Джавані Антоніа Рыцы-Дзаноні вучыўся ў адным са старэйшых вышэйшых вучэбных устаноў Еўропы – Падуанскім універсітэце. Апрача грунтоўных ведаў па матэматыцы і астраноміі, меў добрую практыку ў аднаго з вядучых французскіх картографаў таго часу Ж. Н. Дэліля. Працаваў у Парыжы і Неапалі, займаў пасады афіцыйнага географа Венецыянскай рэспублікі і каралеўскага гідрографа марскога дэпартамента ў Парыжы. Меў рэпутацыю таленавітага картографа, а выкананыя ім карты мелі вялікі попыт у еўрапейскіх выдаўцоў.
Па запрашэнні вядомага мецэната, новагародскага ваяводы Ю. А. Яблонскага Дж. А. Рыцы-Дзаноні далучыўся да працы па стварэнні карты Рэчы Паспалітай. Падрыхтоўчая праца пад кіраўніцтвам капітана артылерыі Ф. Чакі вялася яшчэ з 1740-х гг.: збіраліся матэрыялы, праводзіліся спецыяльныя падрабязныя здымкі ваяводстваў. Да 1762 г. асноўная праца была скончана, але з-за выяўлення шматлікіх памылак выданне затрымалася. Для іх выпраўлення і быў запрошаны вядомы картограф, які завяршыў працу над картай у Парыжы і ў 1772 г. апублікаваў яе пад сваім імем.
«Carte de la Pologne: Divisee par provinces et palatinats et subdivisee par districts, construite d’apres quantite d’arpentages d’observations, et de mesures prises sur les lieux» («Карта Польшчы з яе правінцыямі, ваяводствамі, землямі і рэгіёнамі») была выдадзена ў выглядзе атласа і складалася з адной генеральнай карты і асобных яе частак на 21 аркушы. Гэта быў адзіны атлас, дзе маштабна і падрабязна былі абазначаны беларускія землі – Віцебскае, Мінскае, Брэсцкае, Навагрудскае, Віленскае, Трокскае, Мсціслаўскае і Полацкае выяводствы. Адным з важных элементаў зместу карты з’яўляліся дзяржаўныя межы, межы ваяводстваў і паветаў. Былі паказаны шматлікія элементы тэматычнага зместу, якія звычайна адсутнічалі на агульнагеаграфічных картах: лясы, масты, пераправы, азёры, балоты, дарогі, каналы, млыны, заводы, фабрыкі, кузні і інш. Былі адзначаны замкі, крэпасці, кірмашы, пошты, універсітэты, манастыры, месцазнаходжанне цудатворных абразоў, месцы здабычы карысных выкапняў і інш. «Carte de la Pologne…» стала самай дакладнай картай таго часу і актыўна выкарыстоўвалася для вайсковых мэт, у прыватнасці, у час Напалеонаўскай кампаніі 1812–1813 гг. Асобнік карты ў атласным варыянце захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.