"БелАЗ" – кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-Холдынг", ААТ
Дата начала:
1948 Жодзіна, г., Мінская вобласць
Краткая справка:
адкрытае акцыянернае таварыства па выпуску кар'ернай тэхнікі, лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2000, 2012, 2018, 2021)
Краткие названия:
"БелАЗ"
Названия на других языках:
"BelAZ" – Management Company of Holding "BelAZ-Holding" (английский); “别拉斯”开放式股份公司—“别拉斯-控股”控股管理公司 (китайский); «БелАЗ» – управляющая компания холдинга «БелАЗ-Холдинг» (русский);
Предыдущие названия:
Беларускі аўтамабільны завод; Завод "Дармаш"; Завод тарфянога машынабудавання
3567 символов
Справка
Беларускі аўтамабільны завод з’яўляецца буйнейшым вытворцам цяжкага грузапад’ёмнага транспартнага абсталявання.
Прадпрыемства заснавана ў 1948 г. у Жодзіна (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) як завод тарфянога машынабудавання. У 1950 г. была выпушчана першая прадукцыя – палівамыйная машына Д-298, кантэйнеры для перавозкі торфа, варашылкі для яго сушкі. У 1951 г. вытворчасць перапрафілявана ў завод дарожных і меліярацыйных машын «Дармаш» па выпуску дарожных каткоў, снегаачышчальнікаў, дрэнажных і палівамыйных машын і інш. У 1958 г. прадпрыемства перайменавана ў «Беларускі аўтамабільны завод». У гэтым жа годзе быў выпушчаны першы 25-тонны самазвал МАЗ-525. У далейшыя завод пашыраў асартымент вырабленай прадукцыі, сярод новых відаў машын – самазвал МАЗ-530 грузападымальнасцю 40 тон, 27-тонны кар’ерны самазвал БелАЗ-540, самазвал БелАЗ-548 грузападымальнасцю 40 тон і інш. У 1965 г. на міжнароднай выстаўцы ў Лейпцыгу БелАЗ-540А адзначаны залатым медалём. У 1966 г. за паспяховую працу па стварэнні канструкцый, арганізацыю вытворчасці новых машын і датэрміновае выкананне планавых паказчыкаў завод узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У 1968 г. за распрацоўку і серыйны выпуск велікагрузных самазвалаў БелАЗ 11 супрацоўнікаў завода сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі СССР. У 1975–1994 гг. завод уваходзіў у вытворчае аб’яднанне «БелаўтаМАЗ». У 1995 г. ён атрымаў назву «Вытворчае аб’яднанне “БелАЗ”». У гэты перыяд прадпрыемства спецыялізавалася на выпуску кар’ерных самазвалаў для гарнаруднай і будаўнічай прамысловасці грузападымальнасцю 30, 42, 80, 120, 180 і 200 тон, аўтапаяздоў з самазвальнымі прычэпамі, аэрадромных цягачоў, калёсных транспартных сродкаў для металургічнай прамысловасці і інш.
Знакавым у гісторыі Беларускага аўтамабільнага завода стаў 1998 г., калі пачалася рэканструкцыя дзеючай вытворчасці, абнаўленне асартыменту кар’ернай тэхнікі, распрацоўка новых мадэляў, што паспрыяла павышэнню якасці і тэхнічнага ўзроўню прадукцыі. У 2004–2012 гг. у склад вытворчага аб’яднання «Беларускі аўтамабільны завод» увайшлі Магілёўскі аўтамабільны завод (на правах філіяла), Старадарожскі механічны завод, Магілёўскі вагонабудаўнічы завод, ААТ «Кавліцмаш», Слуцкі завод пад’ёмна-транспартнага абсталявання. У 2012 г. заснаваны холдынг «БелАЗ-Холдынг» з кіруючай кампаніяй «БелАЗ». У 2013 г. створаны першы ў свеце кар’ерны самазвал грузападымальнасцю 450 тон БелАЗ-75710, які быў занесены ў «Кнігу рэкордаў СНД» і «Кнігу рэкордаў Еўропы». У 2018 г. ААТ «БелАЗ» стала адным з першых прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны ў Беларусі, дзе ўкаранілі сістэму менеджменту якасці. У 2019 г. на базе ААТ «Кранавы завод» у Слуцку, які ўваходзіць у склад холдынгу «БелАЗ-Холдынг», пачалася рэалізацыя інавацыйнага праекта па адкрыцці новай вытворчасці кранаў маставога тыпу грузападымальнасцю да 240 тон. Асноўная прадукцыя прадпрыемства ўключае кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 450 тон, самазвалы з павышанай праходнасцю, будаўніча-дарожныя машыны і машыны для абслугоўвання горнатранcпартных работ, машыны для падземных работ, машыны для металургічных прадпрыемстваў, машыны спецыяльнага прызначэння і інш. Вялікае значэнне надаецца якасці прадукцыі, якая выпускаецца, у тэхналагічным і экалагічным аспектах.
ААТ «БелАЗ» – кіруючая кампанія холдынга «БелАЗ-Холдынг» з'яўляецца лаўрэатам Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2000, 2012, 2018, 2021). У 2022 г. Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь прадпрыемства аб’яўлена “Лепшай інавацыйнай арганізацыяй”.