Абласная грамадска-палітычная газета “Магілёўская праўда” пачала выходзіць у Магілёве 23 студзеня 1918 г. штотыднёва на беларускай і рускай мовах. Першапачаткова як газета Магілёўскага Савета рабочых i салдацкіх дэпутатаў пад назвай “Известия Могилёвского Совета рабочих и солдатских депутатов” (№ 1–10).
З 11 нумара, пасля аб'яднання выканкамаў Савета рабочых i салдацкіх дэпутатаў i Савета сялянскіх дэпутатаў Магілёўскай губерні, пад назвай “Известия Могилёвского губернского исполнительного комитета Советов крестьянских, солдатских и рабочих депутатов”. Газета знаходзілася пад уплывам бальшавікоў i левых эсэраў. Друкавала афіцыйныя дакументы, матэрыялы аб пасяджэннях Саветаў сялянскіх, рабочых i салдацкіх дэпутатаў i дзейнасці бальшавіцкай i леваэсэраўскай арганізацый у Магілёве, пастановы мясцовых органаў улады. Выходзіла на рускай мове.
У сувязі з наступленнем германскіх войскаў i польскага корпуса Доўбар-Мусніцкага з лютага 1918 г. газета выдавалася пад назвай “Известия Военно-революционного комитета Moгилёвской губернии”. У час акупацыі Магілёва нямецкімі войскамі ў сакавіку–кастрычніку не выходзіла ўвогуле. У лістападзе–снежні 1918 г. газета мела назву “Известия Могилёвского губернского революционного комитета” і адлюстроўвала працэс распаўсюджвання i ўмацавання Савецкай улады, змяшчала пастановы Магілёўскага губрэўкама, пісала аб рэвалюцыйным руху за межамі краіны.
Са студзеня 1919 г. друкавалася пад назвай “Соха и молот”. У ёй змяшчаліся дэкрэты i пастановы ўлады, матэрыялы аб усерасійскіх i губернскіх з'ездах i канферэнцыях, даклады У. I. Леніна. Шмат месца адводзілася паведамленням аб арганізацыі i рабоце мясцовых камуністычных ячэек i прафсаюзных органаў, падрабязным ваенным зводкам аб становішчы на фронце. Удзялялася ўвага ўмацаванню саюза рабочага класа i сялянства, згуртаванню працоўных Магілёўшчыны вакол Камуністычнай партыі i ўрада, міжнароднаму становішчу.
З 10 лістапада 1924 г. газета выходзіла пад назвай “Магілёўскі селянін” на рускай i беларускай мовах. У ёй друкаваліся матэрыялы аб новым жыцці, стварэнні калгасаў i саўгасаў, будаўніцтве фабрыкі штучнага шоўку. З лістапада 1929 г. да 1941 г. выдавалася на беларускай мове пад назвай “Камунар Магілёўшчыны”. Асвятляла пытанні сацыялістычнай перабудовы вёскі, партыйнае і камсамольскае жыццё акругі, змяшчала міжнародную інфармацыю, садзейнічала палітычнаму выхаванню i павышэнню культурнага ўзроўню працоўных. У 1924 г. мела літаратурны дадатак “Зарницы”, у 1929–1930 гг. – “Тэрармеец”.
У гады Вялікай Айчыннай вайны газета з’яўлялася органам Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)Б і выходзіла пад назвай “За Радзіму”. У 1943–1944 гг. друкавалася ў Крычаве. Першы нумар выйшаў 24 сакавіка 1943 г., а да дня вызвалення Магілёва быў надрукаваны 41 нумар. Газета расказвала аб ходзе баявых дзеянняў на франтах, мужнасці i ратных подзвігах партызан, супраціўленнi ворагу насельніцтва Беларусі.
Сучасную назву газета носіць з 12 жніўня 1956 г., яе заснавальнікам выступае Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт. Зараз у сферу яе інтарэсаў уваходзяць пытанні грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця Магілёўскай вобласці, міжнароднае жыццё, пытанні культуры, літаратуры і мастацтва. Асноўныя рубрыкі газеты: “Афіцыйна”, “Акцэнты”, “Эканоміка”, “Зямляне”, “Грамадства”, “Здароўе”, “Культура” і інш. З 1984 г. газета мае штотыднёвы дадатак “Днепровская неделя”.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.