Ірына Анатольеўна Волах нарадзілася ў Мінску. У 1985 г. скончыла Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт), у 1994 г. – Беларускую акадэмію мастацтваў (майстэрня В. Турава). З 1996 г. Ірына Волах працуе на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», супрацоўнічае з вытворча-творчым РУП «Беларускі відэацэнтр» і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Рэспублікі Беларусь, прынята ў Беларускі саюз кінематаграфістаў. Яна выступае як аўтар сцэнарыяў, рэжысёр-пастаноўшчык дакументальных, мастацкіх і відэафільмаў. Яе дыпломная работа – каляровы фільм «Рандэву» (1996) па матывах аповесці У. Арлова «Рандэву на манеўрах» дэманстраваўся на міжнародных кінафестывалях у Венгрыі і Мінску.
Ірына Волах – рэжысёр і аўтар сцэнарыяў шэрагу дакументальных фільмаў: «Лингвист из Дубровы» (фільм пра Міколу Бусла – выкладчыка іспанскай мовы з вёскі Дуброва, 1997), «Пакачай мяне на вясёлцы» (стужка аб маладым таленавітым выканаўцы на трубе Валерыі Бараноўскім, 1998), «Поймать ветер» (фільм, зняты ў 1998 г., распавядае аб адчуванні свабоды, якое даюць чалавеку вецер, парус і мора). У дакументальных стужках «Середина лета» (2004), «Чистый город» (2005), «У цэнтры Еўропы» (2006), «Avec courage. З адвагаю» (2008) Ірына Волах выступае ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка. У яе працах духоўная і мастацкая культура непарыўныя, яе героі захоўваюць свой маральны стрыжань, нягледзячы на гістарычныя катаклізмы і асабістыя цяжкасці.
На вытворча-творчым РУП «Беларускі відэацэнтр» І. Волах зняла хранікальна-дакументальныя фільмы, якія распавядаюць пра асноўныя абрадавыя святы і традыцыі беларусаў: «Хрэсьбіны» (1995), «Калядныя цары» (1997), «Беларускі народны каляндар. Шчодры вечар» (2004), «Беларускі народны каляндар. Радуніца» (2006), «Каменныя «дзевачкі» (2010) і інш. У гэтых работах прадстаўлены радзінныя, калядныя і іншыя абрады, звычаі, павер'і.
Працуючы ў дакументальным кіно, Ірына Волах заўсёды марыла зняць мастацкі фільм для дзіцячай аўдыторыі. У 2003 г. адбыўся яе дэбют у фільме «Бальная сукенка», які яна зняла разам з М. Касымавай. Фільм для падлеткаў і пра падлеткаў, аб адрозненні паміж матэрыяльным багаццем і душэўнай пустэчай атрымаў Гран-пры V Міжнароднага кінафестываля «Лістападзік» (2003); прыз за рэжысуру і дыплом «За решительное обращение к острым людским проблемам в фильме» ХІІ Міжнароднага дзіцячага кінафестываля «Артэк» (Крым, Ялта, 2004); Гран-пры секцыі дзіцячага кіно ІІ кінафестываля “Маскоўская прэм’ера” (Расія, 2004); прыз за лепшы фільм для дзяцей Міжнароднага кінафестываля фільмаў для дзяцей і юнацтва ў Польшчы (Варшава, 2005).
Ірына Волах – рэжысёр тэлесерыяла «Пяшчотная зіма» (разам з Г. Пармас, 2005). Фільм прысвечаны гісторыі кахання двух маладых людзей – Сяргея Мікошы (Міксера) і Алены Прохаравай (Елачкі).
У 2008 г. рэжысёр-пастаноўшчык дакументальнага фільма «У цэнтры Еўропы» І. Волах атрымала прыз ІV Міжнароднага кінафорума «ЭКОМИР–2008». У 2010 г. тэлевізійны фільм «Лаўрышава» (2009), прысвечаны знакамітаму манастыру Навагрудскай зямлі, атрымаў прыз Калужскай епархіі Маскоўскага патрыярхату Рускай праваслаўнай царквы «Хрустальный подсвечник» на V Міжнародным Срэценскім праваслаўным кінафестывалі «Сустрэча».
Сёння Ірына Волах працягвае плённую працу на ніве беларускага кінамастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.