Брэсцкая крэпасць, пабудаваная ў першай палове XIX ст., ведала перыяды росквіту і ваеннай моцы. Яна лічылася дасканалым і амаль непрыступным стратэгічным аб’ектам. Але ў гісторыі нічога не бывае адназначным.
Самую вядомую бітву Брэсцкая крэпасць прыняла 22 чэрвеня 1941 г. Гарнізон крэпасці першым уступіў у няроўны бой з войскамі фашысцкай Германіі, праявіўшы пры гэтым надзвычайную стойкасць, мужнасць і адвагу. Подзвіг абаронцаў зрабіў Брэсцкую крэпасць легендай.
8 мая 1965 г. Брэсцкай крэпасці было прысуджана ганаровае званне “Крэпасць-герой”, уручаны ордэн Леніна і медаль “Залатая Зорка”, якія знаходзяцца на вечным захоўванні ў музеі абароны. Сам музей з’яўляецца часткай мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Адкрыццё Музея гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці пры гарнізонным Доме афіцэраў (так ён тады называўся) адбылося 8 лістапада 1956 г. Музей размешчаны ў былой кальцавой казарме 33-га інжынернага палка. Паступова воінскія часці вывозіліся, дзякуючы энтузіязму супрацоўнікаў пашыралася экспазіцыя, і музей у хуткім часе апынуўся пад апякунствам Міністэрства культуры.
Асноўная экспазіцыя музея займае 10 залаў, кожная з якіх паслядоўна расказвае аб шматгадовай гісторыі крэпасці. Будаўніцтва ўмацавання, падзеі, звязаныя з крэпасцю ў перыяд з канца XIX ст. да верасня 1939 г., перадваеннае жыццё гарнізона, вераломны напад нямецкіх войскаў на СССР, прыгранічныя баі ў раёне Брэста, гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, удзел абаронцаў крэпасці ў далейшых падзеях Вялікай Айчыннай вайны – далёка не поўны спіс тых раздзелаў, па якіх групуюцца матэрыялы экспазіцыі.
У фондах музея захоўваюцца шматлікія рэліквіі, здабытыя з руін умацаванняў крэпасці, уласныя рэчы і даваенныя пісьмы ўдзельнікаў абароны, фотаздымкі. Прадстаўлены працы мастакоў і скульптараў, у якіх тэма гераічнай абароны крэпасці атрымала яскравае і праўдзівае ўвасабленне. Незабыўнае ўражанне пакідаюць карціны “Абаронцы Брэсцкай крэпасці”, “Нарада камандзіраў” П. Крываногава, “Партыйны сход на Усходнім фронце” В. Бундзіна, “Брэст, 1941 год” М. Бута. Вялікую каштоўнасць мае работа брэсцкага народнага ўмельца, разьбяра па дрэве Ю. Чэрнева “Першая гадзіна вайны” (бой каля Холмскіх варот). Асобны стэнд прысвечаны пісьменніку С.С. Смірнову, які зрабіў вялікі ўклад у распрацоўку подзвігу абаронцаў. У 1955 г. ён апублікаваў некалькі артыкулаў у газетах і часопісах, а ў 1956 г. выйшлі кнігі пісьменніка “Крэпасць на мяжы” і “Крэпасць над Бугам”, у якіх адкрыліся новыя падзеі і імёны. У гэтым жа годзе быў зняты фільм “Бессмяротны гарнізон”.
У кіназале музея дэманструюцца хранікальна-дакументальныя фільмы пра абарону крэпасці: “Цытадэль Славы” (1961), “Я, крэпасць, вяду бой” (1973), “Стаялі насмерць” (1974). Акрамя гэтага можна ўбачыць зборнікі ўспамінаў удзельнікаў падзей – “Гераічная абарона” (1961) і “Буг у агні” (1965).
Пра подзвіг слаўнага гарнізона складзены песні, створаны сімфанічныя паэмы і сюіты, харэаграфічныя кампазіцыі і оперы. Вялікую папулярнасць набылі песні: “Калі б камні маглі гаварыць”, “Брэсцкая крэпасць”, “Бессмяротны гарнізон” і інш.
Музей абароны Брэсцкай крэпасці з’яўляецца цэнтрам ваенна-патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання моладзі, месцам правядзення памятных мітынгаў, святочных мерапрыемстваў, сустрэч ветэранаў. Больш за 20 мільёнаў чалавек з розных краін свету пазнаёміліся з яго славутымі экспанатамі, сведкамі былых гераічных падзей.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2006 г.