Чалавек неабсяжных ведаў, высокага прафесіяналізму, вялікай душы і творчага духу – менавіта такім запомнілі сябры, вучні і калегі выдатнага музыканта і таленавітага педагога Сцяпана Уладзіміравіча Сізко.
Будучы музыкант нарадзіўся 8 студзеня 1924 г. у Брэсце ў сям’і рабочага. З маленства спазнаў нястачу і нягоды. У маладосці цікавіўся медыцынай і марыў стаць урачом. Аднак, лёс склаўся інакш. Займацца музыкай пачаў яшчэ ў школьнай мастацкай самадзейнасці, а ў 1940 г., не перапыняючы заняткаў у сярэдняй агульнаадукацыйнай школе, паступіў у Брэсцкае музычнае вучылішча ў клас флейты да педагога Г. П. Гаўрылюка.
Вялікая Айчынная вайна абарвала ўсе пачынанні і надзеі здольнага юнака. У 1944 г. ён добраахвотнікам пайшоў на фронт, служыў у 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі. У 1945 г. быў пераведзены ў вучэбна-паказальны аркестр другога Беларускага фронту (пазней – Асобны ўзорны аркестр штаба Паўночнай групы войск). У складзе гэтага калектыву выступаў як саліст і першы флейтыст. Выконваў абавязкі асістэнта дырыжора аркестра і выкладаў музычна-тэарэтычныя дысцыпліны для аркестрантаў. За ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне С. У. Сізко ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені і 8 медалямі, сярод якіх: “За перамогу над Германіяй” (1945), “За вызваленне Варшавы” (1946), “За ўзяцце Кёнігсберга” (1946) і інш.
Пасля дэмабілізацыі з арміі вясной 1948 г. Сцяпан Уладзіміравіч працягнуў вучобу ў Брэсцкім музычным вучылішчы. Бліскуча скончыўшы яго, у гэтым жа годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў клас дацэнта В. В. Харытонава. Падчас вучобы малады флейтыст працаваў у аркестры Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета, а пасля яе заканчэння – у сімфанічным аркестры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Потым была аспірантура пры Ленінградскай дзяржаўнай кансерваторыі ў знакамітага прафесара па флейце Б. В. Тарызны і праца ў Новасібірскай кансерваторыі.
З верасня 1959 г. жыццё Сцяпана Уладзіміравіча звязана з Беларуссю. Ён вярнуўся ў Мінск і пачаў працу на кафедры духавых інструментаў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. У 1962 г. стварыў і ўзначаліў кафедру камернага ансамбля. На працягу многіх гадоў ён сумяшчаў кіраванне кафедрай з вядзеннем спецыяльнага класа флейты, чытаннем курса методыкі і сучаснай духавой музыкі. Выдатныя асабістыя якасці Сцяпана Уладзіміравіча паўплывалі на фаміраванне на кафедры добразычлівай атмасферы, якая спрыяла прафесійнаму росту выкладчыкаў і студэнтаў.
Выкладчыцкая праца Сцяпана Уладзіміравіча заўсёды спалучалася з выканальніцкай дзейнасцю. Ён стаў першым выканаўцам многіх флейтавых сачыненняў беларускіх кампазітараў, а ў шматлікіх выпадках – першаадкрывальнікам сучаснай камернай музыкі на Беларусі і па-за яе межамі. Яго выкананне было дасканалым, тонкім і стылістычна бездакорным. Ён шмат выступаў на розных канцэртных пляцоўках, удзельнічаў у праграмах радыё і тэлебачання. Сумесна з фірмай “Мелодыя” ім былі запісаны 2 грампласцінкі з творамі савецкіх і беларускіх кампазітараў, зроблены 5 фондавых запісаў на радыё.
У творчым багажы С. У. Сізко былі і навукова-даследчыя працы, сярод якіх “Канцэрт С. Раузава для флейты з аркестрам – вопыт даследвання”. Акрамя таго, яму належаць рэдакцыі санат для флейты І. С. Баха, Г. Ф. Гендэля, Бетховена, П. П. Падкавырава, О. Тактакішвілі і інш., а таксама пералажэнні для флейты скрыпічных санат В. А. Моцарта і віяланчэльных варыяцый Бетховена.
Неаднойчы майстар узначальваў журы рэспубліканскіх конкурсаў выканаўцаў на духавых інструментах. Сцяпан Уладзіміравіч любіў падарожнічаць, быў членам спартыўнага клуба кансерваторыі і ажыццявіў разам са студэнтамі некалькі паходаў па гарах Каўказа.
С. У. Сізко адыграў выдатную ролю ў станаўленні і развіцці камернай музыкі ў Беларусі. Педагог падрыхтаваў больш за 250 выпускнікоў, сярод якіх У. Буры, В. Ціхевіч, Г. Мацюкова, Ю. Гільдзюк, Ю. Корсак, А. Алоўнікаў, Э. Каліноўскі, В. Явар, І. Палітаева і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.