Дата начала: 1223 Нясвіжскі раён, Мінская вобласць
Краткая справка: цэнтр Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, культурная сталіца Беларусі 2012 г.
Названия на других языках: Несвиж (русский);
У Беларусі ёсць месцы, што даюць магчымасць адчуць былую славу і магутнасць дзяржавы, напаўняюць людзей гордасцю за сваю краіну. Адно з такіх – Нясвіж, які прырода і лёс шчодра надзялілі шматлікімі багаццямі. Дзякуючы палітычным і гаспадарчым кантактам з Заходняй Еўропай, мусульманскім Усходам ён быў значным, унікальным і разам з тым класічным прыватнаўласніцкім горадам, адміністрацыйным, гандлёвым, культурным і рэлігійным асяродкам. Нясвіж выстаяў перад стыхіямі войнаў і разбурэнняў, збярог, быццам чароўнае святло, большую частку сваёй дасканаласці, тым самым заслужыў у нашчадкаў такую пашану, якую маюць хіба што святыні.
Горад размешчаны ля вытокаў р. Уша, за 14 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея на лініі Мінск – Баранавічы, аўтадарогамі злучаны з Баранавічамі, Клецкам, Навагрудкам і аўтамагістраллю Мінск – Слуцк, за 112 км ад Мінска. Вельмі даўно і з вялікім захапленнем навукоўцы пачалі вывучаць гісторыю Нясвіжа – багацейшую спадчыну сусветнай і беларускай нацыянальнай культуры. Яна складаецца са шматлікіх рэальных фактаў, адкрыццяў, а таксама цікавых міфаў і легенд, якія да нашага часу прымушаюць вучоных спрачацца і шукаць праўду. Шмат легенд, у прыватнасці, існуе і пра ўзнікненне назвы горада. Вельмi распаўсюджана легенда пра княжацкае паляванне. Велізарнай тушы мядзведзя, забітага князем, не хапіла месца. Князь паслаў па мядзведзя праз некалькі дзён. Паколькі мядзведзь быў ужо «не свежы», гэта мясцовасць і стала звацца Нясвіжам. Другое паданне назву горада тлумачыць так: калісьці на месцы Нясвіжа існавала ўмацаванае паселішча крывічоў. Ворагам не ўдавалася нават заслаць у горад сваіх выведнікаў – віжоў. Аднак у самой крэпасці было шмат – «несть числа» віжоў. Ад злучэння двух слоў «несть вижей» і атрымаў Нясвіж сваю назву.
У Нясвіжскім парку стаіць бюст князя Юрыя Нясвіжскага, які ў 1223 г. загінуў у бітве з мангола-татарамі на рацэ Калка (цяпер Кальчык, Украіна). Год гібелі князя Юрыя лічыцца першым легендарным упамінаннем Нясвіжа, аднак першае дакладнае ўпамiнанне пра горад у пiсьмовых крынiцах датуецца 1446 г., калі вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і кароль польскі Казімір IV Ягелончык перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу.
Бурны рост горада пачаўся ў XVI ст. і звязаны ён з родам Радзівілаў, якія з'яўляліся ўладарамі Нясвіжа на працягу чатырох стагоддзяў. Заможны род лічыўся самым высакародным сярод еўрапейскай арыстакратыі, яго прадстаўнікі займалі самыя высокія дзяржаўныя пасты ў ВКЛ: былі ваяводамі, вялікімі канцлерамі і вялікімі гетманамі. Радзівілы атрымалі Нясвіж праз пасаг Ганны з роду Кішкаў, якая ў 1513 г. выйшла замуж за Яна Мікалая Радзівіла Барадатага. З атрыманнем у 1547 г. канцлерам ВКЛ і ваяводам віленскім Мікалаем Радзiвiлам Чорным тытула князя Свяшчэннай Рымскай Імперыі Нясвiж стаў цэнтрам княства. У 1560-я гг. на яго сродкі ў Нясвiжы была заснавана друкарня, першая на Беларусi, якая карысталася кiрылаўскiм шрыфтам. У гэтай друкарні ў 1562 г. Сымонам Будным былі выдадзены яго кнігі «Катэхізіс» (першая ў Беларусі кніга на беларускай мове) і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» (не збераглася).
Пасля смерці Мікалая Радзівіла Нясвіж перайшоў да яго старэйшага сына Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі. У час сваіх вандровак па Заходняй Еўропе малады князь пазнаёміўся з культурным жыццём розных краін, дасягненнямі ваеннай навукі, інжынерна-фартыфікацыйнага будаўніцтва і архітэктуры. Пасля вяртання на радзіму Радзівіл Сіротка вырашыў адбудаваць сваё радавое гняздо на навейшы заходнееўрапейскі ўзор і з гэтай мэтай запрасіў у Нясвіж таленавітага архітэктара-італьянца, манаха ордэна езуітаў Дж. Бернардоні, імя якога назаўсёды ўвайшло ў гісторыю беларускага дойлідства. За адносна кароткі тэрмін (канец XVI – пачатак XVII стст.) былое невялікае мястэчка з цалкам драўлянымі будынкамі ператварылася ў сапраўдны еўрапейскі горад і цэнтр культуры з усімі належнымі архітэктурнымі атрыбутамі: палацава-замкавым комплексам, гарадской ратушай (адноўлена ў першапачатковым выглядзе ў 1990-я гг. паводле праектнага плана канца XVI ст. і гравюры Т. Макоўскага XVII ст.), гандлёвымі радамі, вежамі, дзвюма мураванымі брамамі на восі галоўнай вуліцы (пазней зроблена яшчэ некалькі брам; захавалася толькі адна з іх – Слуцкая). Нясвіж быў умацаваны валам і ровам. Размяшчэнне вуліц, новых будынкаў падпарадкоўвалася задачам абароны. Трапіць у замак з горада можна было толькі па доўгім драўляным мосце, які ішоў цераз возера і ў выпадку небяспекі лёгка разбіраўся. Неапошняе месца ў абароне Нясвіжа займалі і мураваныя кляштары. У гэты час з’явіўся таксама адзін з першых у Еўропе твораў архітэктуры барока – Нясвіжскі касцёл Божага Цела (Нясвіжскі фарны касцёл).
Пасля Люблінскай уніі 1569 г., якая злучыла ВКЛ і Польшчу ў адзіную дзяржаву – Рэч Паспалітую, Нясвіж стаў месцам рэлігійнай барацьбы. Радзівіл Сіротка зрабіў яго буйным асяродкам распаўсюджання каталіцтва. У 1586 г. быў заснаваны Нясвіжскі езуіцкі калегіум (дзейнічаў да 1773 г.), у 1591 г. – Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак, у 1598 г. – Нясвіжскі кляштар бернардзінцаў. Адначасова пачалася перабудова ўсяго горада па заходнееўрапейскіх прынцыпах. У 1586 г. па ініцыятыве Радзiвiла Сiроткі Нясвiж атрымаў магдэбургскае права i герб, які выкарыстоўваецца і ў наш час: шчыт, на адной частцы якога – палова чорнага арла (элемент герба Радзівілаў), на другой – 10 палос блакітнага, чырвонага і залатога колераў. Герб прысутнічаў на гарадской пячатцы, падкрэсліваючы незалежнасць Нясвіжа ад княжацкай або каралеўскай улады.
На працягу ХVІІ–ХVІІІ стст. Нясвіж быў цэнтрам культуры і рамяства, тут жылі і працавалі дзеячы навукі і культуры: мастак, картограф, друкар Тамаш Макоўскі, гравёр Гершка Ляйбовіч, музыкант і капельмайстар Францішак Вітман, гадзіннікавы майстар і аўтар першай лічыльнай машыны Еўна Якабсон. Пры езуіцкім калегіуме працавала аптэка, была адчынена музычная бурса з iнтэрнатам для малазабяспечаных вучняў, шпiталь, дзейнiчаў школьны тэатр. У замку – гонары Радзівілаў – знаходзілася мастацкая галерэя, у якой было каля тысячы палотнаў, бібліятэка і архіў з фондам больш за 20 тысяч адзінак захоўвання, 12 парадных залаў: Каралеўскі, Залаты, Гетманскі, Рыцарскі... Міхал Казімір Рыбанька і яго жонка Францішка Уршуля Радзівіл (з Вішнявецкіх) садзейнічалі адкрыццю Нясвіжскай капэлы з музычнай школай, прыдворнага тэатра з балетнай школай.
За гады існавання (1740–1791) тэатр перажыў эвалюцыю ад аматарскага да прафесійнага, было падрыхтавана шмат прыгонных артыстаў-беларусаў. Спачатку ставіліся камедыі і трагедыі, пазней перавага аддавалася балетам і операм. Паказы адбываліся ў спецыяльным будынку – “камедыенгаўзе” (пабудаваны ў 1747–1748 гг., архітэктар К. Ждановіч), таксама ў Альбе пад адкрытым небам у “зялёным тэатры” і палацы “Кансаляцыя” (пабудаваны ў 1770-я гг., архітэктар М. Педэці; не збярогся). Тэатр меў свой арыгінальны багаты рэпертуар (уласныя п’есы Ф. У. Радзівіл, перакладзеныя і пераробленыя ёй творы Мальера, Вальтэра, балеты, пантамімы). Спектаклі ставіліся на польскай, італьянскай, нямецкай, французскай мовах. У 1753–1762 гг. князь М.К. Радзівіл Рыбанька папоўніў трупу нямецкімі акцёрамі, стварыў пры капэле Нясвіжскую музычную школу (з 1751 г.), вакальную (з 1751 г.), балетную (з 1758 г.) школы, аркестр народных інструментаў. Горад стаў месцам прафесійнай падрыхтоўкі драматычных акцёраў, музыкантаў, спевакоў, харыстаў. Даследчыкі (К. Вяржбіцкая-Міхальская, Ю. Крыжаноўскі, В. Круль-Качароўская, Г. Барышаў) пачынаючы з XIX ст. паслядоўна ўзнаўлялі літаратурную традыцыю нясвіжскага тэатра.
У сярэдзіне XVIII ст. Нясвіж ператварыўся ў значны эканамічны і культурны цэнтр Рэчы Паспалітай: тут працавала мануфактура па вырабу шаўковых паясоў (пераведзена ў Слуцк), дывановая, суконная і палатняная мануфактуры, чыгуналіцейны завод, бровар, адкрыты кадэцкі корпус. У горадзе налічвалася 69 рамесных прафесій, 85 рамеснікаў працавалі ў замку. У гэты перыяд Нясвіж не адзін раз падвяргаўся нападам, перажываў разбурэнні і пажары. Пасля смерці М.К. Радзівіла Рыбанькі наступным уладальнікам стаў К.С. Радзівіл Пане Каханку. У 1764 і 1768 гг. горад займалі расійскія войскі з-за антырасійскіх пазіцый нясвіжскага князя ў час выбараў новага караля і яго ўдзелу ў Радамскай і Барскай канфедэрацыях. Радзівілаўскія ўладанні сталі аб’ектам ваенных спусташэнняў, былі разрабаваны гістарычныя і мастацкія каштоўнасці замка. Пасля штурму ў час вайны з Расіяй у 1792 г. Нясвіж быў узяты і пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) уключаны ў склад Расійскай Імперыі. Падзеі Айчыннай вайны 1812 г. прынеслі гораду новы заняпад, вынікі якога адчуваліся доўгія дзесяцігоддзі: да сённяшняга дня немагчыма да канца падлічыць усе страчаныя багацці, што належалі сям’і Радзівілаў. Нясвіж і яго ўмацаванні страцілі сваю былую веліч і значэнне.
Апошні перыяд росквіту Нясвіжа адносіцца да канца ХІХ – пачатку ХХ ст., калі ў 1875 г., больш чым праз паўвека, Радзівілы вярнуліся ў горад. Антоні Вільгельм Радзівіл і яго жонка Марыя Дарота Радзівіл, вырашылі захаваць і адрадзіць Нясвіж як сімвал роду Радзівілаў. Тут пачалі праводзіцца буйныя рэстаўрацыйныя работы. Дзякуючы намаганням Марыі Дароты у пачатку ХХ ст. з Эрмітажа ў замак вярнулася значная частка вывезеных каштоўнасцей, менавіта ёй належыць ідэя выкарыстаць вакольныя тэрыторыі замка, якія страцілі сваё абарончае значэнне, для парку. У 1875 г. княжна пасадзіла першае дрэва, а праз тры гады пачалася закладка і самога парка, які з цягам часу атрымаў назву «Стары». Праз 20 гадоў з'явіліся Дзікі, Замкавы, Новы, Англійскі і Марысін паркі, быў закладзены Японскі парк. Дэндрафлора паркаў уключала больш за 180 парод дрэў і кустоў. На жаль, праца па іх упарадкаванні не была завершана ў сувязі са смерцю Марыі Дароты.
У гады Першай сусветнай вайны ў замку князёў Радзівілаў размяшчаўся лазарэт, а гаспадарка горада зноў прыйшла ў заняпад. 11 лістапада 1917 г. у Нясвіжы была ўстаноўлена савецкая ўлада. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам 1921 г. ён амаль на два дзесяцігоддзі апынуўся пад уладай Польшчы. З верасня 1939 г. знаходзіўся ў складзе БССР. З 1940 г. стаў цэнтрам Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну, 28 чэрвеня 1941 г., быў акупіраваны немцамі; у 1943 г. тут дзейнічала падпольная група. Вызвалены горад 2–4 ліпеня 1944 г. часцямі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі.
У пасляваенныя гады пачалося аднаўленне разбуранай гаспадаркі. Жыхары горада і раёна актыўна ўключыліся ў работу па аднаўленні заводаў, фабрык, калгасаў і школ. На сённяшні дзень у Нясвіжы працуюць прадпрыемствы фармацэўтычнай, харчовай, паліграфічнай, лёгкай галін прамысловасці. Функцыянуюць ААТ «Рыбгас “Альба”», аграсэрвіс, каапзагатпрам, райаграсэрвіс, дарожныя, рамонтныя, транспартныя, гандлёвыя, будаўнічыя арганізацыі і інш. Дзейнічаюць Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Я. Коласа, гімназія, сярэднія, вячэрняя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, дзіцячыя сады, Дом культуры, бібліятэкі, бальніца, паліклініка, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр з басейнам, гасцініцы і інш. Ажыццяўляецца выпуск газеты “Нясвіжскія навіны” (з 1939 г.). У 1995 г. адкрыты Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей, у якім праводзяцца выстаўкі карцін беларускіх мастакоў, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і інш. Штогод праводзіцца фестываль музыкі і мастацтваў «Музы Нясвiжа».
Нясвіж здаўна быў цэнтрам асветы. Зараз сапраўдным упрыгожаннем горада з’яўляецца бронзавы помнік прадаўжальніку традыцый Ф. Скарыны гуманісту С. Буднаму, усталяваны ў гістарычным цэнтры Нясвіжа насупраць будынка друкарні, што носіць яго імя (1982; скульптар С. Гарбунова, архітэктар Ю. Казакоў). У XVI ст. склаўся так званы Нясвіжскі літаратурны гурток, у які ўваходзілі С. Будны, А. Рымша, Г. Пельгрымоўскі, Я. Радван, Я. Козак, пазней – Б. Будны і С. Рысінскі. У XVIII ст. дзейнічалі кадэцкі корпус для асабістага войска Радзівілаў і школа флоцкіх афіцэраў (у Альбе). Важную ролю ў фарміраванні грамадскай і педагагічнай думкі адыграла Нясвіжская настаўніцкая семінарыя (адкрыта ў 1875 г.). У розныя часы ў ёй вучыліся А. Галіна, А. Багдановіч, А. Сержпутоўскі, П. Дземідовіч, Я. Колас, В. Камлюк, К. Чорны і інш. У 1921–1924 гг. працавала Нясвіжская беларуская гімназія. Традыцыі педагагічнай і выхаваўчай дзейнасці працягвае Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Я. Коласа, створаны на базе Нясвіжскага педагагічнага вучылішча. Пры ім больш за 10 гадоў існуе клуб “Спадчына”, які збірае аматараў гісторыі і патрыётаў роднага краю.
У 1993 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову, якая прадугледжвала стварэнне на базе палацава-паркавага ансамбля і іншых помнікаў гісторыі і культуры горада Нацыянальнага гісторыка-культурнага запаведніка “Нясвіж”. Згодна з палажэннем, зацверджаным 10 красавіка 1996 г., запаведнік уяўляе сабой комплекс помнікаў гісторыі, археалогіі, архітэктуры, якія маюць навуковую, гістарычную, мастацкую і культурную каштоўнасць. 22 мая 1997 г. запаведнік быў аб’яўлены Нацыянальным гісторыка-культурным музеем-запаведнікам “Нясвіж”. У 2005 г. палацава-паркавы комплекс Нясвіжа ўключаны ў Спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2011 г. Нясвіж абраны культурнай сталіцай Беларусі на 2012 год. На працягу года будуць праведзены многія творчыя праекты: канцэрты, святы мастацтваў, выстаўкі, конкурсы... Галоўнай падзеяй стане афіцыйнае адкрыццё адноўленага славутага палацавага комплексу XVI–XVIII стст.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2010 г., актуалізаваны ў 2012 г.