Важкі ўклад у арганізацыю архіўнай справы на Гродзеншчыне, у захаванне дакументальнай спадчыны нашых продкаў унесла вучоны-гісторык, архівіст Карына Пятроўна Батракова.
Нарадзілася яна 18 мая 1937 г. у Маскве ў сям'і ваеннага. Па волі лёсу сям'я апынулася ў Беларусі, жыла ў г. Гродна. Скончыла сярэднюю школу з залатым медалём і паступіла на факультэт архіўнай справы Маскоўскага дзяржаўнага гісторыка-архіўнага інстытута. У 1959 г., атрымаўшы дыплом гісторыка-архівіста, была накіравана на працу ў філіял Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР у Гродна (цяпер Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродна). Работа захапіла дзяўчыну цалкам. Да ўсіх заданняў, звязаных з тэарэтычным і практычным рашэннем архіўных пытанняў і праблем, яна падыходзіла адказна і акуратна. За шэсць гадоў у архіве быў напрацаваны дастатковы вопыт, і ў 1965 г. старшы навуковы супрацоўнік К. П. Батракова ўзначаліла аддзел уліку дакументаў і навукова-даведачнага апарату. Пазней стала намеснікам архіва, а з 1986 па 2003 г. – дырэктарам установы.
Больш за 40 гадоў К. П. Батракова прысвяціла архіўнай справе. Займалася распрацоўкай навуковых праблем па катэгараванні архіўных фондаў, развіцці і ўдасканаленні інфармацыйна-пошукавых сістэм, стварэнні сістэматычнага каталога, пытанняў выяўлення і апісання прыкладных пячатак на архіўных дакументах. Неаднаразова рыхтавала агляды стану і перспектыў работы архіва. З мэтай метадычнага забеспячэння работы архіва па стварэнні і ўдасканаленні інфармацыйна-пошукавых сістэм яна склала шэраг рабочых інструкцый, памятак, метадычных дапаможнікаў, аналітычных даведак па архіўнай справе. Ёй належаць інструкцыі па ўдасканаленні навукова-даведачнага апарату да фондаў Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта, Гродзенскага акруговага суда, упраўлення Гродзенскай паштова-тэлеграфнай акругі і інш. Архівіст прымала ўдзел у рабоце міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх канферэнцый і семінараў па гістарычнай і архівазнаўчай праблематыцы, дзе выступала з дакладамі і паведамленнямі.
Карына Пятроўна актыўна займалася папулярызацыяй архіўных крыніц, выступала ў перыядычным друку з артыкуламі гістарычнай, архіва- і краязнаўчай тэматыкі, публікавалася ў часопісах “Нёман”, “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”, “Архівы і справаводства”, “Советские архивы” і інш. З'яўляецца адным са складальнікаў зборнікаў дакументаў “Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861–1862 гг.” (1964), “Гродненская губерния в законодательных актах Российской империи (1801–1913)” (2004). Яна прымала ўдзел у напісанні асобных раздзелаў, артыкулаў, публікацыі дакументаў для гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць” па раёнах Гродзенскай і Брэсцкай абласцей (1991–2000). Была членам гарадской камісіі па стварэнні кнігі “Памяць. Гродна” (1999) і адным з яе аўтараў. З'яўлялася членам Грамадскага савета па архіўнай справе пры Галоўным архіўным упраўленні СССР (ГАУ СССР). За сваю шматгадовую працу Карына Пятроўна ўзнагароджана двума медалямі, знакам “Выдатнік архіўнай справы”, занесена ў Кнігу пашаны ГАУ СССР.
Матэрыялы, якія сабрала К. П. Батракова за доўгія гады архіўнай дзейнасці, беражліва захоўваюцца і запатрабаваны сёння.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.