Краткая справка:
удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вялікую Айчынную вайну, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ст., медалём "Партызаныу Айчыннай вайны" І ст.
Псевдонимы:
Зорик; Зорык; Максим; Максім
Имена на других языках:
Галло Захар Захарович (русский); Гало Захар Захарович (русский);
2374 символа
Справка
Захар Гало нарадзіўся ў Мінску. Выдатна вучыўся, добра ведаў нямецкую мову, меў артыстычныя здольнасці. Пасля заканчэння сярэдняй школу марыў вучыцца ў політэхнічным інстытуце, аднак гэтыя планы скасавала вайна.
Каб не трапіць у Нямеччыну, Захар уладкаваўся вучнем у друкарню, дзе пазнаёміўся з І. Казінцом і далучыўся да антыфашысцкага падполля. Увосень 1941 г. па заданні падпольшчыкаў З. Гало ўладкаваўся кур’ерам у бюро пропускаў Мінскай гарадской управы. Праз некаторы час акуратны, ветлівы і сціплы супрацоўнік заняў пасаду тэхнічнага сакратара. Бланкі акупацыйных устаноў з подпісамі, штампамі і пячаткамі юнак прыносіў мастаку І. Казлову, а той вырабляў неабходныя падпольшчыкам, разведчыкам і партызанскім сувязным дакументы. Дзякуючы намаганням З. Гало, падпольшчыкі ведалі аб сістэме пароляў і пропускаў, парадку пражывання і перамяшчэння, аблавах і карных аперацыях. Улетку 1943 г. праз групу падпольшчыкаў завода імя Варашылава, дзе рамантавалася ваенная тэхніка, яму ўдалося здабыць тэхнічныя даныя на нямецкі танк “Пантэра”, якія былі перададзены ў савецкі тыл. Інфармацыю аб становішчы спраў у горадзе, нямецкіх ваенных аб’ектах і перамяшчэнні эшалонаў па чыгунцы З. Гало перадаваў сувязным спецгруп і партызанскіх атрадаў. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала дыверсійная група, звязаная з атрадам імя Суворава, якая з канца жніўня да паловы верасня 1943 г. узарвала некалькі нямецкіх эшалонаў. Дзякуючы намаганням З. Гало да партызан быў перапраўлены выкладчык адной з разведшкол абвера былы падпалкоўнік Чырвонай арміі І. Асмолаў, які прадаставіў інфармацыю пра дзве сотні нямецкіх агентаў, засланых у савецкі тыл.
Увосень 1943 г. у выніку масавых аблаў былі схоплены дзясяткі мінскіх падпольшчыкаў. У кастрычніку 1943 г. быў арыштаваны і З. Гало. Нягледзячы на жорсткія катаванні, ён не выдаў нікога з сваіх таварышаў. Жыццё патрыёта абарвалася 23 лютага 1944 г.
У ліпені 1944 г. З. Гало быў пасмяротна ўзнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” I-й ступені, у 1965 г. – ордэнам Айчыннай вайны І-й ступені. Яго імем названа адна з вуліц Мінска.
У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны знаходзіцца шэраг экспанатаў, прысвечаных падпольнай дзейнасці З. Гало: фотаздымак, камсамольскі білет, кнігі з хатняй бібліятэкі, шкляны слоік з бланкамі дакументаў, успаміны яго першай настаўніцы А.С. Дуброўскай.