Названия на других языках:
The Magilev Regional Puppet Theatre (не определен); Могилёвский областной театр кукол (русский);
3522 символа
Справка
У 1976 г. пры Магілёўскім гарадскім доме культуры быў створаны абласны тэатр лялек. Першапачаткова трупа складалася з выпускнікоў Магілёўскага вучылішча культуры і ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці. Афіцыйнае адкрыццё тэатра адбылося 23 мая 1977 г. спектаклем «Тыграня Петрык» па п'есе Г. Янушэўскай і Я. Вількоўскага. Менавіта гэтае тыграня, якоге ажывіў выдатны мастак Л. Быкаў, заваявала сэрцы юных гледачоў і стала своеасаблівым талісманам тэатра. Зараз Петрык і іншыя лялькі, якія больш не ўдзельчаюць у спектаклях, захоўваюцца ў музеі тэатра.
З 1979 г. Магілёўскі абласны тэатр лялек размяшчаецца ў цэнтры Магілёва (будынак тэатра быў узведзены ў 1854 г. на сродкі бабруйскага купца Мяшчаракова і з’яўляецца помнікам архітэктуры канца ХІХ ст.). У сувязі са старэннем канструкцый на працягу двух гадоў ішла яго рэканструкцыя, у выніку якой да тэатра быў далучаны новы корпус, дзе размясціліся зала для гледачоў, сучасная сцэна, харэаграфічная і рэпетыцыйная залы.
Найбольш плённы перыяд у творчасці тэатра звязаны з дзейнасцю рэжысёра А. Ляляўскага. Яго пастаноўкі «Кот у ботах» (паводле Ш. Перо), «Дзед і Жораў» (В. Вольскага), спектакль для дарослых «Трыстан і Ізольда» (паводле сярэдневяковага твора) адрозніваліся пошукам новых сродкаў сцэнічнай выразнасці, арыгінальнасцю. Найбольшы росквіт і папулярнасць прынёс тэатру ў 1990-я гг. таленавіты рэжысёр А. Жугжда, пад кіраўніцтвам якога была ажыццёўлена пастаноўка «Рыгорка – Ясная зорка» А. Вярцінскага ў жанры беларускай батлейкі. Вялікім поспехам карыстаўся спектакль «Піліпка і Ведзьма» (С. Кавалёва), аформлены ў жанры выцінанкі. У 2000-м г. А. Жугжда пакінуў тэатр, і калектыў амаль тры гады працаваў з запрошанымі рэжысёрамі. Сярод іх народны артыст Украіны С. Яфрэмаў, які паставіў спектаклі «Дзікія лебедзі», «Маленькі Клаус і Вялікі Клаус» (паводле Х. Андэрсана). Спрабавала сябе ў ролі рэжысёра актрыса тэатра Н. Бачкарова. Яна ажыццявіла пастаноўку спектакляў «Кошкін дом» (С. Маршака), «Крылы Дзюймовачкі» (паводле Х. Андэрсана). У юбілейны, 25-ы тэатральны сезон трупу ўзначаліў акцёр і рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек В. Корнеў, які стварыў спектаклі «Востраў напалову» (Л. Усцінава па матывах рамантычнай аповесці А. Грына «Пунсовыя ветразі»), «Вій» (паводле М. Гогаля), «Крылаты церамок», «Апошні подзвіг Кашчэя», «Мышаня Мікі і яго сябры» (па п'есах самаго рэжысёра).
За гады творчай дзейнасці тэатр шмат гастраляваў па Беларусі, Украіне, Прыбалтыцы, Расіі, Арменіі, Малдове, Польшчы. Яго калектыў з'яўляецца ўдзельнікам і лаўрэатам міжнародных фестываляў у Мінску, Брэсце, Разані, Белгарадзе, Краснадары (Расія), Плоўдзіве (Балгарыя), Субоціцы (Югаславія), Бергене (Нарвегія) і інш. Магілёўскі тэатр лялек мае некалькі Гран-пры (1998, Ужгарад, спектакль «Піліпка і Ведзьма» С. Кавалёва), (1999, Вінніца, спектакль «Казка пра трох парсючкоў» Л. Лі). На фестывалі «Белая Вежа» у Брэсце (2000) і Субоціцы (2001) лаўрэатамі сталі акцёры Г. Барысава (намінацыя «Лепшая жаночая роля») і М. Стешыц (намінацыя «Лепшая мужчынская роля»), занятыя ў спектаклі «Чырвоны Каптурык».
За час існавання Магілёўскі абласны тэатр лялек ажыццявіў каля 100 пастановак па арыгінальных п'есах і мастацкіх творах сусветнай класікі для дзяцей і дарослых. Магілёўскі абласны тэатр лялек – адзін з цэнтраў духоўнага і культурнага развіцця падрастаючага пакалення Магілёўшчыны: сёння ў яго рэпертуары больш за 20 спектакляў.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2013 г.