Дата начала: 03.03.1918 Брэст, г.
Дата окончания: 13.11.1918
Краткая справка: мірны дагавор Савецкай Расіі з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй
Варианты названия: Брэст-Літоўскі мірны дагавор 1918 г.
Названия на других языках: Брест-Литовский мирный договор 1918 г. (русский); Брестский мир 1918 г. (русский);
Гісторыя Брэсцкага (ці як яго называюць некаторыя гісторыкі Брэст-Літоўскага) мірнага дагавора да гэтага часу мае шмат “белых плямаў”, таму што шэраг дакументаў, якія датычацца абставін яго падпісання, застаюцца невядомымі даследчыкам. На працягу ХХ ст. савецкая гістарычная навука (у т.л. і беларуская) лічыла заключэнне Брэсцкага міру выдатным крокам савецкай дыпламатыі, неабходным для выратавання Расійскай Рэспублікі. Трагічнае становішча, у якім апынуліся беларускія землі і беларускі народ пасля падпісання мірнага дагавора з Германіяй, у савецкі час не вывучалася. Толькі на пачатку 1990-х гадоў пачалі з’яўляцца публікацыі, дзе даследчыкі на падставе вывучэння шэрагу засакрэчаных раней матэрыялаў прапанавалі паглядзець на тыя падзеі з розных бакоў. Сучасныя беларускія гісторыкі прытрымліваюцца комплекснага падыходу пры вывучэнні гэтых падзей: падпісанне Брэсцкага міру стала вынікам падзей Першай сусветнай вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый.
1 жніўня 1914 г. Германія аб’явіла вайну Расіі. У жніўні 1915 г. пачалося германскае наступленне ў напрамку Коўна – Вільня – Мінск. У верасні немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў і захапілі Вілейку, потым рускай арміяй былі пакінуты Вільня, Гродна, Брэст, Пінск і іншыя гарады заходняй часткі Беларусі. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск – Паставы – Баранавічы – Пінск. Каля паловы тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй. Першая сусветная вайна мела надзвычай разбуральны характар: з 74 млн салдат загінула каля 10 млн, было паранена больш за 20 млн, ад эпідэмій і голаду памерла каля 10 млн чалавек. Вайна прынесла вялікія страты беларускаму народу: тэрыторыя нашай краіны была арэнай баявых дзеянняў, сотні тысяч беларусаў былі мабілізаваны ў дзеючую армію (50% працаздольнага мужчынскага насельніцтва Беларусі), вялікая іх колькасць загінула ў баях. Былі разбураны гарады і вёскі, расійскія і нямецкія войскі праводзілі рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі, вывозілі сыравіну і прамысловае абсталяванне. У выніку голаду і нястачы гінула мірнае насельніцтва, больш за паўтара міліёны чалавек пакінулі Беларусь і сталі бежанцамі.
У 1917 г. палітычны крызіс ахапіў Расійскую Імперыю: бесперапынныя баі, мільённыя страты, разруха, голад, эпідэміі – усё гэта настроіла шырокія слаі насельніцтва і салдацкія масы супраць самадзяржаўя. У краіне адбылася Лютаўская рэвалюцыя і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад. Расія працягвала вайну, церпячы адно паражэнне за другім. Паступова рускія ваенныя фарміраванні страцілі боегатоўнасць. На франтах пачалося братанне рускіх і нямецкіх салдат, з’явіліся лозунгі бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыялістычнай у грамадзянскую. 25 кастрычніка (7 лістапада н.ст.) 1917 г. адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя: у выніку ўзброенага паўстання да ўлады прыйшлі леварадыкальныя партыі (бальшавікі і меньшавікі, сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры), канстытуцыйныя дэмакраты (кадэты) і стварылі новы ўрад – Савет Народных Камісараў (Саўнаркам, СНК) на чале з У.І. Леніным. Першым дакументам новай улады стаў Дэкрэт аб міры, прыняты на 2-ім Усерасійскім З’ездзе Саветаў 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 г. Урад Савецкай Расіі прапанаваў усім народам і іх урадам – удзельнікам вайны заключыць перамір’е і распачаць перагаворы “аб справядлівым дэмакратычным міры”. Расія прапанавала заключыць мір “без анексій і кантрыбуцый” – мір без захопу чужых тэрыторый і іх насільнага далучэння да іншых краін, без плацяжоў пераможаных краін краінам-пераможцам. Салдаты Расійскай арміі з энтузіязмам сустрэлі Дэкрэт аб міры: на ўчастках асобных часцей перагаворы аб заключэнні перамір’я пачаліся на другі дзень пасля падпісання Дэкрэта. Германія і Аўстра-Венгрыя таксама былі зацікаўлены ў заключэнні перамі’я: ваенна-палітычная сітуацыя, у якой яны апынуліся ўвосень 1917 г. была вельмі цяжкай – вайна на два франты, марская блакада, велізарныя чалавечыя страты, пагроза голаду і як вынік – узнікненне і ўзмацненне рэвалюцыйных настрояў. Урады краін-саюзніц Расіі па Антанце (Вялікабрытанія і Францыя) не падтрымалі захады бальшавікоў: падпісанне мірнага дагавора паміж Германіяй і Расіяй пагражала ім працягам вайны і значным павелічэннем колькасці забітых і параненых, стратай надзей на перамогу і атрыманне кантрыбуцый.
СНК Расійскай Рэспублікі пайшоў на сепаратныя перамовы з Германіяй. 15 снежня 1917 г. у былым палацы Нямцэвічаў у в. Скокі каля Брэст-Літоўска было падпісана часовае перамір’е. 22 снежня 1917 г. пачаўся першы этап мірных перамоў паміж Расіяй і краінамі Чацвярнога саюза (Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Асманскай Імперыяй і Балгарыяй). У склад расійскай дэлегацыі ўваходзілі Л.Б. Каменеў, Р.Я. Сакольнікаў, А.А. Біцэнка і С.Д. Маслоўскі-Мсціслаўскі (усе члены УЦВК (Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт)), 8 членаў ваеннай дэлегацыі, пяцёра радавых членаў (матрос, селянін, салдат, рабочы, прапаршчык флоту), сакратар, перакладчыкі, тэхнічныя работнікі. Савецкую дэлегацыю ўзначальваў рэвалюцыянер, бальшавік, член УЦВК А.А. Іофе, нямецкую – статс-сакратар (міністр) па замежных справах Р. фон Кюльман, аўстра-венгерскую – міністр замежных спраў О. Чэрнін, турэцкую – вялікі візір М. Талаат-паша, балгарскую – міністр юстыцыі Х. Папоў. Брэсцкія перагаворы вяліся ў вельмі складаных палітычных абставінах: руская дэлегацыя прапанавала Германіі і яе саюзнікам заключыць усеагульны дэмакратычны мір без уціску свабоды малых нацый з боку нацый больш моцных, без спагнання ваенных выдаткаў і кантрыбуцый. Германская дэлегацыя патрабавала ад Расіі анексіі Літвы і Курляндыі (у т.л. Рыгі і Маанзунскіх астравоў), вызвалення ад войск Фінляндыі, Эстляндыі, Малдавіі, Усходняй Галіцыі і Арменіі, прызнання незалежнасці Польскага Каралеўства. Акрамя таго, Расія была павінна заключыць з Германіяй выгадныя немцам гандлёвыя эканамічныя пагадненні, выплаціць фінансавую кампенсацыю за ўтрыманне рускіх ваеннапалонных і з цягам часу далучыцца да Чацвярнога саюза. Пытанне аб стварэнні беларускай дзяржавы ні адным з бакоў не разглядалася: новая самастойная краіна на карце Еўропы была непатрэбна ні адной з краін – удзельніц перамоў.
Беларускія дэмакратычныя дзеячы былі занепакоены верагоднасцю таго, што лёс Беларусі будзе вырашаны без удзелу беларускага народа, і сталі прыкладаць пэўныя намаганні для недапушчання такога варыянту развіцця падзей. 30 лістапада 1917 г. Вялікая Беларуская Рада (ВБР), Беларуская сялянская грамада (БСГ), Беларуская партыя народных сацыялістаў, Цэнтральная Беларуская вайсковая рада (ЦБВР) і Беларускі выканаўчы камітэт Заходняга фронту (Белвыканкамзах) звярнуліся з адозвай «Ко всему народу белорусскому», у якой растлумачылі сваю праграму: абвяшчэнне Беларусі дэмакратычнай рэспублікай, звязанай з Расійскай Рэспублікай федэратыўнымі адносінамі, перадача ўсёй улады мясцовай Краёвай Радзе, правядзенне Першага Усебеларускага з’езду (Усебеларускага Кангрэса) у снежні 1917 г. З'езд абмеркаваў найважнейшыя праблемы жыцця беларускага грамадства і выказаўся за пэўныя сацыялістычныя змяненні. У ноч з 30 на 31 снежня ўдзельнікі з’езду прынялі першы пункт “Пастановы І Усебеларускага з’езда аб самавызначэнні і краявой уладзе”, дзе аб’явілі Беларусь часткай “Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі”, падцвердзілі стварэнне часовага беларускага ўрада – Народнага Савета Беларусі. Далей на парадку дня стаяла вырашэнне пытанняў аб стварэнні беларускага войска, падрыхтоўкі дэлегацыі для ўдзелу ў мірных перагаворах у Брэст-Літоўску. Аднак праца з’езду была перарвана па загаду СНК Заходняй вобласці і фронту: стварэнне незалежнай дзяржавы замінала бальшавіцкаму ўраду Расіі. Беларусы-дэмакраты вырашылі завяршыць справу, распачатую Усебеларускім з’ездам і 3 студзеня 1918 г. група членаў Рады старэйшын (Савета з’езду) абвясціла сябе Выканаўчым камітэтам Народнага Савета Беларусі. Выканкам накіраваў у Брэст А. Цвікевіча і С. Рак-Міхайлоўскага. Беларускія дэлегаты павінны былі прыняць удзел у перагаворах і данесці да іх уздельнікаў змест дэкларацыі, у якой Беларусь абвяшчалася адзінай і непадзельнай, аўтаномнай часткай Расійскай Рэспублікі. Дэкларацыя прапаноўвала заключыць мір без анексій і кантрыбуцый на аснове права самавызначэння народаў, паступовае ўсеагульнае раззбраенне і пераход да сістэмы народнай міліцыі, удзел у мірным кангрэсе прадстаўнікоў нейтральных краін і народаў, якія ў час вайны яшчэ не мелі сваёй дзяржаўнасці: беларусаў, украінцаў, літоўцаў, палякаў і інш.
Магчымасць узнікнення новага боку ў перагаворах замінала савецкай дэлегацыі: у гэты час у мірных перагаворах прымала ўдзел дэлегацыя Украінскай Народнай Рэспублікі (УНР), якая выдвінула патрабаванні аб прызнанні тэрыторыі Украіны незалежнай ад Расійскай Рэспублікі, таму паўнамоцтвы беларусаў не былі падцверджаны і актыўнага ўдзелу ў перагаворах у якасці паўнапраўнага суб’екта міжнародных адносін наша дэлегацыя не прымала.
Палітычнае становішча ў краінах Чацвярнога саюза з цягам часу стала вельмі складаным і савецкая дэлегацыя наўмысна зацягвала перамовы: бальшавікі лічылі, што засталіся лічаныя дні да пачатку рэвалюцыі ў Германіі і Аўстра-Венгрыі. Немцы не змогуць наступаць, савецкі ўрад будзе мець час для фарміравання новай рэвалюцыйнай арміі і наладжвання абароны Петраграда.
9 лютага быў падпісаны мірны дагавор паміж Германіяй і Аўстра-Венгрыяй і Украінай (Берасцейскі мір). У абмен на нямецкую ваенную дапамогу ў забеспячэнні незалежнасці ад Расіі Украіна да 31 ліпеня 1918 г. павінна была перадаць Германіі мільён тон зерня, 400 млн яек, да 50 тыс. тон мяса буйной рагатай жывёлы, сала, цукар, пяньку, марганцавую руду і інш.
10 лютага 1918 г. на запыт Германіі аб падпісанні міру новы кіраўнік савецкай дэлегацыі Л.Д. Троцкі адказаў: «Ни мира, ни войны: мир не подписываем, войну прекращаем, а армию демобилизуем». Германскія ўлады расцанілі гэтую заяву як працяг вайны і 18 лютага пачалі імклівае наступленне на ўсход ад лініі Дзвінск – Браслаў – Паставы – Смаргонь – Баранавічы – Пінск. 20 лютага Выканаўчы Камітэт Рады 1-га Усебеларускага з’езда выдаў Першую Устаўную Грамату, у якой абвясціў сябе часовай уладай на Беларусі да склікання Усебеларускага Устаноўчага Сойма. Выканаўчым органам новай улады стаў Народны Сакратарыят Беларусі, які ўзначаліў народны сакратар (міністр) замежных спраў Я. Варонка. 22 лютага 1918 г. немцы занялі Мінск. Праз тры дні Сакратарыят быў выселены нямецкім камандаваннем са свайго памяшкання, 1-ы беларускі полк пад кіраўніцтвам К. Езавітава (народнага сакратара па ваенных справах) атрымаў загад аб расфарміраванні.
Да пачатку сакавіка нямецкія войскі занялі каля 120 тыс. кв. км і захапілі Полацк, Оршу, Жлобін, Гомель і Магілёў. Адсутнасць баяздольнай арміі прывяла да эвакуацыі СНК Заходняй вобласці і фронту, паставіла пытанне аб існаванні Савецкай Расіі. У гэтых умовах бальшавікі былі вымушаны як мага хутчэй падпісаць мірны дагавор. 1 сакавіка 1918 г. перагаворы былі адноўлены. 3 сакавіка савецкая дэлегацыя на чале з Р.Я. Сакольнікавым паставіла подпісы пад тэкстам мірнага дагавору паміж Расіяй з аднаго боку і Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з другога. У той жа дзень былі падпісаны Дадатковыя дагаворы паміж гэтымі краінамі, якія стваралі найбольш спрыяльныя эканамічныя і палітычныя ўмовы для Германіі і яе саюзнікаў.
Паводле дагавора Беларусь, якая разглядалася толькі як частка Расіі, а не як самастойная рэспубліка, была падзелена па лініі Дзвінск – Свянцяны – Ліда – Пружаны – Бярэсце. Землі Беларусі на поўдзень ад Палескай чыгункі перадаваліся Украінскай Народнай Рэспубліцы. Савецкая Расія была абавязана дэмабілізаваць армію і флот, заключыць мірны дагавор з Цэнтральнай Украінскай Радай і вызначыць мяжу паміж Расіяй і Украінай. Былі адноўлены мытныя тарыфы 1904 г. на карысць Германіі. 27 жніўня 1918 г. у Берліне было падпісана дадатковае пагадненне да мірнага дагавора (неафіцыйная назва “Эканамічны Брэст”). Савецкая Расія павінна была выплаціць вялікую кантрыбуцыю, у т.л. 245 546 кг чыстага золата. Усяго Германіі было перададзена золата на суму амаль 125 000 000 руб. Падпісанне Брэсцкага міру не спыніла нямецкае наступленне: да пачатку лета 1918 г. германскія войскі кантралявалі тэрыторыю плошчай звыш мільёна квадратных кіламетраў былой Расійскай Імперыі. Тут пражывала каля 50 міліёнаў чалавек, здабывалася каля 90% каменнага вугалю, 73% жалезнай руды, знаходзілася 54% прадпрыемстваў і 33% чыгуначных дарог.
Якое значэнне Брэсцкі мір меў для Беларусі? Беларусь не атрымлівала нічога на аднаўленне разбуранай у час вайны гаспадаркі, таму што Германія і Расія ўзаемна адмовіліся ад пагашэння страт, прычыненых вайной насельніцтву гэтых дзяржаў. Інтарэсы беларускага народа не браліся пад увагу: частку Гродзеншчыны і Віленшчыны Германія збіралася перадаць Літве, тэрыторыя Гомельскага, Кобрынскага і часткі Пружанскага паветаў пераходзілі да Украіны, разглядалася пытанне аб перадачы Польшчы часткі Міншчыны і Гродзеншчыны. Такія абразлівыя адносіны выклікалі на Беларусі ўзмацненне нацыянальна-вызваленчага руху і прывялі да стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка 1918 г. была прынята 3-я Устаўная Грамата, дзе Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана незалежнай і вольнай дзяржавай і заяўляла аб намеры перагледзець драпежніцкія ўмовы Брэсцкага мірнага дагавора.
З сакавіка па ліпень 1918 г. германскае камандаванне арганізавала некалькі буйных наступленняў на Заходнееўрапейскім фронце, аднак яны былі беспаспяховымі. У верасні арміі Антанты перайшлі ў генеральнае наступленне на ўсіх франтах. 11 лістапада 1918 г. было заключана Камп’енскае перамір’е, з падпісаннем якога Першая сусветная вайна завяршылася і Германія прызнала сябе пераможанай. 13 лістапада 1918 г. Усерасійскі ЦВК ануляваў Брэсцкія пагадненні. Канчаткова Брэсцкі мір быў скасаваны паводле Версальскіх мірных пагадненняў 1919 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.