Краткая справка:
першая надрукаваная кірыліцай кніга Бібліі, якая паклала пачатак беларускаму і ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню
Варианты названия:
"Песни царя Давыда еже словуть Псалтыръ"
3214 символа
Справка
У культурнай спадчыне кожнага народа кніга заўсёды займала адметнае месца. Ва ўсе часы яна была і застаецца крыніцай ведаў, сродкам асветы, выхавання, пазнання навакольнага свету, сувяззю паміж мінулым і сучасным. Галоўным дасягненнем эпохі Адраджэння стала з'яўленне друкаванай кнігі, якая паўплывала на нацыянальную свядомасць народаў, адкрыла новую старонку ў развіцці адукацыі, літаратурнай мовы, мастацтва, далучыла да скарбаў сусветнай цывілізацыі і культуры.
З'яўленне такой кнігі ў 1-й чвэрці XVI ст. на ўсходнеславянскіх землях звязана з дзейнасцю славутага палачаніна, асветніка-гуманіста Францыска Скарыны, які 6 жніўня 1517 г. выдаў у Празе «Псалтыр» – сваю першую кнігу.
Псалтыр з'яўляўся найбольш распаўсюджанай у славянскіх краінах кнігай. Яшчэ ў рукапісах ён служыў не толькі для богаслужэння, але і ў якасці дапаможніка для навучання дзяцей грамаце. У прадмове да свайго выдання Ф. Скарына ўказваў, што яго «Псалтыр» – «детем малым початок всякое доброе наукы». Асветнік падкрэсліваў навучальны характар кнігі: «Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполной Бивлии, Псалтыру, чти ее». У прадмове першадрукар раскрывае прыёмы выдання, апісваючы сістэму спасылак і глосы на палях, якія павінны былі растлумачыць чытачам незнаёмыя словы: «... положил есми на боцех некоторыи слова для людей простых...руским языком, что которое слово знаменуеть». «Псалтыр» Ф. Скарыны змяшчае 150 Давідавых псалмоў (твораў іудзейскай і хрысціянскай царкоўнай лірыкі) і выбраныя песні Майсеевы. Ён надрукаваны кірылічным шрыфтом на царкоўнаславянскай мове ў беларускай рэдакцыі. Фармат кнігі – у чвэрць аркуша, абъём –142 аркушы, якія сабраны ў 17 сшыткаў. У мастацкім афармленні першага выдання «Псалтыра» асабліва ярка адлюстраваліся пошукі рысавальшчыкаў і гравёраў на раннім этапе. Выданне ўпрыгожана ілюстрацыямі, гравюрамі, застаўкамі, ініцыяламі. Тытул «Псалтыра» традыцыйны для скарынаўскіх выданняў. Большую частку ліста займае гравюра на дрэве «Цар Давід» і назва кнігі. Адметным ад наступных выданняў з'яўляецца вырашэнне адваротнай старонкі тытула: тут дадзена гравюра «Генеалагічнае дрэва Ісуса» з подпісам унізе: «Песни царя Давида еже словуть Псалтырь». Тэкст пачынаецца з вялікага ініцыяла «П.», аздобленага выявай канюшыны. У пазнейшых выпусках Ф. Скарына адмовіўся ад франтыспіса. Больш выразным, арыгінальным з'яўляецца графічнае рашэнне першай старонкі тэксту «Псалтыра» (арк. 5-ы). Зверху тут змешчаны П-падобная застаўка з выявай вазы з кветкамі, а таксама мужчынскай і жаночай галавы з тулавам дракона і нагамі драпежнай птушкі. У пражскіх выданнях гэта адзіная буйная застаўка, гравіраваная белым шрыфтом па чорным фоне (калі не лічыць зборную рамку на тытуле «Бібліі»). Пад застаўкай тэкст, ніжэй выява Давіда, адбітая з папярэдняй дошкі. У белым квадраце П-падобнай застаўкі з асобнай дошкі ўпершыню адціснуты герб-сігнет С. Па кампазіцыі, багаццю графічнага матэрыялу, яго сінтэзу і гармоніі з наборам першая кніга Ф. Скарыны стала адной з лепшых у яго пражскіх выданнях. Яна паклала пачатак не толькі беларускаму, але і ўсяму ўсходнеславянскаму кнігадрукаванню.