Ужо шэсцьдзесят гадоў працуе на карысць роднай Беларусі выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Народная асвета”, якое выпускае вучэбную і вучэбна-метадычную літаратуру.
Днём нараджэння выдавецтва лічыцца 1 красавіка 1951 г. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР было створана Дзяржаўнае вучэбна-педагагічнае выдавецтва Міністэрства культуры Беларусі “Народная асвета”, якое з 1963 г. мае сучасную назву.
Свой пачатак выдавецтва бярэ ад рэдакцыі вучэбна-педагагічнай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР, перад калектывам якой у 1944 г. была пастаўлена складаная задача – у кароткі тэрмін забяспечыць школы падручнікамі і аднавіць кніжны фонд рэспублікі. Вялася вялікая работа па складанні арыгінальных падручнікаў па беларускай мове і літаратуры, па перакладзе на беларускую мову рускіх падручнікаў па іншых прадметах. Патрэба забеспячэння школ не толькі падручнікамі, але і іншымі навучальнымі дапаможнікамі – слоўнікамі, дыдактычнай літаратурай – з кожным годам павялічвалася. У пачатку сваёй дзейнасці выдавецтва перажывала цяжкі арганізацыйны перыяд: не хапала кваліфікаваных спецыялістаў – рэдактараў, карэктараў, мастакоў; на нізкім тэхнічным узроўні знаходзілася паліграфічная база. Паступова склаўся творчы калектыў, які мог выконваць складаную задачу забеспячэння не толькі школ і дашкольных устаноў, але і педагагічных вучылішчаў і ВНУ рэспублікі ўсёй неабходнай літаратурай: падручнікамі, навучальнымі дапаможнікамі, хрэстаматыямі, дыдактычнымі матэрыяламі, працоўнымі сшыткамі, метадычнымі дапаможнікамі, слоўнікамі, навукова-папулярнай і даведачнай літаратурай. Рэдактары шукалі тэмы, аўтараў, формы падачы матэрыялу, раіліся з вучонымі, практыкамі, супрацоўнічалі з рэцэнзентамі, мастакамі, паліграфістамі.
Вялікая заслуга ў наладжванні работы выдавецтва належыць першаму галоўнаму рэдактару С. К. Майхровічу. Аб высокім навуковым, культурным і інтэлектуальным патэнцыяле калектыву прадпрыемства сведчыць тое, што ў ім працуюць спецыялісты самых розных галін ведаў і ўзроўню падрыхтоўкі – навуковыя супрацоўнікі, пісьменнікі, выкладчыкі ВНУ, якія прымяняюць сучасныя тэхналогіі рэдакцыйна-выдавецкіх працэсаў у падрыхтоўцы да друку. Выпушчаны кнігі ў серыях “Бібліятэка настаўніка пачатковых класаў”, “Бібліятэка настаўніка беларускай мовы і літаратуры”, “Бібліятэка настаўніка рускай мовы”, “Беларуская мова: гісторыя і сучаснасць”, якія дапамаглі настаўнікам весці навучанне на высокім навукова-тэарэтычным узроўні. Выйшла шмат навукова-пазнавальных кніг для дзяцей у серыях “Школьнікам аб гісторыі Беларусі”, “Народныя пісьменнікі Беларусі”, “Наша прырода”, “Вучням аб прафесіях”, а таксама выдадзены фотаальбомы пра жыццё і творчасць Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, К. Чорнага, І. Шамякіна і іншых; творы М. Гогаля, М. Горкага, Л. Талстога; працы класікаў педагагічнай навукі.
Цікавасць юных чытачоў выклікалі гісторыка-літаратурныя нарысы “Незабыўнымі сцежкамі” С. Александровіча, “Падарожжа ў XIX стагоддзе” А. Мальдзіса, “Зямля пад белымі крыламі” У. Караткевіча. З 1996 г. “Народная асвета” забяспечвае вучэбнай літаратурай спецыяльныя агульнаадукацыйныя школы, дзе вучацца дзеці з затрымкай фізічнага і псіхічнага развіцця.
У кожнага выдавецтва ёсць кнігі, якія складаюць яго залаты фонд. У “Народнай асветы” такая кніга – “Буквар”. Яе аўтар – вядомы беларускі пісьменнік А. Клышка. Яго “Буквар” атрымаў шырокае прызнанне ў рэспубліцы і за яе межамі, адзначаны шматлікімі граматамі, дыпломамі, сярэбраным медалём ВДНГ СССР і залатым медалём Міжнароднага Лейпцыгскага кірмашу 1977 г. З сярэдзіны 1960-х гг. выдавецтва пачало больш шырока ўдзельнічаць у выстаўках навучальна-педагагічнай літаратуры. У 1965 г. два падручнікі былі адзначаны медалямі ВДНГ СССР: залатым медалём – кніга для чытання ў 3-м класе “Росинка” (аўтар Н. Лапіцкая), бронзавым – кніга для чытання ў 2-м класе “Роднае слова” (аўтары М. Марчанка, Г. Мажэйка). У 1967 г. сярэбраны медаль атрымала чытанка для 2-га класа “Зарничка” (аўтар Н. Лапіцкая). Гэта першыя ўзнагароды за арыгінальныя падручнікі. Пасля амаль штогод выдавецтва прымала ўдзел у выстаўках як у Беларусі, так і за яе межамі (у Маскве, Варшаве, Франкфурце-на-Майне і іншых гарадах), дзе атрымала шмат розных узнагарод. Выдавецтва друкуе кнігі на беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай і іншых мовах.
Галоўная і асноўная дзейнасць “Народнай асветы” накіравана на выкананне дзяржаўнага заказу Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь на выданне падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для традыцыйнай і рэфармуемай школы. Акрамя таго, выпускае сацыяльна значную літаратуру па заказе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Кнігі, выдадзеныя на высокім прафесійным узроўні, – вынік шматгадовай дзейнасці гэтага калектыву.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.