Прафесійную адукацыю Элеанора Антонаўна атрымала ў Мінскім дзяржаўным будаўнічым тэхнікуме (цяпер Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж) (1952) і архітэктурным аддзяленні Беларускага політэхнічнага інстытута (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, БНТУ) (1959). На працягу 1952–1992 гг. працавала ў інстытутах «Белдзяржпраект» і «Белпрампраект».У 1963 г. была прынята ў Беларускі саюз архітэктараў. У 1992 г. Элеанора Антонаўна змяніла практычную дзейнасць на педагагічную – пачала выкладаць на кафедры горадабудаўніцтва архітэктурнага факультэта Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі (цяпер БНТУ).
За гады плённай працы Элеанорай Бацян у складзе аўтарскіх калектываў і самастойна была распрацавана вялікая колькасць аб'ектаў, сярод якіх Брэсцкі электралямпавы завод, завод па вытворчасці вырабаў з металічных парашкоў у Маладзечне, прамвузлы ў Брэсце, Асіповічах, Магілёве, Лідзе, Рэчыцы, Смаргоні. Па праектах архітэктара Э.А. Бацян былі пабудаваны аб’екты ў Мінску: завод буйнапанэльнага домабудавання, асфальтабетонны завод, вытворчая база «Мінскметрабуда» ў прамвузле «Шабаны», Мінская фабрыка каляровага друку, Інстытут парашковай металургіі, будынкі навукова-вытворчага аб'яднання «Цэнтр», прамысловыя прадпрыемствы ў раёне Слуцкай шашы.
Выдатная прафесійная дзейнасць архітэктара адзначана прэміяй Савета Міністраў СССР за праектаванне і будаўніцтва Усходняга прамвузла ў Брэсце (1977), брознавым медалём ВДНГ СССР (1964), медалём «Ветэран працы» (1984), ганаровай граматай Дзяржстрою СССР (1989), дыпломам Беларускага саюза архітэктараў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.