Аляксандр Рыгоравіч Галко, бліскучы акцёр і таленавіты педагог, нарадзіўся ў в. Чэмерысы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1959 г. скончыў акцёрскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (мастацкі кіраўнік курса Л. І. Мазалеўская). Пасля заканчэння вучобы выступаў на сцэне тэатраў Брэста, Іванава, Фрунзэ. З 1959 г. па 1963 г. працаваў у Брэсцкім абласным драматычным тэатры, у 1963–1968 гг. – у Абласным драматычным тэатры Іванава, у 1968–1975 гг. – у Рускім драматычным тэатры Фрунзэ (цяпер – Бішкек). У 1975 г. быў запрошаны ў трупу Саратаўскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра драмы ім. І. А. Слонава, дзе і працуе па сённяшні дзень. Аляксандр Галко сыграў мноства роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А. Грыбаедава), Чарнявы («Энергічныя людзі» В. Шукшына), Альвара («Татуіраваная ружа» Т. Уільямса), Фарацьеў («Фантазіі Фарацьева» А. Сакаловай), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» М. Шолахава), Тузенбах («Тры сястры» А. Чэхава), Воланд («Майстар і Маргарыта» М. Булгакава), Лука («На дне» М. Горкага), Рэджы («Квартэт» Р. Харвуда) і інш. Здымаўся ў кіно: 1991 – «Сакрат» (Лікон), 1994 г. – «Амур і дэман» (Кастроў), 2004 – «Чырвоная капэла», 2007 – «Завяшчанне ночы» (палкоўнік Мароз).
У 1978 г. А. Галко быў запрошаны выкладаць у Тэатральнае вучылішча імя І. А.Слонава (цяпер тэатральны факультэт Саратаўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Л. Собінава). Сярод яго вучняў: А. Марозаў, С. Барышаў, В. Мілаванава, К. Мілаванаў, Н. Якаўлева, Т. Радзівонава, С. Чуйкіна, А. Кулічкоў, Д. Кулічкоў, А. Кузін, В. Кулікова, Я. Гусеў, А. Крывега, А. Камашка, А. Фільянаў, А. Даронін, А. Андрэеў, А. Сядоў і інш. Стаўшы прафесарам кансерваторыі, ён творыць сам і вось ужо больш за дваццаць пяць гадоў выкладае акцёрскае майстэрства маладому пакаленню. Сёння яго вучні трымаюць на сваіх плячах увесь рэпертуар тэатра драмы.
Акцёр, рэжысёр-пастаноўшчык спектакляў на радыё і тэлебачанні, педагог Аляксандр Рыгоравіч Галко удастоены звання заслужанага артыста Кіргізскай ССР (1973), народнага артыста РСФСР (1984). У 1988 г. атрымаў званне «Лепшы акцёр Расіі» па версіі часопіса «Тэатральнае жыццё», стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі Станіслаўскага «За ўклад у развіццё тэатральнай педагогікі» (2006).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.