Лепшыя старонкі гісторыі музычнага мастацтва Беларусі звязаны з імем Ірыны Аляксандраўны Цвятаевай, якая ўнесла значны ўклад у развіццё фартэпіяннай выканаўчай школы.
Нарадзілася яна ў Віцебску ў сям’і мастака. Вучылася ў Мінскім музычным тэхнікуме, потым у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага, працягнула вучобу ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.І. Чайкоўскага (клас Л. Аборына). У гады Вялікай Айчыннай вайны яна апынулася ў Ташкенце, дзе працавала на ваенным заводзе ў ліцейным цэху. У 1944 г. для працягу вучобы вярнулася ў Маскву, закончыла кансерваторыю і ў 1946 г. пачала педагагічную дзейнасць у Дзяржаўным музычна-педагагічным інстытуце імя Гнесіных.
Вярнуўшыся ў Беларусь, пэўны час І. Цвятаева працавала педагогам у Гомельскім музычным вучылішчы і адначасова была завучам у музычнай школе. У 1952 г. яна стала старшым выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага. У гэтай жа ўстанове з 1967 г. узначальвала кафедру спецыяльнага фартэпіяна. Займаючы гэту пасаду, яна імкнулася палепшыць умовы як для вучняў, так і для выкладчыкаў: здабыла два замежныя раялі «Ямаха», дабілася прыезду спецыялістаў на дзяржаўныя экзамены на ўсе кафедры, імкнулася ўзняць прафесійны ўзровень кафедры. Як выкладчык вялікую ўвагу ўдзяляла развіццю ўяўлення, фантазіі, комплексу творчых здольнасцей навучэнцаў у раннім узросце. Асобна выдзяляла праблему выхавання ў вучня самастойнасці, умення працаваць з нотным тэкстам і зместам твора, правільна арганізаваць выкананне хатняга задання. Працуючы з навучэнцамі над творам, І. Цвятаева заўсёды імкнулася дабіцца інтанацыйнай выразнасці музычных характарыстык. Услухоўванне, чуйнае інтанаванне кожнай фразы пераважалі ў рабоце над кантыленай. Выкладчыца любіла эксперыментаваць з гукам, тонка знаходзіла музычную палітру, дабівалася, каб гук быў пачуты па-асобаму. У сваёй педагагічнай дзейнасці І. Цвятаева вялікую ўвагу ўдзяляла жанру фартэпіяннага канцэрта. Яе прыцягвала маштабнасць кампазіцыі, глыбіня зместу, магчымасць выхавання ў вучня шырокага кругагляду, інтэлекту, адчування гукавой перспектывы, актывізацыі яго мыслення, развіцця чыста піяністычных навыкаў. Лічыла, што работа над жанрам канцэрта садзейнічае выхаванню ў навучэнца пачуцця рытму, адчування дакладнага тэмпу, жывога метрарытмічнага развіцця музычнай тканіны, у поўнай меры раскрывае віртуозныя якасці выканаўца, артыстызм. У час канцэрта І. Цвятаева знаходзілася пераважна ў глядзельнай зале, бо разумела, што піяніст, які выконвае партыю аркестра на сцэне, ніколі дакладна не чуе, як гучыць музыка. Яна любіла займацца карэкціроўкай балансу гучнасці, каардынацыяй дынамікі. Вучні І. Цвятаевай вялі актыўнае, цікавае, насычанае канцэртнае жыццё. Праграмы выступленняў заўсёды старанна прадумваліся педагогам, адрозніваліся густам, мэтазгоднасцю, паслядоўнасцю. Традыцыйнымі ў класе І. Цвятаевай былі юбілейныя канцэрты, прысвечаныя А. Рубінштэйну, М. Метнеру, памяці К. Ігумнава, Л. Аборына і іншых, дзе гучалі творы майстроў фартэпіяннага мастацтва.
Педагог прывівала сваім вучням любоў да беларускай музыкі. Сістэматычна адбываліся канцэрты па творах беларускіх кампазітараў, дзе выконваліся сачыненні як знакамітых аўтараў (А. Багатырова, Г. Вагнера, Э. Тырманд, С. Картэса), так і маладых, часта малавядомых, а таксама таленавітых студэнтаў кампазітарскага аддзялення кансерваторыі. Яна пастаянна сачыла за абнаўленнем рэпертуару, прапаноўвала сваім вучням творы сучасных замежных кампазітараў, якіх адкрывала і папулярызавала ў музычным асяроддзі. У канцэрце фартэпіяннай мініяцюры ХХ ст. прагучалі сачыненні Э. Донаньі, С. Джопліна, П. Крэстона, П. Санкана, А. Анегера, Д. Міё і інш. У канцы 1960-х гг. І. Цвятаева часта бывала ў Чэхаславакіі, дзе чытала курс лекцый, праводзіла майстар-клас па фартэпіянным выкананні і знаёмілася з чэшскай музыкай. Вярнуўшыся з паездкі, арганізавала пры кансерваторыі гурток аматараў гэтай музыкі, дзе студэнты атрымлівалі веды пра фартэпіянную творчасць Б. Марціну, Б. Сметаны, Л. Яначэка і інш. Яна выхавала шмат выдатных выканаўцаў і педагогаў, якія сёння перадаюць свой вопыт новаму пакаленню ў Беларусі і за яе межамі.
Некаторы час І. Цвятаева займалася і выканаўчай дзейнасцю: выступала ў сольных і камерных канцэртах, гастраліравала з салісткай Вялікага тэатра СССР І. Масленікавай. У ансамблі з беларускім скрыпачом М. Гольдштэйнам выканала ўсе санаты Л. Бетховена і Ф. Шуберта, многія творы Р. Шумана і І. Брамса. Таксама яна вяла значную метадычную работу. Курыравала музычную школу пры кансерваторыі, музычнае вучылішча, Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве, праводзіла метадычныя канферэнцыі для музычных школ краіны. Як высокакваліфікаваны спецыяліст І. Цвятаева на працягу многіх гадоў з’яўлялася членам журы шматлікіх рэспубліканскіх, усесаюзных і міжнародных конкурсаў. Творчая дзейнасць педагога адзначана медалямі і ганаровымі граматамі. У 1981 г. яна стала заслужаным работнікам вышэйшай школы Беларусі, а ў 1991 г. атрымала званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі. З 1994 г. у краіне праводзіцца Міжнародны конкурс піяністаў імя І. Цвятаевай.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.