Мая Іванаўна Гарэцкая нарадзілася ў г. Вінніца (Украіна). Пасля заканчэння ў 1963 г. факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава 36 гадоў (з 1963 па 1999 гг.) працавала ў літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання. Высокапрафесійны журналіст, які па доўгу службы і ўласным жаданні пасля спектакля ішоў за кулісы, у акцёрскія грымёрныя, наведваў дома, праводзіў час у шматлікіх гутарках са сваім героям, пераварочваў горы фотаздымкаў, перачытваў рэцэнзіі, распытваў, даведваўся, ехаў разам з ім на гастролі ці ў родны кут. І толькі пасля гэтага выдаваў у эфір перадачу.
Шмат гадоў на тэлеэкране ішлі такія цыклы перадач М. Гарэцкай, як «Табе, Беларусь!» (1963–1969, пра рэспубліканскія тэатральныя конкурсы), «Будзьце знаёмы» (1963–1969, пра дэбют на тэлеэкране Г. Гарбука, А. Мілаванава, А. Дударава), «На парозе жыцця» (1968–1977, пра выпускнікоў Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута). Вялікі поспех мелі цыклы перадач «Акцёры і ролі», «Майстры мастацтва», «Творчыя партрэты», «Арт-клуб», «Бенефісы», прысвечаныя творчасці беларускіх майстроў сцэны і драматургаў Г. Абуховіч, С. Бірылы, З. Браварскай, А. Гайдуліс, Г. Глебава, К. Губарэвіча, Л. Давідовіч, М. Захарэвіч, П. Кармуніна, Р. Кашэльнікавай, В. Клебановіч, А. Клімавай, Л. Корхавай, А. Ляляўскага, Г. Макаравай, Б. Платонава, В. Раеўскага, Р. Янкоўскага і шмат іншых вядомых тэатральных дзеячаў. Мая Гарэцкая аўтар і вядучая цыклаў «Тэатральная гасціная» (1970–1988), «У святле рампы» (1972–1986), «Сцэна і жыццё», «Дні і вечары тэатраў» (1995–1999), якія адзначаліся глыбінёй і грунтоўнасцю, аб'ядноўвалі розныя жанры, былі насычаны цікавым матэрыялам. Па-за ўвагай М. Гарэцкай не заставалася ніводная колькі-небудзь прыметная з'ява тэатральнага жыцця краіны. Шмат гадоў яна заставалася за кадрам, працуючы як рэдактар, але потым усё часцей пачала сумяшчаць у адной асобе аўтара, вядучую і рэдактара перадачы. Браць на сябе больш, чым належыць проста рэдактару, М. Гарэцкую прымушала шчырае захапленне тэатрам. Журналісцкі вопыт дазваляў ёй з поспехам рабіць праграмы пра палескія рэкі, паляўнічыя гаспадаркі, праблемы Белавежскай пушчы, пра творчасць інвалідаў і многае іншае. Але з найбольшай паўнатой яна выявіла сябе ў таямнічай і цудоўнай сферы тэатральнага свету.
Мая Гарэцкая выступала і ў перыядычным друку з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі пра дзеячаў беларускага тэатра. Назапашаны матэрыял патрабаваў свайго асэнсавання. Эфіру для гэтага відавочна не хапала, узнікла неабходнасць друкавацца ў газетах і часопісах, дзе акрамя інфармацыйнасці патрабуецца і праблемнасць. Спалучэнне біяграфічных звестак з аналізам творчых пошукаў у працэсе стварэння сцэнічных вобразаў дае магчымасць глыбей зразумець сувязь тэатра з жыццём, сацыяльна-эстэтычную накіраванасць мастацтва ў розныя перыяды яго развіцця, пазнаёміцца з гісторыяй беларускага сцэнічнага мастацтва праз жывую, канкрэтную дзейнасць артыстаў, якія гэту гісторыю стваралі.
Мая Гарэцкая з'яўляецца таксама аўтарам нарысаў пра А. Клімаву, П. Пекура, С. Хацкевіча, апублікаваных у зборніках «Майстры беларускай сцэны», што выдаваліся Беларускім тэатральным аб'яднаннем і знаёмілі шырокае кола аматараў і спецыялістаў тэатра з творчасцю найбольш вядомых акцёраў, рэжысёраў, балетмайстраў і іншых дзеячаў нацыянальнага мастацтва, якія ўнеслі значны ўклад у беларускую культуру. Нарысы раскрывалі асаблівасці індывідуальнасці артыстаў, іх творчую і грамадзянскую асаблівасць на шырокім фоне тэатральных працэсаў свайго часу. Увесь свой журналісцкі і рэпарцёрскі талент М. Гарэцкая накіроўвала на падтрымку і папулярызацыю беларускага тэатральнага мастацтва і рабіла гэта з любоўю, шчырасцю і апантанасцю. І сёння Мая Іванаўна поўная творчых планаў, яна супрацоўнічае з часопісамі «Нёман» і «Гаспадыня», яе нарысы аб людзях, адданых сваёй прафесіі ці пакінуўшых значны след у гісторыі краіны, напісаны таленавіта і ярка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.