Дзяржаўная ўстанова Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр (РНПЦ) «Маці і дзіця» ўтвораны ў адпаведнасці з загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 27.08.2004 г. № 203 шляхам зліцця Навукова-даследчага інстытута аховы мацярынства і дзяцінства (дзейнічаў з 1931 г.), Навукова-даследчага інстытута спадчынных і прыроджаных захворванняў (дзейнічаў з 1981 г.) і лячэбна-прафілактычнай установы “Рэспубліканская клінічная бальніца” (дзейнічала з 1968 г.). Мэтай стварэння цэнтра з'яўляецца ахова здароўя маці і дзіцяці, умацаванне рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва, удасканаленне службы планавання сям'і і медыка-генетычнага кансультавання, памяншэнне рэпрадуктыўных страт, зніжэнне захворванняў цяжарных жанчын і нованароджаных дзяцей, паляпшэнне дэмаграфічных паказчыкаў, распрацоўка і рэалізацыя асноўных навуковых напрамкаў па захаванні і ўмацаванні здароўя жанчын і дзяцей.
У сваёй структуры цэнтр мае два аддзелы: навуковы і клінічны. Навуковы аддзел прадстаўлены шасцю лабараторыямі: акушэрска-гінекалагічнай паталогіі; медыцынскай генетыкі і маніторынгу прыроджаных парокаў развіцця; цытагенетычных, малекулярна-генетычных і марфалагічных даследаванняў; праблем здароўя дзяцей і падлеткаў; клінічнай неанаталогіі, рэабілітацыі нованароджаных і дзяцей першага года жыцця; рэпрадуктыўнага здароўя. Асноўнымі напрамкамі навуковай дзейнасці з'яўляюцца распрацоўка і ўкараненне новых высокатэхналагічных метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння найбольш значнай акушэрскай, гінекалагічнай, перынатальнай, педыятрычнай і генетычнай паталогіі, накіраваных на рашэнне дэмаграфічных праблем у дзяржаве шляхам зніжэння рэпрадуктыўных страт, захворванняў жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, цяжарных, нованароджаных і дзяцей.
У клінічным аддзеле працуюць спецыялісты шырокага і вузкага профіляў па шаснаццаці розных спецыяльнасцях. Да яго адносяцца: гінекалагічнае аддзяленне, у складзе якога выдзелены месцы і для дзіцячай гінекалогіі; інфекцыйнае аддзяленне для нованароджаных; дзве клініка-дыягнастычныя лабараторыі (у тым ліку генетычная); кансультатыўна-паліклінічнае аддзяленне; аперацыйны блок; арганізацыйна-метадычнае аддзяленне; аддзяленне анестэзіялогіі-рэанімацыі з палатамі рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі для цяжарных, парадзіх і гінекалагічных хворых; аддзяленне анестэзіялогіі-рэанімацыі з палатамі рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі для нованароджаных; аддзяленне прамянёвай дыягностыкі; тры аддзяленні паталогіі цяжарнасці (у тым ліку экстрагенітальнай); аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі; чатыры педыятрычныя аддзяленні; прыёмнае аддзяленне; радзільнае фізіялагічнае і абсервацыйнае аддзяленне; фізіятэрапеўтычнае аддзяленне; эндаскапічнае аддзяленне.
Цэнтр уяўляе сабой унікальнае спалучэнне навуковага падыходу і практычнага вопыту. Такім чынам, навуковыя распрацоўкі, зробленыя ў навуковых лабараторыях цэнтра, не толькі ўкараняюцца для практычнага выкарыстання ў самім цэнтры, але і распаўсюджваюцца для ўкаранення ў рэгіёны краіны ў выглядзе рэкамендацый, інструкцый і метадычных дапаможнікаў. РНПЦ «Маці і дзіця» аснашчаны сучасным абсталяваннем і ўкамплектаваны кваліфікаванымі кадрамі, спецыялістамі, здольнымі аказаць дапамогу жанчынам і малым з рознымі паталогіямі. Таксама ў цэнтры маецца ўсё неабходнае для выходжвання неданошаных дзетак з экстрэмальна нізкай масай цела – ад 500 г да 1 кг. У радзільным аддзяленні забяспечаны добрыя бытавыя ўмовы. Для парадзіх уладкаваны адна-і двухмесныя камфартабельныя палаты, палаты для сумеснага знаходжання з дзіцем.
У цэнтры працуе аддзяленне планавання сям'і і дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій, дзе людзям з дыягназам «бясплоднасць» даюць магчымасць стаць бацькамі. Арганізуюцца гарачыя лініі па пытаннях аказання спецыялізаванай і акушэрска-гінекалагічнай дапамогі насельніцтву Рэспублікі Беларусь. На тэлефанаванні грамадзян адказваюць вядучыя спецыялісты цэнтра. У РНПЦ «Маці і дзіця» накіроўваюцца жанчыны з усёй Беларусі, якія маюць цяжкія прэнатальныя паталогіі: захворванні сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай, вылучальнай сістэм; паталогіі, звязаныя з анкалагічнымі захворваннямі і інш. Асноўнае прызначэнне цэнтра – аказанне высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі жанчынам, якія асабліва маюць у ёй патрэбу. Цэнтр з'яўляецца лепшым у рэспубліцы ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Пад наглядам спецыялістаў цэнтра жанчыны з сур'ёзнымі захворваннямі маюць рэальную магчымасць нарадзіць здаровае дзіця, а ў цяжкіх выпадках – мінімізаваць ускладненні цяжарнасці і родаў.
РНПЦ «Маці і дзіця» з'яўляецца лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне" (2015).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.