Горад Слонім, у мінулым багаты гандлёвы цэнтр, узнік на мнагаводнай рацэ Шчары. Знаходзячыся на адным з галоўных шляхоў з Русі ў Прыбалтыку і Заходнюю Еўропу, ён ужо на пачатку сваёй гісторыі быў “яблыкам разладу” паміж рускімі і літоўскімі князямі. Першае ўпамінанне пра Слонім (тады Услонім, Вслонім) у Іпацьеўскім летапісе якраз і звязана з паведамленнем аб барацьбе галіцка-валынскіх князёў з літоўскім князем Міндоўгам.
Выгаднае геаграфічнае становішча зрабіла Слонім значным ваенна-адміністрацыйным і рамесна-гандлёвым цэнтрам на славяна-літоўскім паграніччы. У 1340 г. горад увайшоў у ВКЛ і стаў адным з квітнеючых гарадоў Панямоння. У 1531 г. ён атрымаў магдэбургскае права, а праз 60 год вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт ІІІ Ваза надаў гораду герб. Яго ўзнікненне звязана з уладальнікам горада – Львом Сапегам, канцлерам Вялікага княства Літоўскага, які ператварыў горад у буйны рамесны цэнтр. Тут працавалі розныя прамысловыя цэхі, развівалася ткацтва, ювелірная справа цяслярства, быў пабудаваны шыкоўны драўляны палац.
Пасля заключэння Люблінскай і Брэсцкай уній у Слоніме з’явілася шмат розных каталіцкіх ордэнаў: бернардзінцаў і бернардзінак, бенедзіктынак, дамініканцаў, канонікаў лютэранскіх і інш. Яны пачалі будаваць касцёлы, храмы, манастыры, якія мясціліся на самай старажытнай плошчы горада вакол былога замка – так паступова пачаў складвацца непаўторны выгляд гістарычнага Слоніма. Ён і сёння прыкоўвае ўвагу гараджан і гасцей жамчужынамі дойлідства, якімі з’яўляюцца: касцёл і кляштар бернардзінцаў (пабудаваны ў першай палове XVI ст., цяпер Троіцкая праваслаўная царква); касцёл бернардзінак з кляштарам (1664–1670), зараз дзейнічае; будынак сінагогі (1642 г.) – помнік архітэктуры барока, які па форме нагадвае касцёл, толькі без вежаў. Уражвае сваёй узнёслай прыгажосцю касцёл Святога Андрэя, закладзены ў 1490 г. Казімірам IV Ягелончыкам. Пабудаваны ў стылі ракако, ён некалькі разоў за гісторыю свайго існавання разбураўся, але зноў адраджаўся і ўжо ў наш час збірае вернікаў на імшу. Паводле легенды, у крыпце гэтага касцёла пахавана сэрца Міхала Казіміра Агінскага. Буйны палітычны дзеяч, шчодры мецэнат, кампазітар і музыкант, ён шмат зрабіў для Слоніма. На сродкі Агінскага ў 1767–1783 гг. быў пабудаваны канал, які злучыў раку Ясельду са Шчарай, што дазволіла ажывіць гандаль горада. На месцы палаца Сапегаў князь пабудаваў велічны мураваны палацавы комплекс з манежам, аранжарэяй, друкарняй, тэатрам з балетам і капэлай. Міхал Казімір Агінскі, быццам чараўнік, зрабіў цуд: ператварыў правінцыйны невядомы гарадок у буйны, еўрапейскі асяродак культуры – “сядзібу муз”, “Паўночныя Афіны” – так узнёсла называлі тады Слонім. На жаль, падзенне Рэчы Паспалітай і смерць гетмана Агінскага прагучалі фінальным акордам залатому веку горада на Шчары. Сёння тут шмат чаго няма – знік палац з яго пышнай “залай багінь” у стылі ракако (ад яго засталіся толькі рэшткі падмурка ды падвалы на Замчышчы). На месцы тэатра раскінуўся гарадскі парк, які выходзіць да канала (яго і цяпер называюць “каналам Агінскага”) і падзяляе горад на права- і левабярэжныя часткі. На левым беразе Шчары сфарміраваўся гістарычны цэнтр Слоніма, дзе дойлідства розных эпох прадстаўлена шматлікімі помнікамі, якія наглядна дэманструюць, наколькі шырокім быў дыяпазон мастацкага густу іх заказчыкаў і выканаўцаў – ад класіцызму да мадэрна, ад эклектыкі да канструктывізму. Горад на Шчары – старажытны Слонім – тоіць у сабе нямала адкрыццяў для кожнага, хто прыязджае сюды за гістарычнымі ўражаннямі.