Дата начала: 18.01.1921 Мінск, г.
Краткая справка: рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства
Названия на других языках: Издательство "Беларусь" (русский);
Предыдущие названия: Беларускае дзяржаўнае выдавецтва; Выдавецтва ЦК КП(б)Б "Савецкая Беларусь"; Дзяржаўнае выдавецтва БССР
Выдавецтва “Беларусь” з'яўляецца найстарэйшым у рэспубліцы: гісторыя “Беларусі” пачалася ў студзені 1921 г., калі Прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову “Аб стварэнні Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі і цэнтралізацыі друкарскай справы”, што было адной з многіх мер па развіцці нацыянальнай культуры. Дзяржаўнае выдавецтва БССР было створана на базе Беларускага аддзялення Дзяржаўнага выдавецтва РСФСР і выпускала ўласныя выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. За 1921 г. выйшла 196 кніг агульным тыражом 1526 тыс. экзэмпляраў. Са снежня 1922 г. Дзяржвыд уваходзіў у склад Дзяржаўнага трэста выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі (“Белтрэстдрук”). У ліпені 1924 г. на базе “Белтрэстдруку” і кааператыўнага выдавецтва “Савецкая Беларусь” было створана Беларускае дзяржаўнае выдавецтва – найбуйнейшая выдавецкая ўстанова рэспублікі, якая мела сваю паліграфічную базу, кнігагандлёвую сетку, садзейнічала пашырэнню тэматыкі і павышэнню ўзроўню выданняў. У пачатку свайго існавання прадпрыемства займалася выпускам перыядычных выданняў, навукова-педагагічнай, сельскагаспадарчай, мастацкай і дзіцячай літаратуры. Рыхтавала і друкавала творы Я. Коласа, Я. Купалы, П. Броўкі, З. Бядулі, К. Крапівы, А. Куляшова, М. Лынькова, І. Мележа, М. Танка, К. Чорнага, І. Шамякіна, лепшыя ўзоры рускай і сусветнай класічнай літаратуры. У 1934 г. установа была перайменавана ў Дзяржаўнае выдавецтва БССР.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўстанова працавала ў Маскве (з 1942 г. да 1943 г. як выдавецтва ЦК КП(б)Б “Савецкая Беларусь”). Выпушчаныя кнігі, брашуры, лістоўкі перасылаліся на акупіраваную ворагам тэрыторыю, заклікалі беларускі народ да барацьбы з нямецкімі захопнікамі. У 1944 г. выдавецтва аднавіла работу ў Мінску. Нягледзячы на тое, што паліграфічная база была амаль поўнасцю знішчана і аднаўленне яе вялося ў цяжкіх умовах, ужо ў 1945 г. было выпушчана 169 кніг і брашур агульным тыражом 3853 тыс. экзэмпляраў. З 1963 г. з’явілася назва “Беларусь”, з 2000 г. – РУП «Выдавецтва “Беларусь”». На базе "Беларусі" былі створаны выдавецтвы “Народная асвета” (1951), “Ураджай” (1961), “Мастацкая літаратура” (1972). У 2002 г. шляхам аб'яднання ў склад “Беларусі” ўвайшлі выдавецтвы “Полымя” і “Ураджай”.
Выдавецтва “Беларусь” супрацоўнічае з вядомымі беларускімі мастакамі, кампазітарамі, дзеячамі навукі, ажыццяўляе выданне і перавыданне іх кніг, альбомаў, адкрывае новыя імёны. Каб зрабіць свае выданні адметнымі, спецыялісты “Беларусі” выязджаюць у экспедыцыі па краіне, вывучаюць музейныя зборы, фатаграфуюць рарытэты. Выдавецтва спецыялізуецца на выпуску грамадска-палітычнай, навукова-папулярнай, мастацка-публіцыстычнай, краязнаўчай, гістарычнай, медыцынскай, даведачнай, вучэбнай, музычнай і іншай літаратуры. Адным з прыярытэтных напрамкаў з'яўляецца выданне кніг і альбомаў па выяўленчым мастацтве, фотаальбомаў аб беларускай прыродзе, гарадах Беларусі, якія славяцца сваёй гісторыяй і архітэктурай, календароў, паштовак.
Кнігі і альбомы “Беларусі” не раз упрыгожвалі нацыянальныя экспазіцыі на міжнародных і рэспубліканскіх кніжных кірмашах і конкурсах. На Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” (2006) альбом “Напалеон Орда” атрымаў Гран-пры і быў названы лепшым выданнем па выяўленчым мастацтве за 2006 г.; высокую ацэнку і дыпломы атрымалі багата ілюстраваныя навукова-папулярныя выданні, якія знаёмяць чытачоў з помнікамі архітэктуры і мастацтва Беларусі (“Мінскі Свята-Духаў кафедральны сабор”, “Нясвіжскі касцёл Божага Цела”, “Шагал і Віцебск” і інш.). Сярод прэстыжных узнагарод – дыплом 3-й ступені ў намінацыі “Мае ўніверсітэты”, якім адзначаны альбом “Мужчынскі касцюм на Беларусі” Л. Ракавай і В. Бялявінай на ІV Міжнародным конкурсе сярод дзяржаў СНД. Аўтары прасачылі працэс развіцця мужчынскага касцюма і асноўных відаў адзення магнатаў і шляхты, гарадскога і сельскага насельніцтва Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды (ад ХІ да сярэдзіны ХX ст.). У 2009 г. па выніках Міжнароднага конкурсу краін СНД альбом “Царские охоты в Беловежской пуще” І. Пармузінай удастоены прэміі “Залаты фаліянт”. Ён жа на юбілейным 50-м Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” (2010) быў названы лепшым навукова-папулярным выданнем. Альбом “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” на Рэспубліканскім конкурсе “Мастацтва кнігі” (2009) атрымаў дыплом II ступені ў намінацыі “Лепшы альбом”.
Сярод найбольш знакавых кніг – найперш тыя, якія расказваюць пра Беларусь, яе мінулае і сучаснасць (“Минскъ сто гадоў таму” З. Шыбекі, “Гісторыя беларускага мастацтва : у 2 т.” Б. Лазукі, “Беларуская міфалогія”, “Манеты беларускай даўніны” Д. Гулецкага, “Саборы помняць усё” Т. Габрусь, “Мастацтва кнігі Беларусі XX стагоддзя” М. Баразны і інш.). Па апошнім з пералічаных выданняў можна прасачыць, як мянялася аздабленне кніг, у тым ліку выдавецтва “Беларусь”, на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Павышаным чытацкім попытам карыстаюцца таксама такія кнігі, як “Скарбы прыроды Беларусі”, “Замки Беларуси” М. Ткачова, “Гербы і сцягі гарадоў і раёнаў Беларусі” С. Рассадзіна, А. Міхальчанкі, “Мінск. Гісторыя пасляваеннага аднаўлення, 1944–1952”, “Мінск. Гістарычны партрэт горада, 1953–1959” В. Кірычэнкі; альбомы “Прынёманне”, “Полацк музейны”, “Полацкі Сафійскі сабор” і інш. Цікавымі, адметнымі праектамі сталі “Малая дзіцячая Чырвоная кніга” В. Гардзея, аналагаў якой яшчэ не было ў Беларусі; “Агнявыя дарогі да Перамогі”, куды ўключаны творы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны; “Павел Сухой и его крылатыя шедевры” Л. Кузьміной – кніга аб ураджэнцы г. Глыбокае, выдатным авіяканструктары, чыё імя стаіць у адным шэрагу з многімі праслаўленымі стваральнікамі самалётаў; альбом “Полацк, які мы любім”, у стварэнні якога прынялі ўдзел многія жыхары горада і інш.
Стала традыцыяй штогод да Дня беларускага пісьменства выдаваць кнігу або маляўнічы альбом пра той горад, дзе праводзіцца свята. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца краявіды Гродна, Віцебска, Слоніма, Ліды, Навагрудка. Штогод выдаюцца панарамы сталіцы. За апошнія гады выйшла некалькі альбомаў з відамі Мінска 20–60-х гг. XX ст. – рэпрадукцыямі старых фота, паштовак. Традыцыйна ажыццяўляецца выпуск кніг дзяржаўнай значнасці, такіх як Канстытуцыя, каталог узнагарод, якія існуюць у краіне. Некаторыя выданні “Беларусі” выходзяць напярэдадні значнай даты: юбілею з дня нараджэння знакамітай асобы або важнай падзеі ў гісторыі краіны. Так, у сувязі з 200-годдзем з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры з'явіўся фотаальбом “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, напярэдадні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы выйшла манаграфія “Ваяры Грунвальдскай бітвы” Ю. Бохана, да 600-годдзя ўвядзення ахоўнага рэжыму ў цудоўным прыродным запаведніку “Белавежская пушча” быў прымеркаваны выпуск фотаальбома “Белавежскае дзіва”. Апошняя работа з’яўляецца прадметам асаблівага гонару: на старонках выдання прадстаўлены не толькі фотаздымкі прыродных багаццяў, але і гістарычныя кадры – архіўныя матэрыялы, старыя паштоўкі, фота рэчаў, якія знайшлі археолагі ў час раскопак у запаведным лесе.
Ужо 90 гадоў “Беларусь” трымае марку аднаго з самых прэстыжных выдавецтваў. У 1980 г. яно было ўзнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Выдавецтва ажыццяўляе выпуск каля ста найменняў у год розных відаў выданняў на беларускай і рускай мовах. Многія з іх разлічаны таксама і на замежных чытачоў, таму тэкст часта прыводзіцца на іншых мовах. У пераважнай большасці выпуск ажыццяўляецца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавецтва прымае заказы на выданне кніг, каталогаў, буклетаў, праспектаў і іншай друкаванай прадукцыі, гарантуе пры гэтым аператыўнасць і высокую якасць. Набыць прадукцыю можна як у кнігарнях, так і ў вядучых музеях краіны, турысцкіх цэнтрах, гасцініцах і інш. Штогод сацыяльна значнымі выданнямі “Беларусі” папаўняюцца фонды бібліятэк краіны.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.