ААТ «Легмаш» створаны ў 1945 г. у Оршы як завод ацяпляльных катлоў. У 1952 г. на яго базе было арганізавана прадпрыемства па выпуску бытавых швейных машын. У 1963 г. завод прыступіў да асваення прамысловых швейных машын. У 1968 г. перайменаваны ў завод лёгкага машынабудавання і стаў спецыялізавацца на выпуску швейнага і трыкатажнага абсталявання для лёгкай прамысловасці. З 1976 па 1990 г. завод з’яўляўся галаўным прадпрыемствам вытворчага аб'яднання «Прамшвеймаш», у склад якога ўваходзілі Палтаўскі і Растоўскі-на-Доне заводы «Легмаш», спецыяльнае канструктарскае бюро швейнага абсталявання (Орша).
У 1991 г. завод пераўтвораны ў арэнднае прадпрыемства вытворчага аб’яднання «Прамшвеймаш». 6 мая 1994 г. заснавана адкрытае акцыянернае таварыства «Орша». З 2004 г. прадпрыемства атрымала назву ААТ «Завод швейных машын». У 2006 г. яно ўвайшло ў вытворчае аб'яднанне «Беларускі металургічны завод». У 2007 г. перайменавана ў ААТ «Завод «Легмаш». З 2012 г. уваходзіць у склад холдынга «Беларуская металургічная кампанія».
Зараз прадпрыемства займаецца вытворчасцю прадукцыі з чыгуну, дэталяў, вузлоў, зменнага абсталявання для металургіі, металаканструкцый, тарных катушак, водаахладжальных элементаў, прашыўных аправак, рукаўных фільтраў, тэкстыльных стропаў, вырабаў з дроту і пластмас, дымавых труб.
Прадпрыемства аказвае шэраг паслуг, такіх як чыгуннае і алюмініевае ліццё, тэрмаапрацоўка, выраб прадукцыі з палімерных матэрыялаў, афарбоўка палімернымі фарбамі, металаапрацоўка, гальванічнае пакрыццё, гібка ліста і інш.
Прадукцыя экспартуецца ў Расію, Украіну, Казахстан, Латвію, Літву, Малдову.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.