Значны ўклад у развіццё нацыянальнага тэатральнага мастацтва ўнёс рэжысёр і педагог Рыд Сяргеевіч Таліпаў. Дзякуючы яму на сцэнах беларускіх тэатраў адбыліся шматлікія творчыя эксперыменты, якія сталі вядомымі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Нарадзіўся будучы рэжысёр у в. Усманава Старабалтачоўскага раёна (Башкортастан). Вучыўся ў Тэатральным вучылішчы імя Б. Шчукіна (1980‒1982), скончыў Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве (1986). У 1988‒1994 гг. арганізаваў і ўзначальваў Мінскі тэатр-студыю. Дзякуючы яму быў вызначаны аўтарскі рэпертуар, атрымала развіццё сцэнаграфічная і музычная часткі. З 2000 г. таксама працаваў дацэнтам кафедры рэжысуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2009 г. прызначаны мастацкім кіраўніком Нацыянальнага тэатра імя Я. Коласа. Пастаноўкі рэжысёра вылучаліся выкарыстаннем незвычайных эстэтычных прыёмаў, амаль поўнай адсутнасцю ў дэкаратыўным афармленні побытавых рэчаў. Інтэлектуальна-псіхалагічны, эмацыянальна-пачуццёвы і духоўны канцэптуальныя ўзроўні мастацкай праграмы Р. Таліпава надавалі спектаклям сэнсавую глыбіню і шчымлівую спавядальнасць, узбагачалі гледача новымі ўражаннямі, пачуццямі, уяўленнямі аб сэнсе быцця. У яго пастаноўках рэжысёрская думка спалучалася з агульнай атмасферай сцэнічнага дзеяння, дзе асноўнае месца належала акцёрскай ігры. Рыд Таліпаў упершыню ў Беларусі ўвёў у тэатральную практыку паняцце аўтарскай рэжысуры, якая арганічна аб’ядноўвае сцэнічнае дзейства, пачуцці акцёраў і ўспрыманне гледачом. Яго пастаноўкі, у большасці з якіх Р. Таліпаў з’яўляўся аўтарам мастацкага і музычнага афармлення, вызначаліся спалучэннем трагічнага і камічнага, гульнёй святла, вытанчанай колеравай гамай, стылістычна багатымі і прасторава-ёмістымі мізансцэнамі, што стварала арыгінальную, непаўторную тэатральную вобразнасць. Рэжысёр паставіў спектаклі ў большасці абласных тэатраў Беларусі, і кожны стаў значнай падзеяй у тэатральным жыцці краіны. У Мінскім тэатры-студыі мелі поспех спектаклі «Стрыптыз» С. Мрожака (1988), «Картатэка» Т. Ружэвіча і «Яма» паводле А. Купрына (1989), «Кантрабас» П. Зюскінда (1992). У пастаноўках класічных твораў «Месяц у вёсцы» І. Тургенева (1996; Гран-пры на Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа ‒ 96»), «Чайка» і «Іванаў» А. Чэхава (2001) уздымаў актуальныя тэмы, акцэнтаваў увагу на адвечных агульначалавечых каштоўнасцях, маральнасці і высакароднасці. У Нацыянальным тэатры імя Я. Коласа Р. Таліпавым пастаўлены спектаклі «Кацярына Іванаўна» Л. Андрэева (2001), «Васа» М. Горкага (2007), «Мудрацы...» А. Астроўскага і «Квартэт» Р. Харвуда (2010). З дапамогай інтуіцыі, развітога густу, тонкага адчування акцёрскай ігры Р. Таліпаў ствараў на сцэне сапраўдны ансамбль, дзе ўзаемаадносіны паміж героямі выяўляліся на складаным, падтэкставым узроўні. З іншых пастановак вядомасць атрымалі «Саламея і яе амараты» (1998) і «Стомлены д’ябал» (1999; Гран-пры на Міжнародным тэатральным фестывалі «Белая вежа ‒ 99») С. Кавалёва, «Таццяна» Н. Птушкінай (2000), «Восеньскі блюз» Г. Марчука (2001).
Рэжысёр ставіў спектаклі не толькі ў Беларусі, але і ў Аўстрыі, Польшчы і іншых краінах. У 2003 г. ён атрымаў прыз «За лепшую рэжысуру» на Міжнародным фестывалі «Славянскія тэатральныя сустрэчы» за спектакль «Кацярына Іванаўна». Пра Р. Таліпава зняты дакументальны фільм «Нюанс» (1993). У 2001 г. рэжысёр узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.