Гісторыя Гродзенскай тытунёвай фабрыкі “Нёман” пачалася 17 ліпеня 1861 г. Менавіта тады Гродзенскім губернскім праўленнем быў выдадзены дазвол на адкрыццё новага прадпрыемства мясцовым купцам Абраму Гордану і Лейбе Шэрэшэўскаму. Спачатку вытворчасць размяшчалася ў памяшканнях фабрычнага таварыства, у 1878 г. пераведзена ў каменны будынак на вуліцы Маставой. Вядома, што ў пачатковы перыяд тут працаваў 1 майстар і 3 рабочыя, а за год выраблялася папярос, цыгарэт, курыльнай і нюхальнай табакі на суму каля 2 тыс. рублёў. Паступова фабрыка пашыралася. У 1869 г. яна была аснашчана 3 варштатамі для нарэзкі табакі і коннай машынай для яе змяльчэння. У вытворчасці пачалі выкарыстоўваць расійскую, амерыканскую і турэцкую сыравіну.
У 1880 г. новы ўладальнік прадпрыемства Ёсель Шэрэшэўскі набыў сыравінныя склады і адкрыў магазіны на Крымскім паўвостраве, у Варшаве, Лодзі, Любліне, Дзвінску і іншых гарадах. Ён усталяваў на фабрыцы першыя паравыя машыны і катлы, новыя прэсы, сталы і варштаты для нарэзкі паперы, крышыльнае абсталяванне, тэлефон. Акрамя гэтага для забеспячэння поўнага закрытага працэсу выпрацоўкі тытуню набыў папяросна-гільзавую фабрыку і гільзавы завод, якія выпускалі папяровыя абалонкі для папярос і цыгарэт. На мяжы стагоддзяў на прадпрыемстве Шэрэшэўскіх працавалі ўжо да 1800 рабочых. Штомесячная зарплата ў залежнасці ад віду дзейнасці вагалася ад 1 да 32 рублёў, працоўны дзень доўжыўся ад 8 да 11 гадзін. Для работнікаў фабрыкі дзейнічалі вучылішча, медыцынскі пост, дзіцячы пакой, ашчадная каса і каса ўзаемадапамогі. Пашырэнне і мадэрнізацыя вытворчасці дазволіла Ё. Шэрэшэўскаму ў 1899 г. павялічыць выпуск прадукцыі да 2,4 млн рублёў. Сярод вырабаў – папяросы кручаныя “Арыстакратычныя”, “Флора”, “Праўда” і “Літаратурныя”, цыгары “Пальміра”, “Вікторыя”, “Раскоша” і інш. Вырабы гродзенскай фабрыкі сталі шырока вядомы ў Расійскай імперыі і за яе межамі. Яны неаднаразова станавіліся ўдзельнікамі розных выставак, за якасць адзначаліся ганаровымі ўзнагародамі: гран-пры Маскоўскай Усерасійскай выстаўкі (1882), сярэбранымі і залатымі медалямі міжнародных выставак у Амстэрдаме (1884), Новым Арлеане (1885), Парыжы (1889), Чыкага (1894), Рыме (1912).
У 1907 г. фабрыка была акцыянавана, што дазволіла ў чарговы раз павялічыць аб’ёмы вытворчасці. У гэты час мелася ўжо 17 прамысловых памяшканняў, дзе былі ўсталяваны найноўшае абсталяванне для крышэння і здрабнення сыравіны, папяросныя і гільзавыя машыны, 3 электрарухавікі. Працавалі тут у гэты перыяд 1200 работнікаў, выпускалася да 10 млн адзінак прадукцыі штогод. У гады Першай сусветнай вайны вытворчасць скарацілася. У 1924 г. прадпрыемства Шэрэшэўскіх апынулася на тэрыторыі Польшчы і было нацыяналізавана, у 1939 г. перайшло ва ўласнасць СССР. Да 1940 г. тут выпускалася каля 3 млн папярос і 20 т махоркі штогод. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны фабрыка перайшла на выпуск махоркі для патрэб нямецкай арміі, а за гады акупацыі была значна разбурана.
У пасляваенны перыяд, дзякуючы вялізным капіталаўкладанням, пачалося хуткае аднаўленне вытворчасці. Першая прадукцыя з’явілася ў 1949 г. З часам быў асвоены выпуск цыгарэт першага і другога гатунку пад назвамі “Мінск”, “Кастрычніцкія”, “Поўнач”, “Белавежскія”, “Вална”, “Байкал”, “Беларускія араматызаваныя”, цыгарэт з фільтрам “Ліра”, цыгарэт без фільтра “Чырвоная зорка”, “Памір”, “Гродзенскія” і інш. У 1964 г. фабрыка стала галаўным прадпрыемствам Тытунёвага вытворчага аб’яднання “Нёман”. Былі ўсталяваны новыя пнеўмамеханічныя машыны з аўтаматычным кіраваннем, змантавана першая ўстаноўка для вакуумнага ўвільгатнення ліставой табакі. Фабрыка ўваходзіла ў тройку найбуйнейшых вытворцаў тытуню ў СССР. А цыгарэты яе вытворчасці “Космас”, “Гродна”, “Арбіта”, “Астра” і “Прыма” з’яўляліся самымі папулярнымі сярод вырабаў сярэдняга класу.
У 2007 г. Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства ў складзе канцэрна “Белдзяржхарчпрам”. Было праведзена чарговае тэхнічнае перааснашчэнне і рэканструкцыя вытворчасці, устаноўлена найноўшае высокапрадукцыйнае тытунёвае і цыгарэтнае абсталяванне з магчымасцю выпускаць да 12 тыс. адзінак прадукцыі ў хвіліну. Пачалося супрацоўніцтва з тытунёвымі кампаніямі “British American Tobacco”, “Tobacco International Enterprises Limited” і “Japan Tobacco International” па выпуску на магутнасцях прадпрыемства сусветна вядомых брэндаў “ Kent”, “Pall Mall”, “Lucky Strike”, “Vogue” і інш. У цяперашні час прадпрыемства набывае сыравіну ў больш чым 30 краінах свету і ажыццяўляе поўны цыкл вытворчасці, які ўключае падрыхтоўку партый тытуню, апрацоўку і перапрацоўку ліставога тытуню, а таксама непасрэдны выраб цыгарэт. На прадпрыемстве выпускаецца больш за 40 відаў уласных цыгарэт пад назвамі “Minsk”, “Portal”, “VIP”, “NZ”, Прэм’ер”, “Магнат”, “Фэст” і іншых, якія кампанія экспартуе ў 15 краін свету. Прадукцыя фабрыкі “Нёман” адзначана шматлікімі ўзнагародамі конкурсаў “Мецэнат года”, “Лідар галіны”, “Прадукт года”, “Выбар года”, “Брэнд года”, “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.