Галіна Аляксандраўна Каралькова нарадзілася ў Віцебску. Пасля заканчэння студыі Беларускага тэатра імя Я. Коласа (1963) актрыса працавала ў гэтым калектыве (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). Ёю ствараны шэраг вобразаў маладых гераінь. Сярод найбольш удалых Соня ў спектаклі «Дачнікі» М. Горкага (1964). Спектакль знайшоў на сцэне тэатра дакладнае мастацкае прачытанне. Персанажам былі ўласцівы дэталёвая распрацоўка, ёмістасць, псіхалагізм. У казачнай пастаноўцы «Пунсовая кветачка» І. Карнавухавай і Л. Браўсевіча паводле С. Аксакава (1964) Г. Каралькова выканала ролю галоўнай гераіні Алёнушкі. У спектаклі «Чатыры крыжы на сонцы» А. Дзялендзіка (1965) зроблена спроба па-мастацку асэнсаваць некаторыя аспекты маральна-этычнай праблематыкі. У ім Г. Каралькова сыграла Інгу, стварыўшы вобраз маладой дзяўчыны, якая здолела праз каханне пераадолець смерць. Паспяховым быў зварот тэатра да п'есы «Кароль Лір» У. Шэкспіра (1965). Галіна Каралькова пераканаўча выканала ролю Кардэліі.
Важным было ўключэнне ў рэпертуар тэатра п'есы «Каханне не жарты» П. Кальдэрона (1966), якая мае заблытаную інтрыгу з каханнем і рэўнасцю, смяротнымі паядынкамі і, зразумела, шчаслівым фіналам. Пастаноўка дасціпных класічных камедый, што патрабуюць ад акцёраў адпаведных прафесійных навыкаў, мела важнае вучэбна-выхаваўчае значэнне для ўсяго калектыву, асабліва для творчай моладзі. Галіна Каралькова стварыла вобраз грацыёзнай, парывістай прыгажуні донны Элеаноры, якая кахае адкрыта і самааддана. Пастаноўка ўражвала жыццярадаснасцю, яркасцю фарбаў, святочнай тэатральнасцю.
Прыхільна была сустрэта гледачом камедыя «Дурнічка» Лопэ дэ Вегі (1968). Яна ўспрымалася па-сучаснаму, таму што апавядала аб вечна жывой сіле кахання, якое здольнае адкрыць у звычайных людзях іх лепшыя чалавечыя якасці. Галіна Каралькова сыграла разумную і прыгожую дачку мадрыдскага двараніна Нісу. Бясспрэчна паспяховым атрымаўся спектакль «Парог» паводле А. Дударава (1982). Пастаноўка мела цікавую тэатральную форму, распрацаваную псіхалогію сцэнічных характараў. Спектакль, насычаны сапраўдным драматызмам, хваляваў, наводзіў на роздум. Чалавечую драму, шчырасць і глыбіню перажыванняў раскрыла Г. Каралькова ў ролі Ніны.
Пераканаўча выконвала актрыса вострахарактарныя ролі. Запомніліся гледачам Баяркіна («Ах, які пасаж!» У. Салагуба, П. Фёдарава), Маргоша («Маленькія радасці жывых» А. Паповай), Вівіян («Будзьце здаровы!» П. Шэно), Беціна («Цыліндр» Э. дэ Філіпа), Фёкла Іванаўна («Жаніцьба» М. Гогаля), Наталі («Любоў па перапісцы» Л. Вашко). З псіхалагічнай глыбінёй у спасціжэнні характараў стварыла Г. Каралькова вобразы жанчын са складаным драматычным лёсам. Гэта Галіна Паўлаўна («Блытаныя сцежкі» К. Крапівы), Вара («Вішнёвы сад» А. Чэхава), Элеанора («Танга» С. Мрожака) і інш.
Галіна Каралькова з'яўлялася выканаўцай лірыка-драматычных і характарных роляў. Яе мастацтва вызначалі яскравасць, глыбіня і дакладнасць распрацоўкі характараў, эмацыянальнасць.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.