага (1968). У Беларускім драматычным тэатры імя Я. Коласа яна сумесна з Б. Луцэнкам ажыццявіла інсцэніроўку твора «Гісторыя граху» паводле С. Жаромскага (1973).
Тамара Абакумоўская з'яўляецца аўтарам больш за 30 інсцэніровак беларускіх твораў для радыё: «Людзі на балоце» І. Мележа (1966), «Расці, Ганька» А. Васілевіч (1973–1974), «Суд у Слабадзе», «Неруш» (абедзве 1983 г.) і «Хроніка дзетдомаўскага сада» (1989) В. Казько, «Нельга забыць» У. Караткевіча (1986), «Апошні журавель» А. Жука (1984), «Мост» І. Шамякіна (1990), сцэнарыяў дакументальных фільмаў. Ёю створана радыёп'еса «Чарняхоўскі» (1989).
Тамара Абакумоўская пайшла з жыцця напярэдадні правядзення чарговага фестывалю мастацтваў «Музы Нясвіжа», створанага знакамітым М. Фінбергам. Імідж гэтаму музычнаму святу надаваў талент Т. Абакумоўскай, якая пісала аб ім лёгка і натхнёна, добра ведаючы мову і асаблівасці музычнага мастацтва і тое, што звязвае яго мінулае і сучаснасць, знаходзячы водгукі ў чалавечай душы.
20 гадоў таму менавіта газета «Рэспубліка», тады яшчэ толькі створаная, першай прапанавала падтрымку будучаму славутаму аркестру пад кіраўніцтвам М. Фінберга. Мэта супрацоўніцтва – садзейнічанне справе адраджэння і развіцця нацыянальнай культуры, беларускай музыкі і песні. Адбылося гэта па ініцыятыве Т. Абакумоўскай. У 1992 г. Нацыянальны канцэртны аркестр і газета «Рэспубліка» падпісалі афіцыйную дамоўленасць пра творчую садружнасць у справе развіцця нацыянальнага музычнага мастацтва, якая дзейнічае і сёння.
У беларускай журналістыцы імя Т. Абакумоўскай гучала больш за паўстагоддзя. Яна была вельмі патрабавальным журналістам, са сваім пунктам гледжання, бездакорным знаўцам сваёй прафесіі. Стыль яе артыкулаў вызначаўся глыбінёй і выразнасцю думкі, шырынёй кругагляду. Змест меў ярка выяўленую форму зацікаўленага дыялога з чытачом, у якім аўтар імкнулася данесці свае меркаванні як мага больш аб'ектыўна, дакладна, са спавядальнай шчырасцю, каб знайсці водгук у сэрцах сучаснікаў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.