Варианты названия:
Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм"
Названия на других языках:
Национальная киностудия "Беларусьфильм" (русский);
Предыдущие названия:
"Савецкая Беларусь"; Белгоскино; Белдзяржкіно; Белорусский государственный трест кинопромышленности (Белгоскино) Высшего Совета народного хозяйства (ВСНХ) БССР; Государственное управление по делам кинематографии и фотографии
5799 символов
Справка
У маляўнічай частцы сталіцы Рэспублікі Беларусь, уздоўж яе галоўнай магістралі – праспекта Незалежнасці размясцілася кінастудыя “Беларусьфільм”, створаная ў 1928 г. кінаарганізацыяй Белдзяржкіно пад назвай “Савецкая Беларусь”. Спачатку кінастудыя мясцілася ў Ленінградзе і толькі напярэдадні вайны пачала перасяляцца ў Мінск. Тут у раёне мотавелазавода для яе было пабудавана памяшканне. У даваенны час на шырокай прасторы савецкага кінапракату вялікім поспехам карысталіся знятыя на кінастудыі сатырычныя і лірычныя кінакамедыі “Паручнік Кіжэ” (1934), “Дзяўчына спяшаецца на спатканне” і “Шукальнікі шчасця” (1936), “Маё каханне” (1940), экранізацыя вадэвіля і апавяданняў А.П. Чэхава “Мядзведзь”, “Налім”, “Маска” і “Чалавек у футляры”. З даваеннага рэпертуару, які адлюстроўваў сацыяльныя тэмы, вылучаліся фільмы “Жанчына” (1932), “Двойчы народжаны” (1934), “Канцэрт Бетховена” (1936). Вайна парушыла планы беларускіх кінематаграфістаў. Частка з іх апынулася на фронце, частка эвакуіравалася. На Цэнтральнай аб’яднанай студыі, заснаванай у 1942 г. у Алма-Аце, група беларускіх кінематаграфістаў стварыла (у серыі савецкіх “баявых кіназборнікаў”) свой нумар “Беларускія навелы” (1942) і кінаканцэрт у гонар 25-годдзя БССР “Жыві, родная Беларусь!” (1944). Беларускія аператары М. Бераў, І. Вейняровіч, У. Цяслюк служылі ў франтавых кінагрупах. На матэрыялах, знятых савецкімі, у тым ліку і беларускімі, аператарамі ў ходзе вызваленчай аперацыі “Баграціён” рэжысёр У. Корш-Саблін і аўтар сцэнарыя М. Садковіч стварылі поўнаметражны дакументальны фільм “Вызваленне Савецкай Беларусі” (1944), многія кадры якога – каштоўныя старонкі кіналетапісу Другой сусветнай вайны. Пасля вайны на кінастудыі, якая з 1946 г. пачала называцца “Беларусьфільм” (з 1996 г. – Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм”), у першую чаргу быў наладжаны выпуск дакументальных фільмаў – аб ранах вайны, адраджэнні рэспублікі. Пачалі здымацца і ігравыя фільмы. Першым каляровым фільмам, знятым на кінастудыі, стаў фільм “Дзеці партызана” (1954), а ў 1971 г. пабачыў свет першы шырокафарматны фільм “Крушэнне імперыі”. Беларускае кіно мае вопыт стварэння фільмаў у многіх жанрах: гісторыка-рэвалюцыйным, героіка-патрыятычным, прыгодніцкім, скіраваным да дзяцей і юнацтва. У 1949 г. са стужкі “Канстанцін Заслонаў” пачаўся адзін з асноўных накірункаў развіцця беларускага кінематографа – адлюстраванне барацьбы народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Споведдзю ад імя пакалення, якое перажыло вайну, сталі фільмы В. Турава “Праз могілкі” (1965), “Я родам з дзяцінства” (1967), “Вайна пад стрэхамі” (1966), “Сыны ідуць у бой” (1971). У розныя гады на кінастудыі “Беларусьфільм” здымаліся фільмы, якія мелі прызнанне не толькі ў СССР – “Дзяўчынка шукае бацьку” (1959) Л. Голуба дайшла да міжнародных фестываляў у Італіі і Аргенціне; “Альпійская балада” (1966) Б. Сцяпанава атрымала дыплом у Індыі; “Іван Макаравіч” І. Дабралюбава і Д. Зайцава адзначаны “Сярэбранай Мінервай” на прэстыжным Венецыянскім кінафестывалі. Шырокае прызнанне, прэміі на міжнародных і ўсесаюзных кінафестывалях атрымалі фільмы “Чырвонае лісце”, “Гадзіннік спыніўся апоўначы”, “Масква – Генуя”, “Паланез Агінскага”, “Людзі на балоце”, “Дзікае паляванне караля Стаха” і інш.
На творчым рахунку кінастудыі апошніх дзесяцігоддзяў такія значныя творы, як “Вазьму твой боль”, “Сведка”, “Знак бяды”, “Наш бронецягнік”, «Кааператыў “Палітбюро”, ці Будзе доўгім развітанне», “У жніўні 44-га ”, “Сын за бацьку”. На міжнародных фестывалях збірае прызы адкрыццё 2001 г. – фільм “Павадыр”. Нацыянальным праектам абвешчаны фільм “Легенда аб Анастасіі”.
Карпатліва і сур’ёзна працавалі над стварэннем кіналетапісу нашай краіны беларускія кінадакументалісты. Шмат змястоўных фільмаў пра герояў вайны і працы, кінаназіранняў за сталеннем маладога пакалення стварылі яны на творчым аб’яднанні “Летапіс”, якое доўгі час уваходзіла ў склад кінастудыі “Беларусьфільм”. Гэта фільмы “Генерал Пушча”, “Я з вогненнай вёскі”, “У вайны не жаночае аблічча”, “Боль мой – Хатынь”, “А зязюля кукавала…”, “Палескія калядкі”, “Паляванне на золата” і інш. У час перабудовы, калі “Беларусьфільм” падзяліўся на некалькі самастойных студый, у кінадакументалістыцы атрымаўся часовы прагал, бо студыю “Летапіс” ліквідавалі, і толькі ў апошнія гады яна пачала зноў адраджацца. Новыя фільмы, у тым ліку “Анатоль Грамыка”, “Салдаты Італіі”, “Андрэевы камяні”, “Востраў забытых сноў” і іншыя працягваюць выдатныя традыцыі нацыянальнай школы кінадакументалістыкі.
Па праву заслугоўвае звання элітарнага творчага падраздзялення “Беларусьфільма” студыя анімацыйных фільмаў. Як ні дзіўна, нідзе дакладна не адзначаны год нараджэння беларускай мультыплікацыі, ці, як зараз прынята казаць, – анімацыі. Дата гэта згубілася недзе паміж 1973 і 1975 гг. Але з гэтага часу свет пабачыла больш за сто карцін, многія з якіх атрымалі высокія прызы і ўзнагароды.
Акрамя названых вышэй на “Беларусьфільме” дзейнічае творчае аб’яднанне “Тэлефільм”, пры кінастудыі працуе Тэатр-студыя кінаакцёра.
Усё, што створана на кінастудыі за гады яе існавання – творчая праца таленавітых людзей, імёны якіх назаўсёды ўпісаны ў летапіс “Беларусьфільма”. Сярод пачынальнікаў студыі: рэжысёры Ю. Тарыч, У. Гардзін; аператары А. Кальцаты, М. Казлоўскі, Н. Навумаў-Страж; мастак М. Літвак. У розныя гады на кінастудыі працавалі: сцэнарысты А. Брадзянскі, А. Вольны, Р. Кобец; рэжысёры Э. Аршанскі, У.Корш-Саблін, С. Сплашноў, Л. Голуб, М. Фігуроўскі, І. Дабралюбаў, Б. Сцяпанаў, В. Тураў, В. Чацверыкоў, М. Пташук, А. Карпаў, В. Рубінчык; аператары У. Акуліч, А. Булінскі, І. Пікман, П. Аліфер, Дз. Зайцаў; мастакі У. Белавусаў, Ю. Булычоў, Е. Ганкін, А. Чартовіч; стваральнікі дакументальных фільмаў В. Дашук, М. Жданоўскі, Ю. Цвяткоў, В. Сукманаў; мультыплікатары А. Белавусаў, І. Волчак.