Беларускі мовазнавец Віктар Іванавіч Іўчанкаў нарадзіўся 28 чэрвеня 1962 г. у в. Хадынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыў у 1985 г. філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С. Пушкіна (цяпер Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна). Да 1988 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Средства словесной образности в произведениях Владимира Короткевича и формы их выражения в переводе на русский язык” (1988). Некаторы час працаваў у Мінскім педагагічным інстытуце. З 1990 г. – дацэнтам, з 1996 г. – загадчыкам кафедры факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля рэарганізацыі факультэта ў 2008 г. узначаліў кафедру стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ, дзе таксама чытаў курсы “Медиариторика”, “Лингвистика публицистического текста”, “Лингвистика текстов СМИ”. Сапраўдным прызваннем, галоўным аб'ектам навуковых інтарэсаў Віктара Іванавіча стала даследаванне стылістыкі беларускай і рускай моў, лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту, правапісу. Ён з'яўляецца вядучым распрацоўшчыкам сучасных напрамкаў ва ўпарадкаванні норм правапісу беларускай мовы.
З 1990 г. В.І. Іўчанкаў актыўна друкуецца ў прэсе па праблемах правапісу. Свае артыкулы змяшчае ў выданнях “Чырвоная змена”, “Народная газета”, “Настаўніцкая газета”, “Літаратура і Мастацтва”, “Роднае слова”, “Беларуская мова і літаратура”, “Пачатковая школа”, “Пралеска” і інш. Яму належаць шматлікія публікацыі па праблемах адукацыі, навукі і выхавання. У 2003 г. В.І. Іўчанкаў абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту”. Гэта фундаментальная праца паклала пачатак фарміраванню ў галінах журналістыкі і лінгвістыкі самастойнага навуковага адгалінавання – лінгвістыкі публіцыстычнага тэксту. Віктар Іванавіч лічыцца заснавальнікам на Беларусі навуковай школы дыскурснага аналізу СМІ. У 2004 г. ён стаў доктарам філалагічных навук, а ў 2005 г. атрымаў званне прафесара.
Вучоны з'яўляецца аўтарам больш чым 250 навуковых і метадычных прац, 6 манаграфій, сярод якіх: “Лингвистическая организация текста: в творческой лаборатории Владимира Короткевича”, “Лингвостилистика тропов Юрия Казакова” (абедзве 2002), “Дыскурс беларускіх СМІ. Арганізацыя публіцыстычнага тэксту” (2003), “Студенческая печать: проблематика, дизайн, язык и стиль” (у суаўтарстве, 2008), “Медыярыторыка: рытарычныя асновы журналістыкі, лінгвістыка публіцыстычнага тэксту, дыскурсны аналіз сродкаў масавай інфармацыі” (2009), “Беларуская арфаграфія: апавяданні і гісторыі” (2010), «Беларускі правапіс у апорных схемах: паводле новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”» (2011) і інш.
Навуковая дзейнасць вучонага адзначана ганаровымі граматамі. В.І. Іўчанкаў з'яўляецца выдатнікам адукацыі Рэспублікі Беларусь, выдатнікам друку Рэспублікі Беларусь, саветнікам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь па сувязях са СМІ і грамадскасцю, членам Беларускага саюза журналістаў, лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў “Залатое пяро” (2010).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.