Адным з вядучых майстроў сцэны Брэсцкага абласнога тэатра лялек з'яўляецца Тамара Анатольеўна Тэвасян.
Нарадзілася будучая артыстка ў 1952 г. у Мінску. Захапленне тэатрам пачалося яшчэ з дзяцінства і пераплялося з сур'ёзнымі заняткамі – танцамі, фігурным катаннем і іншымі відамі спорту. Са школы марыла стаць драматычнай актрысай. Дзяўчына вырашыла паступаць у Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут, але ў той год ішоў набор гераінь высокіх, прадстаўнічых. Ёй прапанавалі звярнуцца ў Тэатр юнага гледача Беларусі (цяпер Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача), але лёс склаўся па-іншаму. З 1969 г. Т. Тэвасян стала артысткай Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек (цяпер Дзяржаўны тэатр лялек Беларусі). Працу ў тэатры сумяшчала з вучобай на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыла завочна ў 1977 г. Вучылася на факультэце тэатра лялек Ленінградскага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі, скончыўшы які ў 1993 г. вярнулася ў Брэсцкі абласны тэатр лялек, дзе працавала з 1975 г.
Першыя крокі Т. Тэвасян у прафесію пачаліся з маленькіх роляў. Адной з першых работ стала роля Дзяўчынкі ў спектаклі “Скажы сваё імя, салдат” паводле А. Вярцінскага. Пасля яе актрыса адчула, што можа рабіць нешта адметнае, глыбокае, а не толькі іграць вавёрачак і зайчыкаў. У спектаклі “Тры казкі папугая” іграла добрую Фею-чараўніцу, якая расказвае дзецям казкі. Адначасова актрысе давялося іграць усіх персанажаў – 14 роляў. Даволі цяжка фізічна, але задавальненне ад працы, усведамленне таго, што гэта нечаканая, новая плынь у лялечнай драматургіі, пераважыла ўсе цяжкасці. У спектаклі “Зязюлька” па п'есе У. Граўцова сыграла амаль усе жаночыя ролі: Маці, Дачку, Сястру, Смерць. Ролі – ад лірычных гераінь да вострахарактарных казачных істот – адметныя яркай моўнай вобразнасцю, якая спалучаецца з пластычным малюнкам персанажа. Сярод іх, сыграных актрысай на сцэне Брэсцкага абласнога тэатра лялек, такія, як кошка Лаўра “Лавіце імгненне ўдачы” К. Рыжова, Каралева “Беласнежка і сем гномаў” А. Табакова і Л. Усцінава, графіня Вішня “Чыпаліна” паводле Дж. Радары, Алена Прыгожая “Іван-царэвіч і Шэры воўк” А. Бычкова, Анёл “Рыгорка – Ясная зорка” А. Вярцінскага і інш. Тэатр для Т. Тэвасян не толькі шырмавыя спектаклі – гэта цэлае мора незвычайных форм. Кожнае яе з'яўленне на сцэне – маленькая, яркая і радасная падзея. Нават нязначны персанаж ва ўвасабленні актрысы, з яе голасам і падачай, ператвараецца ў забаўляльны і прыцягальны вобраз. Артыстка са сваімі героямі пражывае, перажывае тое, што адбываецца. Ёй самой важна, каб у ролі быў своеасаблівы рост. Усе ролі – гэта адбітак яе самой, псіхалагізму, бачання свету, разумення дабрыні і іншых спрадвечных катэгорый. Па-за сцэнай актрыса застаецца ўсё такой жа лёгкай, чароўнай, прывабнай і абаяльнай.
Тамара Анатольеўна – асоба з прызнаным талентам, якой уласцівы яскравая вобразнасць на сцэне, уменне знаходзіць выключна трапныя і ўдалыя вырашэнні роляў, заставацца добрым, прыцягальным чалавекам. Артыстка неаднойчы адзначалася дыпломамі на міжнародных фестывалях тэатраў лялек. За значны ўклад у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва, высокае выканаўчае майстэрства ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. У 2008 г. Т.А. Тэвасян атрымала ганаровае званне “Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.