Дата начала: 07.06.1958 Полацкі раён, Віцебская вобласць
Краткая справка: горад у Полацкім раёне Віцебскай вобласці
Названия на других языках: Новополоцк (русский);
Предыдущие названия: Полацкі, р. п.; Полоцкий, р. п.
Наваполацк размешчаны на поўначы Беларусі, на тэрыторыі Полацкага раёна Віцебскай вобласці, на левым беразе р. Заходняя Дзвіна, за 6 км на захад ад Полацка, за 12 км ад чыгуначнай станцыі Полацк-Пасажырскі, за 107 км ад Віцебска, за 250 км ад Мінска.
Ён узнік у 1958 г. у сувязі з будаўніцтвам нафтахімічнага прамысловага комплексу. Перагісторыя яго пачалася з Пастановы Савета Міністраў СССР ад 9 ліпеня 1954 г. «Аб мерапрыемствах па далейшым развіцці нафтавай прамысловасці». У 1954 г. дзяржаўная камісія разглядала пытанне па выбары пляцоўкі для будаўніцтва ў Беларусі нафтаперапрацоўчага завода. Найбольш прыдатным месцам стаў раён Полацка, за 10–12 км ад старажытнага горада па цячэнні Заходняй Дзвіны на беларускім участку нафтаправода «Дружба». У жніўні 1955 г. праектны інстытут «Ленгіпрагаз» пачаў пошукавыя работы на будучай пляцоўцы прамысловага вузла, а Віцебскі філіял інстытута «Белдзяржпраект» стаў працаваць над праектам стварэння новага горада. У сакавіку 1958 г. Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне аб арганізацыі ў Полацку будтрэста № 16 «Нафтабуд», праз месяц створана дырэкцыя Полацкага нафтаперапрацоўчага завода. Узвядзенне аб’екта абвешчана ўсесаюзнай ударнай камсамольска-маладзёжнай будоўляй. Летам 1958 г. каля вёсак Слабада і Новы Двор Полацкага раёна з’явіліся палаткі першых будаўнікоў. Сюды былі накіраваны высокакваліфікаваныя спецыялісты з Беларусі, вопытныя рабочыя, інжынеры і тэхнікі прыехалі з саюзных рэспублік. Сяліліся ў навакольных вёсках, жылі ў вагончыках і палатках. Хутка быў закладзены падмурак першага дома для рабочых нафтаперапрацоўчага завода. Будаўніцтва з кожным днём набывала ўсё большы размах. Разам з жыллём стваралася вытворча-тэхнічная база. Будаваліся шаша, чыгунка, воданапорная вежа, кацельня, кінатэатр, лазня, сталовая, магазіны. Восенню 1958 г. былі здадзены восем інтэрнатаў. Потым з’явіліся першыя вуліцы. У наступным годзе пачаліся работы на вытворчых пляцоўках нафтаперапрацоўчага завода і электрастанцыі, будаўніцтве новага жылога квартала шматпавярховых дамоў, першага дзіцячага сада. 22 кастрычніка 1959 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў утвораны рабочы пасёлак Полацкі. Будаўнічыя пляцоўкі прыцягвалі энтузіястаў з усёй краіны. Кожны дзень прыязджалі ўсё новыя і новыя маладзёжныя атрады. Знакамітымі брыгадзірамі былі В. Гулевіч, М. Кавалёў, І. Брыкоўская, П. Блахін. Многія пачыналі сваю працоўную дзейнасць майстрамі, а потым сталі таленавітымі кіраўнікамі (А. Кітараў, К. Кунцэвіч, П. Пілатовіч). Званне Героя Сацыялістычнай Працы атрымалі А. Казлоў, А. Крэмень, Л. Наважылаў, П. Дзянісаў і інш. Вялікая група будаўнікоў была ўдастоена ганаровага звання «Заслужаны будаўнік Беларусі», сярод іх М. Архіпец, Л. Ашмян, М. Кускоў і інш. За 5 гадоў на месцы амаль 30 вёсак пабудаваны горад. У снежні 1963 г. пасёлак Полацкі атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання і быў названы Наваполацкам. Імёнамі А. Ктатарава і П. Блахіна названы вуліцы маладога горада. Развіццё вытворчасці хуткімі тэмпамі выклікала вялікі прыток насельніцтва. Так, на 1 студзеня 1959 г. пражывала 1211 жыхароў, а ў 1963 г. стала больш за 13 тыс. Разам з развіццём вытворчага сектара Наваполацка пашырылася і яго сацыяльная сфера. Было пабудавана шмат жылля. Працавалі камунальна-бытавыя, гандлёвыя прадпрыемствы. Вострая транспартная праблема была вырашана пускам у 1974 г. хуткаснага трамвая.
У 1958–1963 гг. у межы горада ўключаны тэрыторыі вёсак Траецкае, Мяргулава, Плаксы, пасёлак Ноўка; у 1964 г. – вёскі Беланава, Меруголава, Новікава, Новы Двор, Паштары, Праварышча, Рулёўка, хутар Шапілаўка, чыгуначная станцыя Наваполацк; у 1966–1968 гг. – вёскі Дручаны, Сярадома, Слабада, Шніткі; у 1975–1976 гг. – вёскі Банонь, Вітаражжа, Залюхава, Людзвінава, Ражаншчына, Сенькава; у 1980-х гг. – вёскі Васілеўцы, Падкасцельцы; у 2000 г. – пасёлак Міжрэчча, прамысловы вузел Копцева. Наваполацк мае афіцыйныя сімвалы – герб і сцяг, што зарэгістраваны ў Дзяржаўнай геральдычнай службе і ўнесены ў Гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь 4 ліпеня 2002 г., № 89. Іх аўтарам з’яўляецца член Саюза мастакоў Беларусі В. Лук’яненка. Герб уяўляе сабой іспанскі шчыт, у блакітным полі якога размешчаны тры вузкія хвалістыя паясы, над імі ў цэнтры сярэбраны гарлачык з двума залатымі разгорнутымі стылізаванымі пялёсткамі. Сцяг Наваполацка – прамавугольнае палотнішча блакітнага колеру, што складаецца з гарызантальнай белай вузкай паласы ў ніжняй частцы, над якой – стылізаваная выява белага гарлачыка. Кветка выбрана за аснову невыпадкова. Гэта ўвасабленне даўняй легенды пра Белы горад, да якога са старажытнага Полацка вёў падземны ход пад ракой. Акрамя таго, у старажытных славян белы гарлачык называлі адалень-травой. Яго выкарыстоўвалі ў якасці абярэга, надзялялі ахоўнай сілай, прыпісвалі таямнічыя ўласцівасці. А з карэнішча атрымлівалі муку, якую выкарыстоўвалі для выпечкі хлеба. З’яўляючыся прыродным аб’ектам, белы гарлачык адлюстроўвае агульначалавечыя памкненні да прыгажосці і аднаўлення, справядлівасці і гонару, міру і дабрабыту. Гэта падкрэсліваюць выкарыстаныя колеры – блакітны, срэбны і залаты.
Сучасны Наваполацк стаў буйным прамысловым цэнтрам Беларусі з высокаразвітымі культурай, адукацыяй, медыцынай, спортам. Эканоміку прадстаўляюць прадпрыемствы ААТ «Нафтан», завод «Палімір» ААТ «Нафтан», філіял «Наваполацкжалезабетон» ААТ «Крычаўцэментнашыфер», ААТ «Вымяральнік», СТАА «ЛЛК-Нафтан», ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 16», хлебазавод – філіял РУВП «Віцебскхлебпрам» і інш. У горадзе існуе шырокая сфера абслугоўвання і камунальнай гаспадаркі. Дзяржаўнае вытворчае аб’яднанне бытавога абслугоўвання насельніцтва мае ў сваім складзе Дом быту, розныя атэлье, бюро бытавых паслуг, майстэрні, цырульні, хімчыстку, лазні і пральні. Прадстаўлена шырокая сетка прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання. Буйнейшым гандлёвым цэнтрам з’яўляецца ААТ «Базіс-Наваполацк». На тэрыторыі горада працуе каля 275 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу. Напрамкі іх дзейнасці рознабаковыя: прамысловасць, будаўніцтва, аптовы і рознічны гандаль, грамадскае харчаванне і інш. Медыцынскую дапамогу жыхарам аказваюць гарадская бальніца, паліклінікі, медыцынская служба ААТ «Нафтан», паліклініка ААТ «Палімір», скурна-венералагічны, гарадскі процітуберкулёзны, псіханеўралагічны дыспансеры, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі, гарадская станцыя пералівання крыві, гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Горад валодае высокім адукацыйным патэнцыялам. Сістэму вышэйшай адукацыі прадстаўляе Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Для падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна працуюць Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж, Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 28 нафтавікоў, Наваполацкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 89 будаўнікоў, Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж, Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву. Таксама дзейнічаюць ліцэй, гімназіі, агульнаадукацыйныя, мастацкія, музычныя школы. Для аматараў фізічнай культуры, спорту і турызму маюцца больш за 250 спартыўных збудаванняў – стадыёны, басейны, Палац воднага спорту «Садко», Лядовы палац, спартыўныя комплексы, стралковыя ціры, футбольныя палі, валейбольныя і баскетбольныя пляцоўкі і інш. Цэнтрам культурнага адпачынку гараджан сталі Палац культуры ААТ «Нафтан», Парк культуры і адпачынку, Дом культуры і вольнага часу, Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры, Музей гісторыі і культуры г. Наваполацка, бібліятэкі, кінатэатры і інш. Значную ролю ў адраджэнні традыцыйных нацыянальных культур адыгрываюць аматарскія і прафесійныя творчыя калектывы. Наведвальнікаў заўсёды гатовы прыняць гасцінічныя комплексы «Наваполацк», «Кентаўр», «Дружба», база адпачынку «Суя», аграэкасядзібы «Добры Цмок», «Славяначка» і інш. Карысная і аператыўная інфармацыя аб важных падзеях з жыцця горада і краіны асвятляецца на старонках газеты «Новополоцк сегодня», Наваполацкім кабельным тэлебачаннем «Вектар».
Наваполацк падтрымлівае дзелавыя, сяброўскія і культурныя сувязі з гарадамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Францыі, Кітая. Яго гарадамі-пабрацімамі сталі Адзінцова, Арэхава-Зуева, Кстова, Пушкін, Паўлаўск, Электрасталь (Расія), Скадоўск (Украіна), Вентспілс, Лудза (Латвія), Мажэйкяй (Літва), Плоцк, Гданьск, Астравец-Свентакшыскі (Польша), Жывар, Шафай (Францыя), Вэйхай (Кітай) і інш.
Сёння гэта адзін з прыгажэйшых і добраўпарадкаваных гарадоў Беларусі. У ім выдатна спалучаюцца жылыя і вытворчыя ансамблі з прыгожым прыродным ландшафтам. У яго мастацкім афармленні шырока выкарыстаны мазаіка, размалёўка, чаканка, вітражы, дэкаратыўная скульптура. У архітэктуру нават галоўных вуліц уведзены ўчасткі лесу. Усё гэта дало магчымасць стварыць арыгінальны гарадскі комплекс, за што група яго аўтараў была ўдастоена Дзяржаўнай прэміі БССР (1984). Галоўнай магістраллю з’яўляецца вуліца Маладзёжная, якая працягнулася з усходу на захад уздоўж Заходняй Дзвіны. Пад назвай «Вуліца без канца» ў 1972 г. выйшаў на экраны мастацкі фільм пра Наваполацк, які здымаўся ў гэтым горадзе. Многія навапалачане прымалі ўдзел у масавых сцэнах фільма (аўтары-сцэнарысты І. Герасімаў і А. Лявонцьеў). Атрымаўся калектыўны партрэт сучасніка пачатку 1970-х гг. мінулага стагоддзя, які будаваў нафтахімічны комплекс.
Малады горад працягвае будавацца і расці. У перспектыве Наваполацк будзе развівацца ўсцяж берага Заходняй Дзвіны да паступовага зліцця з Полацкам. Новая архітэктура і класіка мінулых стагоддзяў уз’яднаюцца тут у адно непадзельнае цэлае.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.