Названия на других языках:
Минский метрополитен (русский);
3243 символа
Справка
29 чэрвеня 1984 г. у Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё новага віду гарадскога транспарту – метро. На другі дзень пачаўся рэгулярны рух электрапаяздоў па хуткай, камфартабельнай трасе. У першы ўведзены ў эксплуатацыю ўчастак (даўжынёй 7,84 км) уваходзіла восем станцый і электрадэпо “Маскоўскае”. Гэта была дзевятая па ліку падземка на тэрыторыі Савецкага Саюза.
Стварэнне ў Мінску метро было жыццёвай неабходнасцю. У 1980-я гг. у горадзе працавала каля паўтары сотні буйных прадпрыемстваў, хутка расло насельніцтва. Наземны транспарт не спраўляўся з вялікім пасажырапатокам. 4 лютага 1977 г. Савет Міністраў СССР падпісаў распараджэнне № 264-р “Аб пачатку будаўніцтва метрапалітэна ў г. Мінску ў 1977 г.” Яшчэ адным дакументам (пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР ад 11 сакавіка 1977 г. № 89) узвядзенню метро надаваўся статут галоўнай будоўлі рэспублікі. Каля 250 прадпрыемстваў краіны ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта. У Мінск былі запрошаны спецыялісты з другіх гарадоў, якія мелі вопыт у такім будаўніцтве.
Работы пачаліся 3 мая 1977 г. каля парка Чалюскінцаў. Там 16 чэрвеня была забіта першая паля на месцы будучай станцыі. У сакавіку 1984 г., за тры месяцы да рэгулярнага руху, адбыўся пробны пуск электрапаяздоў. Восем станцый першай (Маскоўскай) лініі былі ўведзены ў эксплуатацыю датэрмінова, за што 150 будаўнікоў атрымалі ўрадавыя ўзнагароды. Праз два з палавінай гады на гэтай лініі ўступіў у строй новы участак: 1,6 км рэльсаў злучылі станцыю “Маскоўская” і “Усход”. У 2008 г. пачалі дзейнічаць яшчэ дзве станцыі – “Барысаўскі тракт” і “Уручча”. У апошнія гады Маскоўская лінія папоўнілася станціямі “Грушаўка”, “Міхалова,” “Пятроўшчына”, “Малінаўка”.
Другая лінія Мінскага метрапалітэна (Аўтазаводская) пачала будавацца ў студзені 1984 г. У гэты час быў закладзены першы камень на пляцоўцы будучай станцыі “Няміга”. У 1990 г. электрапаязды пайшлі па гэтай лініі ад станцыі “Фрунзенская” да Трактарнага завода. У 1995 г. уведзены ў эксплуатацыю ўчастак “Фрунзенская” – “Пушкінская”, у 1997 г. “Трактарны завод” – “Аўтазаводская”. У 1901 г. адбылося адкрыццё станцыі “Магілёўская”. З 2005 г. пачалі дзейнічаць “Спартыўная”, “Кунцаўшчына”, “Каменная горка”.
Мінскае метро працягвае будавацца. Спраектавана яго трэцяя лінія. У канцы 2017 г. на пачатку 2018 г. будуць працаваць першыя чатыры станцыі: “Кавальская Слабада”, “Вакзальная”, “Плошча Багушэвіча”, “Юбілейная плошча”. З уводам гэтага ўчастка ў метро з’явіцца яшчэ адзін перасадачны пункт, які дазволіць разгрузіць адзіны цяпер вузел “Кастрычніцкая” – “Купалаўская”. Трэцяя лінія праектавалася як аўтаматызаваны метрапалітэн, дзе паязды (пры неабходнасці) змогуць перавозіць пасажыраў без машыніста. Праз некалькі дзесяцігоддзяў працягласць Мінскага метро, згодна з перспектыўнымі планамі, складзе 70 км, дзе будуць працаваць 58 станцый.
Сёння Мінскае метро займае чацвёртае месца сярод шаснаццаці метрапалітэнаў краін былога Савецкага Саюза і ўступае толькі Маскве, Санкт-Пецярбургу і Кіеву. З пачатку яго эксплуатацыі аб’ёмы сярэднясутачнай перавозкі пасажыраў павялічыліся больш чым у 4,3 разы. За пяць месяцаў 2014 г. паслугамі метро карысталіся амаль 137 млн. пасажыраў.