Названия на других языках:
Brest Regional Homeland Museum (не определен); Brest Regional Museum of Local History (не определен); Брестский областной краеведческий музей (русский);
2993 символа
Справка
Рашэнне аб адкрыццi краязнаўчага музея было прынята Брэсцкiм аблвыканкамам 27 сакавiка 1945 г. Савет Народных Камісараў падтрымаў гэту ідэю і 11 чэрвеня 1945 г. выдаў пастанову “Аб аднаўленні гісторыка-краязнаўчых музеяў у гарадах Гомелі, Бабруйску, Пінску і Брэсце”.
Ужо ў жніўні 1945 г. Брэсцкім музеем пачала праводзіцца праца па зборы і вывучэнні матэрыялаў па Вялікай Айчыннай вайне на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. У 1948 г. музею быў перададзены будынак Брэсцкага Крыжаўзвiжанскага касцёла. На працягу некалькіх гадоў вёўся рамонт памяшканняў, выраблялася музейнае абсталяванне, набываліся кнігі ў бiблiятэку, вялася карпатлiвая праца па стварэннi фондавых калекцый. Першымi экспанатамi, запiсанымi ў асноўную кнiгу паступленняў у жнiўні 1950 г., былi фотаздымкi аднаўленчых работ i новабудоўляў у Брэсце. Першая выстава пад назвай “Брэсцкая вобласць у пасляваеннай сталiнскай пяцiгодцы” адкрылася ў музеі 16 верасня 1950 г. Першая пастаянная экспазiцыя пачала дзейнiчаць з 22 чэрвеня 1957 г.
У цяперашні час музейны збор налiчвае больш за 20 калекцый (161,9 тысяч адзiнак захоўвання), частка якiх – унiкальныя. Самая вялiкая i найстарэйшая калекцыя – археалагiчная, яе камплектаванне пачалося яшчэ ў 1950 г. У ёй прадстаўлены матэрыялы розных гістарычных эпох – ад каменнага веку да сярэдневякоўя, у тым ліку зброя, прылады працы, каменныя ідалы, пацеркі і іншыя старажытная знаходкі, у тым ліку з гарадзішча Бярэсце.
Багатая нумiзматычная калекцыя музея ўключае больш за 14 тысяч манет. Яе фармiраванне пачалося з манет Расiйскай Імперыi, выпушчаных у 1841–1911 гг. Маюцца ў калекцыі і манеты антычнага перыяду. Музей захоўвае таксама 18 скарбаў, знойдзеных на тэрыторыi Брэсцкай вобласцi ў 1954–1990 гг. (залатыя і сярэбраныя вырабы, манеты).
Калекцыя этнаграфii i прадметаў побыту адлюстроўвае самабытнасць Берасцейшчыны. У ёй прадстаўлены адзенне сямі строяў, распаўсюджаных на тэрыторыi вобласцi ў канцы ХІХ–пачатку ХХ стст., прадметы ткацтва, абразы, рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, шкло, кераміка, старажытныя музычныя інструменты, зброя і інш.
Брэсцкі абласны краязнаўчы музей мае 4 фiлiялы: унікальны помнік абарончага дойлідства “Камянецкая вежа” (1960), адзіны ў Еўропе археалагiчны музей усходнеславянскага горада “Бярэсце” (1982), музей твораў мастацтва і прадметаў антыкварыяту, канфіскаваных на беларускай мяжы пры спробе незаконнага вывазу, –“Выратаваныя мастацкiя каштоўнасцi” (1989) і Мастацкi музей (2002).
За час свайго існавання Брэсцкі абласны краязнаўчы музей стаў сапраўдным цэнтрам па вывучэнні гісторыі края. Штогод музей i яго фiлiялы арганiзуюць выстаўкi, музейныя i музычныя вечары, Днi краязнаўства, выязныя музеі. На базе музейных калекцый працуюць 5 музейна-педагагічных праграм, праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя міжнароднаму тыдню птушак, Сусветнаму дню аховы навакольнага асяроддзя, дню леса і інш.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага ў 2011 г.