Дата начала: 24.06.1812
Дата окончания: 22.12.1812
Краткая справка: абарончая вайна Расіі супраць французскай агрэсіі, падчас якой арэнай ваенных дзеянняў стала і Беларусь
Варианты названия: Айчынная вайна 1812 г.
Названия на других языках: Война 1812 г. (русский); Отечественная война 1812 г. (русский);
Два стагоддзі аддзяляюць нас ад вайны 1812 г. – неўміручай эпапеі гераічнай барацьбы славянскіх народаў з захопніцкай арміяй французскага імператара Напалеона I Банапарта. Гэта вайна закранула лёсы не толькі Расіі і Францыі: ад яе выніку залежала існаванне Еўропы і ўсяго свету.
Для нападзення на Расію Напалеон сфарміраваў вялікую армію, якая налічвала больш за 600 тыс. чалавек і мела на ўзбраенні 1372 гарматы. Французскія войскі былі лепшымі ў свеце па ўкамплектаванасці, навучанні і кіраванні, што бліскуча прадэманстравалі перамогі пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807). У першай палове чэрвеня 1812 г. галоўныя сілы “Вялікай арміі” (так імператар называў свае войскі) былі сканцэнтраваны ў Прусіі і Варшаўскім герцагстве. Выкарыстоўваючы эканамічны, палітычны і ваенны націск, а таксама даючы абяцанні (Прыбалтыку – Прусіі; Валынь – Аўстрыі; Беларусь, Літву і частку Украіны ў межах 1772 г. – Польшчы), Напалеон фактычна стварыў агульнаеўрапейскую кааліцыю супраць Расіі. Яе захоп адкрываў шлях у Індыю, якую імператар марыў пакарыць, каб потым нанесці апошні ўдар па Англіі і назаўсёды пакончыць з каланіяльнай магутнасцю гэтай краіны. Напалеон жадаў зацвердзіць сусветнае панаванне Францыі. Мабілізуючы сілы, імператар з дапамогай дыпламатыі і разведкі імкнуўся пранікнуць у тайны ваеннай падрыхтоўкі Расіі. У 1810 г. для збору звестак аб рускай арміі было створана разведвальнае бюро, якое складалася з трох аддзелаў: Украіна, Літва і Беларусь, Прыбалтыка. Яго агенты сачылі за перасоўваннем рускіх войск, назіралі за будаўніцтвам крэпасцей, збіралі інфармацыю пра настроі насельніцтва і гаспадарку Расіі. Асаблівая цікавасць праяўлялася да заходніх губерняў і тэрыторыі басейнаў Заходняй Дзвіны і Дняпра.
У Расіі шырокая падрыхтоўка да вайны пачалася з 1810 г. У студзені гэтага года ваенным міністрам быў прызначаны генерал М.Б. Барклай дэ Толі. Ён распрацаваў буйнамаштабную праграму павелічэння колькасці войск, удасканалення арганізацыі і павышэння баяздольнасці арміі, ажыццявіў шэраг мер па падрыхтоўцы тэатра ваенных дзеянняў, наладзіў работу ваеннай разведкі і контрразведкі. Па загадзе М.Б. Барклая дэ Толі ў сакавіку 1810 г. у прыгранічных губернях Расіі разгарнулася дзейнасць па рэкагнасцыроўцы, картаграфіі і ваенна-інжынерным уладкаванні мясцовасці: рамантаваліся старыя крэпасці, будаваліся новыя абарончыя аб’екты, масты, дарогі, ствараліся паштовыя станцыі, харчовыя склады, праводзіліся рэкруцкія наборы. У сакавіку 1812 г. былі сфарміраваны тры заходнія арміі: 1-я пад камандаваннем М.Б. Барклая дэ Толі стаяла на Нёмане; 2-я на чале з П.І. Баграціёнам размясцілася ў наваколлі Луцка (у маі 1812 г. набліжана да 1-й арміі, заняла пазіцыі ў раёне Ваўкавыск – Зэльва); 3-я рэзервовая пад кіраўніцтвам А.П. Тармасава дыслацыравалася ў раёне Жытоміра (потым перамешчана пад Луцк). Іх дапаўнялі тры асобныя карпусы: П.К. Эсена каля Рыгі, П.І. Мелер-Закамельскага каля Тарапца і Ф.Ф. Эртэля пад Мазыром. На ўсходзе Расіі корпус П.Х. Вітгенштэйна прыкрываў подступы да Санкт-Пецярбурга. У Малдавіі знаходзілася армія П. В. Чычагова. Акрамя рэкруцкіх набораў, канцэнтрацыі войск, інтэндацкай работы падрыхтоўка да вайны прадугледжвала і распрацоўку планаў вядзення баявых дзеянняў. Толькі ў 1811 г. было падрыхтавана каля 20 праектаў: Аляксандра I, П.І. Баграціёна, Л.Л. Бенігсена, К. Фуля і інш. Больш дакладным і грунтоўна абаснаваным стаў план М.Б. Барклая дэ Толі. Аляксандр I неаднойчы схіляўся да ідэі наступальнай вайны, каб прэвентыўным ударам знішчыць Напалеона, ліквідаваць Варшаўскае герцагства і абвясціць сябе польскім каралём. Толькі дальнабачная стратэгія М.Б. Барклая дэ Толі ўратавала рускую армію ад разгрому ў першыя дні вайны. Ваенны міністр разумеў, што працягласць абарончай лініі, адсутнасць галоўнакамандуючага, марудная мабілізацыя войск з-за дрэнных дарог не дазволяць рускім належным чынам наступаць. У запісцы “О защите западных пределов России” ён прапанаваў Аляксандру I свой план вядзення будучай вайны, які быў рэалізаваны ў першыя месяцы французска-рускай кампаніі.
Галоўныя сілы “Вялікай арміі” раніцай 24 чэрвеня 1812 г. перайшлі расійска-польскую граніцу ў раёне Коўна (цяпер Каўнас, Літва) і ўварваліся ў межы Расійскай дзяржавы. Французскі імператар меў у прыграніччы амаль трохразовую колькасную перавагу над рускімі войскамі. У яго армію ўваходзілі не толькі французы, але і прадстаўнікі многіх падпарадкаваных Францыі народаў Еўропы. У наступленні таксама ўдзельнічалі палкі, што былі сфарміраваны са шляхціцаў Беларусі і Літвы, якія перайшлі на бок Напалеона. Стратэгічны план імператара заключаўся ў тым, каб разбіць паасобку рускія арміі ў пагранічных баях. Але па меры таго як стала зразумела, што праціўнік ухіляецца ад генеральнай бітвы і рускае камандаванне абрала тактыку абарончай вайны, Напалеон ужо ў Вільні распрацаваў новы план. Ён прадугледжваў няспыннае праследаванне 1-й рускай арміі, навязванне ёй бою, а таксама адначасовае акружэнне і знішчэнне 2-й арміі. Галоўная задача заключалася ў тым, каб не даць арміям М.Б. Барклая дэ Толі і П.І. Баграціёна, якія адыходзілі, злучыцца. Верны сваёй тактыцы, французскі імператар пачаў праследаваць рускіх: ён жадаў бітвы і тых вострых пачуццяў, што дае вайна. На мірныя прапановы Аляксандра I Напалеон адказаў адмовай, хаця мог бы без страт і праліцця крыві, проста дзякуючы сваёй рэальнай сіле, якая палохала рускага імператара, прадыктаваць яму ўласныя ўмовы міру. Але мір без перамогі, сцвярджэння свайго ваеннага генія здаваўся Напалеону нявартым увагі, нават бясслаўным. Аднак прайшлі амаль два тыдні вайны, французы акупіравалі большую частку заходніх губерняў Расіі, а пераможнай бітвы не атрымоўвалася: дзве галоўныя рускія арміі з сутычкамі рознай напружанасці і цяжкімі ар’ергарднымі баямі адыходзілі ў глыб краіны.
Першы буйны бой адбыўся толькі 9–10 ліпеня каля мястэчка Мір паміж казацкім корпусам генерала М.І. Платава і дывізіяй польскіх уланаў генерала А. Ражнецкага. Прыкрываючы на працягу двух дзён адыход 2-й арміі, казакі мужна змагаліся і разбілі польскіх кавалерыстаў. Гэта дапамагло П.І. Баграціёну пазбегнуць акружэння, адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск накіравацца на Магілёў, каб злучыцца там з арміяй М.Б. Барклая дэ Толі. Спроба прайсці праз Магілёў не ўдалася: французскі маршал Л. Даву раней падышоў да горада. Ён заняў стратэгічна зручную пазіцыю каля в. Салтанаўкі і 22–23 ліпеня навязаў рускім бой. Пётр Іванавіч Баграціён разбіў полк кавалерыі праціўніка, але зламаць супраціўленне Л. Даву не змог. Тады ён пакінуў каля Салтанаўкі корпус генерала М.М. Раеўскага, а сам з асноўнымі сіламі адышоў да Нова-Быхава. На працягу дня кіпеў бой. Па яго напружанасці Л. Даву палічыў, што перад ім уся армія П.І. Баграціёна. Маршал нават пачаў рыхтавацца да генеральнай бітвы. Толькі праз два дні, калі рускія адступілі, яму далажылі: 2-я армія ўжо на левым беразе Дняпра. Выратаваная ад разгрому ваенным талентам П.І. Баграціёна і мужнасцю салдат М.М. Раеўскага, яна праз Чэрыкаў і Мсціслаў накіравалася на Смаленск.
З першых дзён вайны адступала і 1-я руская армія. Супраць яе Напалеон кінуў свае лепшыя сілы – кавалерыю маршала І. Мюрата, пяхоту маршалаў Ш. Удзіно і М. Нея. Міхаіл Багданавіч Барклай дэ Толі зрабіў усё, каб адарвацца ад праціўніка, вывесці з-пад удару і захаваць сваю армію дзеля будучых баёў. Спачатку ён адышоў ад Вільні да Свянцян у напрамку Дрысенскага лагера. Пабудаваны напярэдадні вайны на левым беразе Заходняй Дзвіны, ён не адпавядаў патрабаванням М.Б. Барклая дэ Толі і мог стаць пасткай для арміі. Было вырашана пакінуць лагер. Адступаючы ад Дрысы праз Полацк да Віцебска, М.Б. Барклай дэ Толі не ведаў, што 2-я армія рухалася на Смаленск. Камандуючы планаваў злучыць войскі ў Віцебску для генеральнай бітвы. Каб затрымаць наступленне французаў і даць магчымасць П.І. Баграціёну падысці да горада, М.Б. Барклай дэ Толі выслаў насустрач ворагу 4-ты пяхотны корпус генерала А.І. Остэрмана-Талстога. 25–26 ліпеня каля мястэчка Астроўна завязаўся бой. Рускія салдаты, а таксама палачане, віцябляне і ўраджэнцы Віленшчыны, якія служылі ў гэтым корпусе, на працягу двух дзён мужна адбівалі атакі праціўніка. Яны выстаялі, затрымалі французаў і дапамаглі 1-й арміі своечасова пакінуць Віцебск, каб накіравацца на Смаленск. Тут 3 жніўня дзве арміі аб’ядналіся, дасягнуўшы такім чынам першага стратэгічнага поспеху.
Калі асноўныя войскі Напалеона, праследуючы рускіх, дайшлі да Смаленска, на землях Беларусі (ліпень – жнівень 1812 г.) адбываліся баі і на іншых напрамках. Бітва каля в. Клясціцы (30 ліпеня – 1 жніўня, пад Полацкам) стала першай значнай перамогай рускай арміі ў вайне з Напалеонам. У ёй вызначыўся генерал-майор Я.П. Кульнеў, камандзір Гродзенскага гусарскага палка, які гераічна загінуў. У сярэдзіне ліпеня ў баявыя дзеянні ўключылася 3-я армія А.П. Тармасава, якая перамагла французаў пад Кобрынам (27 ліпеня 1812 г.). У раёне Мазыра змагаўся корпус генерал-лейтэнанта Ф.Ф. Эртэля. Ён правёў паспяховыя баі каля Пінска і в. Гарбацэвічы і дэблакіраваў гарнізон Бабруйскай крэпасці.
З аб’яднаннем армій пад Смаленскам завяршыўся першы этап вайны 1812 г. Наступіла невялікая перадышка. Абодва палкаводцы (М.Б. Барклай дэ Толі і П.І. Баграціён) бліскуча выканалі пастаўленую задачу: яны захавалі свае арміі. Нягледзячы на значныя страты (забітыя, параненыя, хворыя, адсталыя – каля 35 тыс. чалавек) і цяжкі пераход (больш за 700 км), рускія салдаты зноў былі гатовы прыняць бой – наперадзе іх чакалі галоўныя вялікія бітвы (Смаленская, Барадзінская і Бярэзінская).
Яшчэ задоўга да нападзення Напалеона на Расію заходнія губерні імперыі былі ўцягнуты ў водаварот ваенных і палітычных інтрыг. Наогул пытанне “Беларусь і вайна 1812 г.” шматграннае – тут няма той адназначнасці ў адносінах да Напалеона, як у рускага народа. Перад знешняй небяспекай расіяне – ад царскага двара да прыгоннага селяніна – аднадушна выступалі ў адпоры няпрошанаму ворагу. На землях былога Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) усё было намнога складаней, і тлумачыцца гэта папярэдняй гісторыяй. Далучэнне Літвы і Беларусі да Расіі стала вынікам падзелаў Рэчы Паспалітай. Беларускія землі апынуліся ў складзе цэнтралізаванай (з моцнай вярхоўнай уладай) Расійскай дзяржавы. Большая частка заможнай шляхты і магнатаў прысягнула на вернасць імперыі. Тыя, хто не пажадаў зрабіць гэта, вымушаны былі пакінуць тэрыторыю былога ВКЛ. Францыя дала прытулак многім эмігрантам, якія ад’язджалі ў Прусію, Саксонію і Варшаўскае герцагства, дзе ўступалі ў армію Напалеона. З палякаў і беларусаў былі сфарміраваны цэлыя дывізіі (генералаў Я. Дамброўскага, К. Князевіча, Ю. Заёнчака, І. Камінскага), што ўвайшлі ў корпус маршала Ю. Панятоўскага. З заключэннем Тыльзіцкага міру пагоршылася эканамічнае становішча заходніх губерняў. Расія пастаянна вяла ваенныя дзеянні, і на беларускіх землях знаходзіліся буйныя вайсковыя злучэнні, якія жорстка выкарыстоўвалі рэквізіцыйны спосаб забеспячэння харчаваннем і фуражом, што адбівалася непасільнымі падаткамі на сялянах. На іх плечы ляглі і шматлікія рэкруцкія наборы: з былых зямель ВКЛ у рускую рэгулярную армію пастаўлялася каля 15% салдат.
Для Беларусі вайна 1812 г. пачалася раніцай 24 чэрвеня, калі “Вялікая армія” фарсіравала Нёман і ўступіла на яе землі. 28 чэрвеня ў ходзе Віленскай аперацыі французы без бою занялі Вільню. З палітычных меркаванняў імператар дазволіў палку польскіх уланаў пад камандаваннем былога камергера расійскага імператарскага двара, нясвіжскага ардыната князя Д. Радзівіла першым уступіць у горад. Віленскі магістрат, польская і беларуская шляхта, духавенства ўрачыста віталі прыход французаў. Напалеон, жадаючы хутчэй прыцягнуць на свой бок усё беларускае і польскае дваранства, дэклараваў аднаўленне ВКЛ у межах Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губерняў і Беластоцкай вобласці. У хуткім часе амаль уся тэрыторыя Беларусі, акрамя паўднёва-ўсходніх паветаў, была захоплена французскімі войскамі і кантралявалася ваенным камандаваннем. Для кіравання акупіраванымі тэрыторыямі Беларусі і Літвы Напалеон зацвердзіў у Вільні часовы ўрад ВКЛ, які імкнуўся аб’яднаць княства з Польшчай. 14 ліпеня быў падпісаны акт аб “зліцці з народам Польшчы”. Аднак Напалеон, калі ўсё больш вызначаўся правал яго планаў па разгроме рускай арміі, не спяшаўся аднаўляць Рэч Паспалітую. Французскі імператар разумеў, што такі крок канчаткова выключыць магчымасць прымірэння з Аляксандрам I.
Галоўным абавязкам часовага ўрада ВКЛ з’яўлялася выкананне загадаў Напалеона – забеспячэнне французскай арміі прадуктамі і фуражом, правядзенне рэкруцкіх набораў, ахова грамадскага парадку ў краі. Беларускі народ павінен быў забяспечваць усім неабходным галоўныя сілы імператара, што пайшлі на Маскву, і тое 100-тысячнае войска, якое Напалеон пакінуў у Беларусі для аховы тылу “Вялікай арміі”. Назначаныя нормы былі непасільнымі. Людзі хавалі прыпасы, уцякалі ў лясы. У гэтых умовах у другой палове 1812 г. у Беларусі шырока разгарнуўся партызанскі рух. Сялянскія атрады нападалі на фуражыраў, знішчалі іх, палілі маёнткі тых памешчыкаў, якія актыўна супрацоўнічалі з акупантамі. Асабліва шырокі размах партызанскі рух атрымаў у Віцебскай і Магілёўскай губернях. Актыўна супраціўляліся ворагам жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак. Усё гэта вяло да правалу рэквізіцыйнай сістэмы забеспячэння напалеонаўскай арміі, адбівалася на баяздольнасці войск. Каб пракарміцца, салдаты адлучаліся ад сваіх часцей, займаліся марадзёрствам і грабяжом. У выніку падала дысцыпліна і армія несла вялікія страты.
З чэрвеня 1812 г. Беларусь стала арэнай працяглых ваенных дзеянняў: па яе тэрыторыі, асляплёная ілюзіямі маланкавай вайны і бліскучай перамогі, наступала напалеонаўская армія. Праз шэсць месяцаў яна бясслаўна вярталася назад, а для многіх французскіх салдат і афіцэраў беларускія лясы, палі, рэкі Полаччыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны ператварыліся ў магілы. Пасля выгнання Напалеона Беларусь яшчэ некалькі гадоў адчувала на сабе цяжар вайны. Да заканчэння ў чэрвені 1815 г. Венскага кангрэса праз яе землі праходзілі на захад рускія войскі. У гэты перыяд тэрыторыя Беларусі стала інтэнданцкай базай, тут была наладжана сетка шпіталяў, паштовая сувязь, у заходніх паветах канцэнтраваліся ваеннапалонныя напалеонаўскай арміі, вырашаўся лёс тых, хто служыў у беларуска-літоўскіх і польскіх войсках на баку ворага.
У час вайны 1812 г. былі разрабаваны, разбураны, спалены многія гарады, мястэчкі і вёскі. Холад, голад, хваробы прывялі да масавай гібелі людзей, а эпідэміі працягваліся яшчэ некалькі месяцаў і пасля вайны. Велізарныя страты панесла сельская гаспадарка: амаль на палову скарацілася пагалоўе жывёлы і пасяўной плошчы. Толькі добрыя ўраджаі пасляваенных двух гадоў выратавалі насельніцтва ад масавага голаду.
Нягледзячы на ваенныя бедствы, беларускія губерні ў 1813–1814 гг. не былі вызвалены ад рэкруцкіх набораў і паставак на патрэбы рускай арміі. Цар дараваў здраду мясцовым памешчыкам, якія пайшлі на службу да французаў, але нічога не зрабіў для сялян, нават тых, якія змагаліся ў партызанскіх атрадах на баку рускіх войск. Наадварот, прыгон у беларускіх вёсках пасля вайны рэзка ўзмацніўся.
Праходзяць гады… Пра далёкі 1812 г. нагадваюць шматлікія помнікі і мемарыялы, з якіх найбольш вядомымі з’яўляюцца Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве і ансамбль Дварцовай плошчы з Аляксандраўскай калонай у Санкт-Пецярбургу. У гонар перамогі рускіх войск над арміяй Напалеона на тэрыторыі Беларусі пастаўлены помнікі ў Брэсце, Верхнядзвінску, Віцебску, Кобрыне, Маладзечне, Полацку, Друі, у вёсках Астроўна, Капцэвічы, Клясціцы, Паддубна, Салтанаўцы, Сапяжынцы, Студзёнцы і інш. У в. Брылі ўзведзены помнікі не толькі рускім салдатам, але і французскім воінам. Кожны год сюды прыязджаюць прадстаўнікі грамадскасці, ваеннаслужачыя і дыпламаты з Францыі, каб ушанаваць памяць сваіх суайчыннікаў. З цягам часу ўсё больш выразна ўсведамляецца веліч гістарычных падзей 1812 г. Французска-руская кампанія выклікала лавіну ўспамінаў. Пра яе пісалі ўдзельнікі тых гераічных падзей, прадстаўнікі грамадзянскага насельніцтва, ваенныя, вучоныя, пісьменнікі і інш. Нягледзячы на тое, што тэма вайны багата адлюстравана ў розных літаратурных жанрах мінулага, яна і сёння хвалюе мастакоў слова, даследчыкаў, гісторыкаў, архівістаў, журналістаў. У дадатку штомесячнага бібліяграфічнага бюлетэня “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”, які выдаецца Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ўжо больш за 50 гадоў, змешчаны бібліяграфічны спіс “1812 год у гісторыі Беларусі: да 200-годдзя з пачатку вайны 1812 г.” (надрукаваны ў пятым нумары выдання за 2012 г.). Літаратура, прадстаўленая ў ім, адлюстроўвае падзеі вайны. Яна сістэматызавана па трох раздзелах і складаецца з дакументаў, выдадзеных пераважна з 2000 г. Гэта энцыклапедыі, кнігі, даведачныя выданні, часопісы, фотаальбомы і інш. Прапанаваны таксама афіцыйны сайт, дзе можна атрымаць інфармацыю пра вайну.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.