Мікалай Іванавіч Казека нарадзіўся ў Мінску. У юнацтве займаўся скачкамі на батуце (трэнер Л. І. Ліўшыц). У 1965 г. прымаў удзел у першых Усесаюзных спаборніцтвах у гэтым відзе спорту (праходзілі ў Ерэване). Ён майстар спорту СССР па скачках на батуце (1968). У 1968–1969 гг. быў сярэбраным прызёрам, у 1972 г. стаў чэмпіёнам СССР па скачках на батуце. Скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры (1972). З гэтага ж года з’яўляўся трэнерам па скачках на батуце (ДЮСШ «Працоўныя рэзервы»), з 1976 г. – па скачках у ваду (спортінтэрнат). У 1985 г. стаў трэнерам, у 1989 г. старшым трэнерам спецыялізаванага аддзялення фрыстайла школы алімпійскага рэзерву «Працоўныя рэзервы» (Мінск). З 1992 г. галоўны трэнер нацыянальнай каманды Беларусі па фрыстайле.
У снежні 1985 г. тры спартсмены (С. Бандарчук, У. Алейнік, К. Ібрагімаў) і іх трэнер М. Казека ўвайшлі ў склад эксперыментальнай зборнай каманды СССР. У 1986 г. на 1-м этапе Кубка СССР (Пермская вобласць) залаты і сярэбраны медалі атрымалі У. Алейнік і С. Бандарчук. У 1987 г. У. Алейнік стаў першым уладальнікам Кубка СССР (Гран-пры). У гэтым жа годзе быў створаны «Тэхнічны камітэт па фрыстайле» Беларускай федэрацыі лыжнага спорту. Знакавым момантам стала заваяванне С. Бандарчук звання першай чэмпіёнкі СССР у лютым 1988 г. У 1990 г. каманда БССР заняла 5-е месца на Спартакіядзе народаў СССР. За поспехі ў развіцці фрыстайла трэнеру М. Казеку прысвоена ганаровае званне «Заслужаны трэнер БССР». У перыяд да заваявання першага ў гісторыі Беларусі залатога медаля на зімніх Алімпійскіх гульнях А. Грышыным (2010; Канада) на спаборніцтвах рознага ўзроўню былі паказаны вельмі высокія рэзультаты Д. Дашчынскім, А. Грышыным, А. Цупер, А. Кушнірам, А. Куляшовым, А. Парфянковым, В. Вараб’ёвым і іншымі спартсменамі. У 2010 г. А. Кушнір заняў 1-е месца ў агульным заліку ў дысцыпліне «лыжная акрабатыка» і выйграў Малы хрустальны глобус, а таксама ўпершыню ў гісторыі сучаснага фрыстайла ў Рэспубліцы Беларусь заняў 1-е месца ў агульным заліку сезона 2009–2010 гг. ва ўсіх дысцыплінах фрыстайла і выйграў Вялікі хрустальны глобус. У 2014 г. адразу два залатыя медалі заваявалі А. Цупер і А. Кушнір на ХХII зімовых Алімпійскіх гульнях у г. Сочы. У 2015 г. М. Гусцік атрымаў бронзавы медаль на чэмпіянаце свету (Аўстрыйская Рэспубліка). У 2018 г. Г. Гуськова стала чэмпіёнкай ХХIII зімовых Алімпійскіх гульняў (Рэспубліка Карэя). Было шмат паспяховых выступленняў у юніёрскіх сусветных чэмпіянатах і еўрапейскіх кубкавых спаборніцтвах. Для далейшага развіцця фрыстайла ў 2015 г. у Мінску пачаў дзейнічаць першы ў свеце вучэбна-трэніровачны комплекс з водным трамплінам «Фрыстайл». Усяго на зімовых Алімпійскіх гульнях было заваявана сем медалёў, у тым ліку чатыры залатыя. Мікалай Казека пастаянна ўдасканальвае майстэрства спартсменаў, вучыць іх усё больш складаным элементам. Вялікую ўвагу ўдзяляе псіхалагічнай падрыхтоўцы, стойкасці, нягледзячы на любыя перашкоды ў час выступленняў.
Мікалай Казека прызнаны лепшым трэнерам 2014 года ў Беларусі. Быў узнагароджаны ордэнам Айчыны I (2014), II (2006), III (2002) ступеняў, ордэнам Пашаны (2010), медалём «За працоўныя заслугі» (1998).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.