Імя Ігнація Урублеўскага – архітэктара, жывапісца, гравёра, скульптара-медальера, дызайнера мэблі, часопіснага графіка і рысавальшчыка – амаль невядома ў беларускім мастацтвазнаўстве.
Нарадзіўся мастак у маёнтку Голні Гродзенскай губерні (цяпер Гродзенская вобласць) у сям’і Яна Урублеўскага і Сафіі з Ельскіх. Дзіцячыя гады правёў пад Мінскам у маёнтку Ігнацічы (цяпер в. Калініна Мінскага раёна). Маляванне, якім захапіўся яшчэ ў раннім узросце, вывучаў у Рысавальнай школе В. Герсана ў Варшаве.
Пасля заканчэння навучання малады мастак змяшчаў у польскіх часопісах “Klosy”, “Tygodnik Ilustrowany”, “Biesieda Literacka” і інш. свае малюнкі, якія зрабіў падчас шматлікіх вандровак па фальварках былога Вялікага Княства Літоўскага. Гэта былі выявы мястэчак, касцёлаў, помнікаў даўніны, мясцін каралеўскага палявання ў Белавежскай пушчы, абразкі са штодзённага жыцця. Супрацоўнічаў у якасці дызайнера з мэблевай фірмай “Simler i Goszynski”, фірмай “Bracia Lopierscy”, што рабіла адліўкі з бронзы, праектаваў касцёльную мэблю, маляваў алтары. У канцы 1880-х – 1890-я гг. І. Урублеўскі шмат працаваў як мастак-жывапісец: маляваў партрэты сваіх сваякоў Ельскіх – Аляксандра, Людвіка, Ксаверыя Паўла і іншых, выканаў некалькі малюнкаў (“Навагрудак”, “Нясвіж”, “Свіцязь”) для “Памятнай кнігі да 100-годдзя Адама Міцкевіча (1798–1898)”. Падчас вандроўкі па Італіі і Францыі ў пачатку ХХ ст. мастак зацікавіўся афортам. У 1907 г. ён надрукаваў альбом гравюр у гэтай тэхніцы, прысвечаных Нясвіжскаму замку. У 1910 г. выканаў праект медаля ў гонар 500-годдзя Грунвальдскай бітвы, паказаў сябе здольным скульптарам-баталістам, майстрам тонкай дэталізацыі. У 1925 г. творчыя работы І. Урублеўскага былі адзначаны залатым медалём Парыжскай Міжнароднай выставы дэкаратыўнага мастацтва.
Працаваў І. Урублеўскі і ў якасці архітэктара. У 1914 г. па замове Вільгельма Ельскага ён спраектаваў і наглядаў за будаўніцтвам двухпавярховага цаглянага сядзібнага дома ў маёнтку Ігнацічы. Яшчэ адзін архітэктурны праект мастака так і застаўся на паперы: у 1919 г. ён падрыхтаваў праект будынка мастацкага музея, які збіраўся падараваць Мінску разам з каштоўнымі мастацкімі зборамі яго фундатар Вільгельм Ельскі. Апошнія гады жыцця І. Урублеўскі правёў у маёнтку сваякоў непадалёк ад Варшавы. Памёр ён 1 сакавіка 1953 г.
Зараз работы мастака захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы, Інстытуце мастацтва Польскай акадэміі навук у Варшаве, у Нацыянальным музеі ў Кракаве. Асноўная колькасць твораў І. Урублеўскага знаходзіцца ў прыватных калекцыях Польшчы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.