Дата рождения: 06.01.1938
Краткая справка: кінарэжысёр, акцёр, літаратар, сцэнарыст
Имена на других языках: Орлов Владимир Александрович (русский);
Уладзімір Аляксандравіч Арлоў дасягнуў высокага прафесійнага ўзроўню ў літаратурна-мастацкай творчасці. Ён нарадзіўся ў г. Баку ў сям’і служачых. У 1945 г. разам з бацькам, які ўзначаліў абласны камітэт Асаавіяхіма (цяпер ДТСААФ), пераехаў у Гродна, дзе адбылося яго першае сур’ёзнае знаёмства з кіно. У 1956 г. юнак выпадкова трапіў на здымачную пляцоўку фільма «Міколка-паравоз» да знакамітага беларускага рэжысёра Л. Голуба, які запрасіў яго папрацаваць сваім памочнікам па масоўцы. Потым зняўся ў фільме У. Корш-Сабліна «Чырвонае лісце» (1958), пазней у яго кінадылогіі «Першыя выпрабаванні» (1960–1961). У 1958 г. У. Арлоў паступіў на рэжысёрскае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Яго выкладчыкамі былі А. Яфрэмаў (вядомы маскоўскі педагог-рэжысёр) і беларускія майстры сцэны А. Шкапскі, В. Галіна, К. Саннікаў, В. Рэдліх і інш. У 1963 г. У. Арлоў скончыў інстытут. На сцэне Тэатра юнага гледача паставіў два дыпломныя спектаклі «Дзе ты, Святлана?» Т. Ян (1962) і «Чырвоная шапачка» Я. Шварца (1963). У гэты ж час зняў дакументальны фільм «Песня вяла і грэла...».
Пасля заканчэння вучобы прыйшоў працаваць у творчае аб’яднанне «Тэлефільм» пры Дзяржтэлерадыё БССР, дзе за 40 гадоў стварыў больш за 100 розных па жанры фільмаў – мастацкіх, дакументальных, музычных; паставіў некалькі спектакляў і канцэртных праграм. Некаторыя з іх увайшлі ў залаты фонд Белтэлерадыёкампаніі. Сярод ігравых кінастужак рэжысёра – «Вясёлы цягнік» (1965), «Лёгкі хлеб» (1986), «Хэпі-энд» (1991). У 1998 г. У. Арловым была завершана праца над шматсерыйным тэлевізійным мастацкім фільмам «Пракляты ўтульны дом». У гэтай гістарычнай меладраме, створанай па матывах аповесці польскага пісьменніка С. Жаромскага, былі заняты вядомыя артысты Д. Баніёніс, В. Тарасаў, Р. Янкоўскі і інш. Дзякуючы рэжысёрскаму і акцёрскаму майстэрству, фільм дасягнуў высокага мастацкага гучання, аб ім станоўча адзываліся прафесійныя крытыкі. Асобнай старонкай дзейнасці У. Арлова сталі фільмы-партрэты. Прынцып у пошуку і адборы герояў да іх, стварэнні сюжэтаў, заключаўся ў тым, каб паказаць жыццё і дзейнасць людзей творчых, неардынарных, адлюстраваць іх сувязь з навакольным светам. Рэжысёр зняў кінастужкі пра Г. Цітовіча, Э. Рознера, Л. Уцёсава, Я. Глебава, М. Дрынеўскага, А. Моніча, В. Вуячыча, А. Саланіцына, А. Макаёнка, У. Караткевіча, У. Кавалёнка, У. Мулявіна, М. Фінберга, Ю. Нікуліна, М. Казакова, А. Яфрэмава, Р. Янкоўскага, В. Тарасава, Н. Грын і інш. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх дакументальных фільмаў: «Астатнія семнаццаць» і «Чарадзеі з Нёмана» (1966), «Докшыцкі каравай» (1972), «Эстафета», «Хроніка сутак. Субота» і «Над Нёманам» (1977), «Кантрольны варыянт – Вілія» (1983), «Тры ў галоўнай ролі» і «Я ад бацькі не адракуся» (1988), «Мара» і «126 слоў» (1992), «Паміж зоркай і свечкай» (1997), «Тэатральная правінцыя» (2001), «Каля Чырвонага Касцёла» (2006), «Стагоддзе з бясконцым працягам» (2009), «Малітва за Беларусь» (2010), «Пейзаж на досвітку» (2012), «Пясняр. Сэрцам і думамі» (2018) і інш. Сярод музычных фільмаў рэжысёра – «Мелодыі беларускага кіно» (1964), «Канцэртная праграма» і «Чаму ж мне не пець» (1968), «Песняры» (1971), «Верасы» (1977), «І песня ўзлятае сама...» (1982), «Жаваранкі, прыляціце» (1984), «Варыяцыі на балетныя тэмы» (1986), «Свята» (1988), «Хор» (1993) і інш. Уладзімір Арлоў праявіў сябе і як таленавіты паэт. Тэксты яго песень гучаць у кінафільмах «Каханая», «Была вайна», у музычных рэвю «Разам з песняй Леаніда Уцёсава», «Брава, Дзюк Элінгтон!», «Вядомы і невядомы Дунаеўскі». Свой рэжысёрскі вопыт У. Арлоў рэалізаваў не толькі ў кіно. Яго талент на поўную моц раскрыўся ў тэатральных і тэлевізійных пастаноўках. Сярод іх – «Паядынак» (1985), «Камедыянт» (1987), «Запіскі Самсона Самасуя» (1990–1991) і інш. У 2005 г. майстэрства У. Арлова як сцэнарыста праявілася ў спектаклі «Выпадковы вальс», які быў пастаўлены ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага ў Мінску (разам з беларускім рэжысёрам Б. Луцэнкам). Некалькі гадоў (1968–1974) ён працаваў у Беларускім дзяржаўным цырку, дзе здзейсніў пастаноўкі «Квітней, родная Беларусь!», «Несцерка спяшаецца за елкай», «З рога – усяго многа!» і інш. Гісторыі цыркавога мастацтва прысвечана яго работа «Искусство смелых, сильных, ловких» (1976). У 2002 г. рэжысёр выдаў кнігі «Закадровые истории фильма «Вся королевская рать» глазами одного из его создателей» і «Магія белага экрана». Ён з’яўляецца таксама аўтарам кнігі «Их портрет с обреченным императором» (2005), гістарычных дэтэктываў «Пересечения в пространстве и во времени» і «Ускользающие сюжеты» (2013), успамінаў «Магия многоцветного экрана, или За кадром, за кулисами с друзьями и актрисами» (2015). У 2016 г. была апублікавана аповесць У. Арлова «Он смеялся последним. Фантазии на тему документов». У гэтым жа годзе (таксама ў 2015) у выдавецтве «Харвест» у серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» выйшлі яго кнігі, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Б. Райскага, А. Мрыя, В. Рубінчыка, С. Грахоўскага, Я. Глебава, У. Корш-Сабліна, Г. Цітовіча, У. Караткевіча і інш. У канцы 2017 г. у эфіры канала «Беларусь 3» стартаваў першы выпуск аўтарскага праекта У. Арлова «Люблю і памятаю», дзе рэжысёр выступае ў ролі вядучага. Ён расказвае не толькі пра творчы шлях вядомых дзеячаў Беларусі, але і дапамагае гледачам паглыбіцца ў эпоху, у якой яны жылі.
6 студзеня 2018 г. кінарэжысёр, сцэнарыст, пісьменнік і тэлевядучы У. Арлоў адзначаў 80-гадовы юбілей. У сувязи з гэтай падзеяй тэлеканал «Беларусь 3» прадставіў у эфіры тэматычную праграму «Майстры і куміры» з яго ўдзелам, дзе былі паказаны фрагменты кінастужак рэжысёра. З тэлеэкрана У. Арлоў расказваў, як праходзілі здымкі фільмаў, пра сваю першую самастойную працу і пра тое, які вопыт вынес са знаёмства з легендамі беларускага і савецкага кіно. 20 студзеня 2018 г. канал «Беларусь 3» распачаў рэтраспектыўны паказ буйных прац У. Арлова.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.