Краткая справка:
установа адукацыі, вядучая вышэйшая навучальная і навукова-даследчая ўстанова транспартнага і будаўнічага комплексаў Беларусі
Краткие названия:
БелГУТ; БелДУТ
Названия на других языках:
Белорусский государственный университет транспорта (русский);
Предыдущие названия:
Беларускі дзяржаўны універсітэт транспарту; Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту; Беларускі універсітэт транспарту; БелИИЖТ; Белорусский институт инженеров железнодорожного транспорта
4564 символа
Справка
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту (БелДУТ) – буйны навукова-даследчы цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў для ўсіх відаў транспарту і будаўніцтва, вучэбны і навукова-вытворчы комплекс са сваімі традыцыямі, навуковымі школамі і напрамкамі. Гісторыя гэтай навучальнай установы пачынаецца ў сярэдзіне ХХ ст. Першага кастрычніка 1953 г. у Гомелі быў адчынены Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. Выкладчыцкі калектыў установы ў той час налічваў 20 педагогаў, якія былі пераведзены ў Гомель з Масквы, Ленінграда і Ташкента. У 1993 г. інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту быў ператвораны ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту (БелДУТ).
Сучасны адукацыйны працэс ва ўніверсітэце грунтуецца на прынцыпах інавацыйнасці, інтэграцыі, індывідуалізацыі і міжнароднага супрацоўніцтва. Установа адукацыі мае сучасную вучэбна-метадычную і навукова-даследчую базу, выконвае шэраг фундаментальных і прыкладных навукова-даследчых прац. БелДУТ складаецца з трох інстытутаў: вучэбнага, Навукова-даследчага інстытута чыгуначнага транспарту і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнікоў і спецыялістаў транспартнага комплексу Рэспублікі Беларусь. У склад вучэбнага інстытута ўваходзяць рэгіянальныя філіялы ў Мінску і Брэсце, аддзел па сертыфікацыі чыгуначнай прадукцыі і паслуг, праектна-канструктарскі аддзел, Навуковы цэнтр комплексных транспартных праблем, Навукова-даследчы цэнтр экалагічнай бяспекі і энергазберажэння на транспарце. Падрыхтоўка студэнтаў вядзецца на дзесяці факультэтах: прафарыентацыі і давузаўскай падрыхтоўкі, гуманітарна-эканамічным, механічным, прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва, будаўнічым, кіравання працэсамі перавозак, электратэхнічным, завочным факультэце і факультэце замежных студэнтаў. Ваенна-транспартны факультэт рыхтуе кадравых афіцэраў і афіцэраў запасу для транспартных войск. Прафесарска-выкладчыцкі склад БелДУТа налічвае 430 выкладчыкаў, з іх 178 кандыдатаў і дактароў навук, 22 прафесары.
У Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце транспарту вялікую ўвагу надаюць навуцы, якой займаюцца вучоныя ўніверсітэта і супрацоўнікі навукова-даследчага інстытута чыгуначнага транспарту. Навукова-даследчая дзейнасць універсітэта накіравана на развіццё фундаментальных і пошукавых даследаванняў, рашэнне прыкладных праблем транспартнага і будаўнічага комплексаў Беларусі, стварэнне новай тэхнікі, тэхналогій і матэрыялаў. БелДУТ супрацоўнічае з шэрагам замежных універсітэтаў, навуковых цэнтраў і арганізацый СНД, Германіі, Кітая, Італіі, Індыі, Пакістана, Польшчы, Ізраіля. Ва ўніверсітэце здзяйсняецца падрыхтоўка спецыялістаў у магістратуры, аспірантуры і дактарантуры, выдаецца газета «Вести БелГУТа», навукова-вытворчы часопіс «Вестник Белорусского государственного университета транспорта. Наука и транспорт».
Ва ўніверсітэце створаны ўсе ўмовы для вучобы, працы і адпачынку студэнтаў. Заняткі праходзяць у чатырох вучэбных карпусах, 75 лабараторыях, навукова-тэхнічнай бібліятэцы. У сістэме арганізацыі вучэбнага працэсу вялікая ўвага надаецца працы з адоранымі студэнтамі. Маладыя людзі прымаюць актыўны ўдзел у дзейнасці навукова-даследчых гурткоў і лабараторый, выступаюць з дакладамі на міжнародных конкурсах і алімпіядах рознага ўзроўню, атрымліваюць імянныя стыпендыі і прэміі. Пры ўніверсітэце дзейнічае студэнцкі клуб імя заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь А. Коваля. Пры ім існуюць: народны ансамбль танца «Палескія зоры», некалькі танцавальных студый, харавая студыя, гурток чытальнікаў і інш.
Выпускнікі БелДУТа працуюць у Беларусі, краінах СНД і далёкага замежжа. Сярод іх таленавітыя інжынеры, кіраўнікі Беларускай чыгункі і чыгунак краін СНД, навукова-даследчых інстытутаў і прадпрыемстваў, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых органаў улады, афіцэры сілавых структур, выкладчыкі і супрацоўнікі навучальных устаноў. За 60 гадоў свайго існавання Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту падрыхтаваў 42 540 высокакласных спецыялістаў, сярод якіх старшыня Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Серафімавіч Якабсон, міністр па прамысловасці і аграпрамысловаму комплексу Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сяргеевіч Сідорскі, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Іванавіч Свірыдзёнак, Герой Сацыялістычнай Працы Ефім Уладзіміравіч Басін і інш.
Дасягненні ў сацыяльна-культурным развіцці і паўвекавы юбілей Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту былі адзначаны прысуджэннем Ганаровага дзяржаўнага сцяга (1993).