Імя Алега Міхайлавіча Аляхновіча звязана не толькі з вывучэннем фальклорнага зместу, але і з пытаннямі ўвасаблення фальклору ў мастацкай дзейнасці, адукацыі і выхаванні. Вучоны ўнёс значны ўклад у развіццё духоўнай культуры і ўзнаўленне духоўнай спадчыны беларусаў. Нарадзіўся ён у Магілёве. У 1967 г. скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут культуры. З 1975 г. пачаў працаваць на кафедры рэжысуры абрадаў і святаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. У 1988 г. атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук, з 2003 г. – прафесар кафедры ўніверсітэта.
Сярод яго навуковых інтарэсаў – беларускі музычны фальклор на сцэне, абрадава-святочная культура беларусаў. Вучоны деследуе тэорыю і практыку народнай песеннай традыцыі, інтэрпрэтацыю народнай песні на сцэне, авалоданне народнай манерай спеваў, тэатралізацыю фальклорнай песні ў сцэнічных умовах, методыку работы з народнай песняй у фальклорных калектывах, спецыфіку вывучэння рэгіянальных асаблівасцей музычнай спадчыны. Алег Міхайлавіч абгрунтаваў тыпалогію фалькларызму ў галіне музычнага мастацтва ва ўсходнеславянскай фалькларыстыцы. Ён адзін са стваральнікаў (з І.І. Сучковым) традыцыйнага фальклорнага ансамбля "Коласавы землякі" (Стаўбцоўскі раён), мастацкі кіраўнік Рудзенскага народнага фальклорнага калектыву "Крынічанька" (Пухавіцкі раён). Удзельнік рэспубліканскіх радыё- і тэлеперадач па праблемах выкарыстання абрадава-святочнай культуры, фальклору беларусаў у сучасных умовах. Як музыкант ён выязджаў у блізкае і далёкае замежжа, выступаў як выканаўца на дудзе на Міжнародным фестывалі фальклору (Італія, 2000).
А.М. Аляхновіч запісаў больш за тысячу фальклорных твораў, многія з якіх апублікаваны і выкарыстоўваюцца ў мастацкай практыцы калектываў. Ён аўтар манаграфіі "Народная песня ў мастацкай самадзейнасці" (1991), кніг "Народная песня ў школе" (2004), "Фальклор у выхаванні школьнікаў" (2008); суаўтар дапаможнікаў "Методыка асваення фальклорнай спадчыны" (1988), "Тыпы фалькларызму ў сучаснай харавой самадзейнасці" (1990), кніг "Беларускі дзіцячы фальклор" (1994), "Беларускі музычны фальклор" (1996), "Зімовыя святы" (1999), "Веснавыя святы" (2000), "Беларуская традыцыйная музычная спадчына" (2000) і інш. А.М. Аляхновіч з’яўляецца арганізатарам шматлікіх рэспубліканскіх і абласных семінараў па праблемах выкарыстання фальклору. Шмат гадоў плённай працы Алег Міхайлавіч прысвяціў праблемам захавання і выкарыстання беларускага фальклору ў сучасных умовах.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.