Дата начала:
10.08.1958 Салігорскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка:
цэнтр Салігорскага раёна Мінскай вобласці
Названия на других языках:
Солигорск (русский);
Предыдущие названия:
Новастаробінск
2403 символа
Справка
Першая буравая вышка з’явілася на Старобіншчыне вясной 1949 г. Яе ўстанавілі непадалёку ад вёскі Чыжэвічы, на левым беразе мелкаводнай Руткі — прытока Случы. Пасля двух месяцаў напружанай працы брыгада геолагаў узняла на паверхню зямлі слупок светла-ружовага крышталічнага рэчыва. Лабараторны аналіз паказаў, што геолагі натрапілі на пласт калійнай солі. Так было адкрыта Старобінскае месцараджэнне — адно з буйнейшых у Еўропе.
Узвядзенне першага на Беларусі калійнага камбіната пачалося летам 1958 г. Тады будаўнікі і заклалі сімвалічны камень у падмурак будучага горада, што ўзнік як пасёлак Новастаробінск на месцы в. Вішнёўка. Праз год ён стаў называцца Салігорск, а 7 сакавіка 1963 г. атрымаў статус горада. Першапачаткова запланаваны пасёлак быў разлічаны на 18 тысяч жыхароў. Зараз сярод новых гарадоў Беларусі Салігорск — самы буйны па колькасці насельніцтва.
У горадзе жывуць і працуюць людзі больш як трыццаці нацыянальнасцей. Яны здабываюць “хлеб” для хлеба. Флагманам горназдабываючай прамысловасці з’яўляецца вытворчае аб’яднанне “Беларуськалій”. У горадзе працуюць таксама рамонтна-механічны, зборнага жалезабетону, жалезабетонных канструкцый і інш. заводы.
Сучасны крызіс не абмінуў эканоміку Салігорска. Хоць у 1995 г. прамысловасць горада ў цэлым павялічыла выпуск прадукцыі на 7,4%, аднак шэраг прадпрыемстваў скараціў сваю вытворчасць. Нягледзячы на цяжкае эканамічнае становішча, “Беларуськалій” падтрымлівае свой патэнцыял. Салігорскія мінеральныя ўгнаенні — адзін з галоўных экспартных тавараў нашай краіны, значная крыніца паступлення валютных сродкаў.
Салігорск праектаваўся з улікам памылак, дапушчаных будаўнікамі пры ўзвядзенні буйных прамысловых цэнтраў. Усе яго прадпрыемствы вынесены далёка за межы горада і звязваюцца з імі шырокімі асфальтаванымі дарогамі. Аднак экалагічная праблема існуе і для Салігорска. У выніку гаспадарчай дзейнасці “Беларуськалія” паблізу горада выраслі вялізныя горы адходаў калійнай вытворчасці. Пад уздзеяннем вятроў і дажджоў яны забруджваюць глебу, паветра, пранікаюць у грунтовыя воды. Каб ачысціць паветра, кожны год тут высаджваюць шмат дрэў і кустоў. Салігорск размешчаны ў маляўнічай мясцовасці. З аднаго боку да яго падступае буйное вадасховішча, з другога — вялізны масіў лесу. Вялікае прамысловае і жыллёвае будаўніцтва дазволіла Салігорску стаць адным з самых перспектыўных гарадоў нашай краіны.