Абрам Рыгоравіч Духан нарадзіўся 6 сакавіка 1924 г. у Мінску ў сям’і медыцынскіх работнікаў. Яшчэ школьнікам ён праяўляў цікавасць да спецыяльнасці архітэктара, ведаў імёны многіх дойлідаў, якія плённа працавалі ў Мінску. У 1937 г. у сталіцы была арганізавана студыя выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам мастака С.П. Каткова. Адным з першых яе студыйцаў стаў А.Р. Духан.
У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны яго сям’я была эвакуіравана ў г. Фрунзэ. У гэтым горадзе Абрам закончыў сярэднюю школу. У 1943 г. паступіў у Харкаўскі інжынерна-будаўнічы інстытут, які таксама знаходзіўся тут у эвакуацыі. У 1944 г. яго перавялі ў Маскоўскі архітэктурны інстытут, пасля паспяховага заканчэння якога ў 1949 г. ён вярнуўся ў Мінск.
Сваю творчую дзейнасць малады архітэктар пачаў у сценах праектнага інстытута “Белдзяржпраект” у майстэрні Г.У. Заборскага, дзе яго дэбютнай работай стаў пяціпавярховы адміністрацыйна-жылы дом Дзяржаўнага камітэта прамысловых і харчовых рэзерваў пры Савеце Міністраў БССР у Мінску. Праект быў падрыхтаваны ў 1949 г., будаўніцтва пачалося ў 1950 г. і закончана ў 1951 г. Спецыялісты лічаць узведзены дом правобразам сучаснага шматфункцыянальнага будынка. У ім сумяшчаюцца дзве розныя тыпалагічныя функцыі – жылля і грамадскага будынка, апрача таго, запраектаваны памяшканні бытавога прызначэння. У гэтай самастойнай рабоце А.Р. Духана праявіўся індывідуальны почырк будучага майстра, яго схільнасць да манументальных, ураўнаважаных аб’ёмна-прасторавых кампазіцый, уменне прывесці маштаб аб’екта ў адпаведнасць з навакольным архітэктурным асяроддзем.
З 1949 па 1954 г. А.Р. Духан прымаў актыўны ўдзел у праектаванні будынка Мінскага галоўпаштамта, аўтарам якога з’яўляўся архітэктар У.А. Кароль. У творчым тандэме дойліды паспяхова спраектавалі ў 1955 г. будынак Цэнтральнага тэлеграфа ў Мінску.
Пачатах 1950-х гг. стаў для майстра найбольш пладатворным. Разам з іншымі беларускімі архітэктарамі ён распрацоўваў новы тып грамадскіх будынкаў, прызначаных для абласных і раённых камітэтаў партыі. Менавіта праекты А.Р. Духана ў многім вызначылі як планіровачнае, так і вобразнае рашэнне галоўных адміністрацыйных будынкаў гарадоў і пасёлкаў краіны. Характар знешняга выгляду гэтых пабудоў быў заснаваны на выкарыстанні элементаў архітэктуры, запазычанай з класічнай спадчыны.
У 1957 г. А.Р. Духан пачаў работу над праектам галоўнага корпуса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Узведзены ў 1962 г. будынак арганічна ўпісаўся ў агульны ансамбль застройкі плошчы Леніна (сёння плошча Незалежнасці). Пачынаючы з гэтага аб’екта кіраўніцтва рэспублікі больш не звярталася да прафесійных паслуг спецыялістаў з Масквы і Ленінграда, што стала сведчаннем прызнання высокага майстэрства беларускіх дойлідаў.
Самай выдатнай работай А. Р. Духана, як па яе значэнні ў забудове Мінска, так і па месцы ў яго творчай спадчыне, стаў архітэктурны комплекс адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў на Паркавай магістралі (цяпер праспект Пераможцаў). Над праектам разам з ужо знакамітым майстрам працавалі маладыя архітэктары А.Я. Красоўскі і В.У. Кісель. Узвядзеннем комплекса з высотнымі будынкамі А.Р. Духан задаў не толькі своеасаблівы камертон для наступнай забудовы праспекта, але і новы маштаб цэнтральнай часткі беларускай сталіцы. Асноўны горадабудаўнічы прынцып, пакладзены ім у агульную вялікамаштабную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю архітэктурнага комплексу, – кантраснае супрацьпастаўленне высотных пласцінчатых аб’ёмаў з гарызантальнасцю стылабата. Для таго часу гэта было смелым рашэннем, прадыктаваным імкненнем як бы ўзняць, выцягнуць горад уверх, перавесці яго ў новае маштабнае вымярэнне.
Абрам Рыгоравіч Духан заслужана з’яўляецца адным з вядучых архітэктараў пасляваеннага часу. Будынкі, узведзеныя па яго праектах, занялі значнае месца ў архітэктурных ансамблях Мінска і іншых гарадоў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.