Краткая справка:
гераічная абарона савецкімі войскамі крэпасці над Бугам у час Вялікай Айчыннай вайны
Варианты названия:
Абарона Брэсцкай крэпасці; Брэсцкая крэпасць, абарона
Названия на других языках:
Брестской крепости оборона 1941 (русский); Оборона Брестской крепости (русский);
4553 символа
Справка
Брэсцкая крэпасць была адным з самых магутных ваенна-інжынерных збудаванняў Расійскай Імперыі на яе заходніх рубяжах. Гэты фартыфікацыйны комплекс разам з тэрыторыяй старажытнага Брэста ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і знаходзіцца пад аховай дзяржавы.
Месца для будаўніцтва Брэсцкай крэпасці прапанаваў у 1797 г. ваенны інжынер Дэвалан. Канчатковы праект (аўтарамі з’яўляліся генералы Малецкі, К. Оперман і палкоўнік А. Фельдман) быў зацверджаны Мікалаем I у 1830 г. 1 чэрвеня 1836 г. адбылася закладка першага каменя. 26 красавіка 1842 г. магутны комплекс пачаў дзейнічаць. Размяшчалася крэпасць на месцы старажытнага Брэста і ў пачатку свайго існавання лічылася адным з самых дасканалых умацаванняў Расійскай Імперыі. Яна знаходзілася на чатырох астравах, утвораных рукавамі рэк Мухавец і Заходні Буг, сістэмай каналаў. Складалася з Цэнтральнага ўмацавання (Цытадэлі) і трох перадмаставых умацаванняў – Цярэспальскага, Валынскага, Кобрынскага, якія прыкрываліся землянымі валамі вышынёй 10 м з каменнымі казематамі ўнутры. Тэрыторыя Цытадэлі агароджвалася двухпавярховай пяцівугольнай абарончай казармай з чатырма брамамі – Цярэспальскай, Холмскай, Беластоцкай і Брэсцкай, што праз масты злучалі цэнтральны востраў з астатнімі ўмацаваннямі. У 500 казематах казармы магло размясціцца больш за 12 тыс. салдат. Вонкавыя сцены (таўшчыня – 2 м) мелі байніцы і амбразуры для стральбы з ружжаў і гармат. Архітэктурным цэнтрам Цытадэлі была гарнізонная Мікалаеўская царква (1856–1879, архітэктар Д. Грым), пабудаваная на самым высокім месцы. Кобрынскае ўмацаванне складалася з чатырох бастыённых фортаў і трох равелінаў. З Цытадэллю яно было злучана Брэсцкай і Беластоцкай (Брыгіцкай) брамамі і мастамі цераз Мухавец. Цярэспальскае ўмацаванне мела чатыры земляныя люнеты, звязаныя ровам. Цярэспальскай брамай і канатным мостам (самым вялікім на той час у Расійскай Імперыі) цераз Заходні Буг яно злучалася з Цытадэллю. Валынскае ўмацаванне складалася з двух бастыённых фортаў з двума равелінамі; з Цытадэллю было злучана Холмскай брамай і пад’ёмным мостам цераз Мухавец. Холмская брама мела чатыры вежы з зубцамі. Над уязным праёмам Цярэспальскай брамы размяшчаліся чатыры ярусы вузкіх акон-байніц, над якімі пазней была надбудавана пяціярусная вежа з дазорнай пляцоўкай. Па вонкавай лініі крэпасці праходзіў земляны вал вышынёй да 10 м з цаглянымі казематамі, за ім пракапаны каналы з перакінутымі цераз іх мастамі. Перадмаставыя ўмацаванні злучаліся з прылеглай да крэпасці тэрыторыяй праз Паўночную, Паўночна-Заходнюю, Усходнюю, Паўднёвую брамы і Варшаўскі праезд.
У 1864 г. пачалася рэканструкцыя Брэсцкай крэпасці: патоўшчаны галоўны вал, узведзены два рэдзюіты на Кобрынскім умацаванні, пабудаваны два парахавыя скляпы на 5 тыс. пудоў кожны, праводзіліся і іншыя работы. У 1878 г. зацверджаны план будаўніцтва перадавых умацаванняў. Да 1888 г. створана дзевяць фартоў. Гэта былі земляныя ўмацаванні з артылерыяй, размешчанай на валах, і невялікімі казематамі. У 1912 г. зацверджаны генеральны план пашырэння крэпасці на 1912–1921 гг. Летам 1913 г. пачата будаўніцтва, якое завершана да кастрычніка 1914 г. Лінія крапасной абароны складалася з 14 фартоў, 5 абарончых казармаў, 21 апорнага пункта. Аўтарамі планаў мадэрнізацыі ў розны час з’яўляліся расійскія ваенныя інжынеры – генерал Э. Татлебен, штабс-капітан І. Бялінскі, палкоўнік Г. Лагорыа, інжынер-капітан Д. Карбышаў, які ў далейшым стаў генералам, Героем Савецкага Саюза (пасмяротна).
Брэсцкая крэпасць заставалася буйным вузлом камунікацый, важнейшым фарпостам, што прыкрываў адзін з галоўных стратэгічных напрамкаў на Мінск і Маскву. Між тым яна не рыхтавалася да ваенных дзеянняў, ужо ў пачатку XX ст. страціла значэнне абарончага збудавання і выкарыстоўвалася толькі для размяшчэння войск. 22 чэрвеня 1941 г. гарнізон Брэсцкай крэпасці прыняў першыя ўдары нямецкай арміі і больш за месяц трымаў абарону. 28 ліпеня 1944 г. крэпасць вызвалена ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі. У час вайны знішчаны або пашкоджаны амаль усе яе будынкі, якія мелі гістарычную ці мастацкую каштоўнасць. У верасні 1965 г. быў упершыню запалены Вечны агонь (дастаўлены з Ленінграда, са знакамітага Марсава поля). Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць і гераізм воінаў гарнізона 8 мая 1965 г. Брэсцкай крэпасці прысвоена ганаровае званне “Крэпасць-герой”. На яе тэрыторыі ў 1956 г. створаны Музей абароны Брэсцкай крэпасці, у 1971 г. адкрыты Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”.