Заснавальнікамі “Чырвонай змены” сёння з'яўляюцца ўстанова «Рэдакцыя газеты “Звязда”» і грамадскае аб'яднанне “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. З 23 красавіка 2002 г. “Чырвоная змена” выходзіць у якасці дадатку да газеты “Звязда” (адзін раз у тыдзень).
Першы нумар газеты выйшаў 21 красавіка 1921 г. на рускай мове пад назвай “Красная смена” (такі загаловак існаваў да 1924 г.). Рэспубліка ў той час пачынала вялікую работу па аднаўленні разбураных заводаў, фабрык, чыгункі, стварэнні новых узаемаадносін паміж вёскай і горадам, ліквідацыі непісьменнасці. Адно з важнейшых месцаў у рашэнні пастаўленых задач адводзілася моладзі. З пачатку свайго існавання “Чырвоная змена” была сапраўдным змагаром за навуку, імкнулася прывіць чытачам любоў да вучобы, высокай культуры. Перыядычнасць у першыя месяцы была адзін раз у тыдзень. Да канца 1921 г. калектыў рэдакцыі ажыццявіў выхад газеты два разы ў тыдзень, а праз некаторы час і тры. Афармленне спачатку было даволі сціплае. Ім займаўся адзін для ўсіх маладзёжных выданняў мастак. Газета таксама змяшчала на сваіх старонках малюнкі, карыкатуры сваіх аўтараў. У 1920-я гг. “Чырвоная змена” праявіла велізарную актыўнасць і настойлівасць у выяўленні і выхаванні літаратурных талентаў, з'яўлялася своеасаблівай школай для пачынаючых паэтаў і пісьменнікаў. Вакол яе вельмі хутка згуртаваліся М. Чарот, А. Бабарэка, А. Вольны, А. Дудар, А. Александровіч і інш. Свае першыя паэтычныя радкі дасылалі П. Броўка, П. Трус, П. Глебка, А. Дудар, М. Хведаровіч. У 1925–1926 гг. матэрыялы выдання друкаваліся на беларускай і рускай мовах. Папулярнасць “Чырвонай змены” расла з кожным нумарам. Аўдыторыя чытачоў заўсёды хвалявалася за лёс “сваёй” газеты, аб чым сведчаць многія заметкі, асобныя выступленні, пастановы сходаў, у якіх змяшчаліся патрабаванні аб пашырэнні яе фармату, павелічэнні тыражу, пераходзе на штодзённы выхад.
У Вялікую Айчынную вайну з 1943 г. да ліпеня 1944 г. “Чырвоная змена” выходзіла як орган ЦК і Мінскага падпольнага абкама ЛКСМБ. Газета арганізоўвала моладзь на ўзброеную барацьбу, бязлітаснае знішчэнне акупантаў. З усіх абласцей рэспублікі паступалі ў рэдакцыю пісьмы і карэспандэнцыі, дастаўлялі іх сувязныя партызанскіх атрадаў. У варожым тыле выйшла 48 нумароў, якія сталі сапраўдным летапісам гераічных спраў беларускага народа. У сакавіку 1944 г. “Чырвоная змена” пачала выходзіць у вызваленым Гомелі. Газета заклікала моладзь да аднаўлення разбуранай гаспадаркі, асваення цалінных і залежных зямель. Калектыў у першыя пасляваенныя гады складалі прафесійныя газетчыкі, былыя партызаны, франтавікі-пісьменнікі. На старонках выдання змяшчаліся артыкулы многіх вядомых гісторыкаў і краязнаўцаў. У розныя гады “Чырвоную змену” рэдагавалі М. Барашкаў, І. Матыль, А. Асіпенка, М. Дастанка, А. Маркевіч, М. Суша, В. Хорсун, У. Касько, Н. Калеснік, В. Плюскоў, У. Бельскі, А. Саламаха. Пры газеце працавала літаратурнае аб'яднанне “Крыніцы” (да 2002 г.), у якое ў розныя гады ўваходзілі Р. Барадулін, А. Вярцінскі, В. Зуёнак, Ю. Свірка, У. Паўлаў, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, І. Чыгрынаў і інш. У 2001 г. пры ёй створаны Клуб юнага журналіста. У 1971 г. узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, у 1977 г. – Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Сучасная “Чырвоная змена” асвятляе пераважна праблемы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, пытанні грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця краіны, міжнародныя праблемы, спартыўныя навіны і інш. Публікуе аналітычныя матэрыялы па праблемах адукацыі, маралі і права, экалогіі, гісторыі Беларусі; рэпартажы пра найбольш значныя падзеі і дасягненні моладзі ў культурным і спартыўным жыцці краіны; інтэрв'ю з дзяржаўнымі і культурнымі дзеячамі, маладзёжнымі лідарамі навучальных устаноў і працоўных калектываў. На працягу многіх гадоў выданне расказвае на сваіх старонках аб праблемах адукацыі, падрыхтоўцы да тэсціравання, выніках уступных экзаменаў. Асвятляюцца такія важныя пытанні, як правы выпускнікоў школ і ВНУ на працаўладкаванне, пошук вакансій на рынку працы, сацыяльная падтрымка маладых сем'яў.
Старонкі біяграфіі “Чырвонай змены” – гэта слаўны летапіс жыцця не аднаго пакалення беларускай моладзі. Ва ўсіх пытаннях і тэмах, узнятых у выпусках, газета заўсёды праяўляе прынцыповасць і настойлівасць, на працягу вось ужо 90 гадоў з'яўляецца сапраўдным сябрам і памочнікам юнакоў і дзяўчат.
На сайце http://zvyazda.minsk.by можна ажыццявіць прагляд паўнатэкставых версій нумароў газеты “Чырвоная змена”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.