Дата начала: 25.01.1323
Краткая справка: горад, старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага
Названия на других языках: Vilnius (литовский); Вильна (русский); Вильно (русский); Вильнюс (русский);
У кожнага народа ёсць свая Мека – гістарычная сталіца, горад, дзе захавалася культурная спадчына продкаў, адбыліся найбольш значныя падзеі мінулых эпох, дзе ёсць памятныя мясціны, звязаныя з імёнамі выдатных людзей – стваральнікаў, абаронцаў, рэфарматараў. Палітычным і культурным цэнтрам беларусаў, пачынаючы з ранняга сярэдневякоўя і да кастрычніка 1939 г., з’яўлялася Вільня – горад, які называюць “крывіцкай Мекай”.
Першы гістарычны запіс пра Вільню датуецца 1323 г., аднак многія даследчыкі лічаць, што яна існавала значна раней. Ужо ў ХI ст. на месцы сучаснага горада знаходзілася паселішча гарадскога тыпу, заснаванае крывічамі ў сутоках рэк Вілія (Нярыс) і Вільня (Вільна, Віленка, Вілейка), якое паводле славянскай традыцыі атрымала назву ад меншай ракі. У другой палове ХІ ст. яно стала цэнтрам Віленскага княства – феадальнага ўдзела Полацкай зямлі. У 1070 г. там княжыў Расціслаў Рагвалодавіч, а пасля 1129 г. – яго сыны. Большую частку тагачасных жыхароў Вільні складала ўсходне-славянскае насельніцтва, былі таксама тубыльцы-аўкштайты. Першапачаткова паселішча размяшчалася на так званай Крывой (Лысай) гары, што дало яму назву – Крывы горад і Крывы замак, зафіксаваную ў пісьмовых крыніцах XIV ст. Нямецкія хронікі называюць Крывы горад “Русінскім” (“civitas Ruthenica”). У часы праўлення Гедзіміна Вільня стала сталіцай Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Князь пабудаваў там мураваны замак, які стаў яго рэзідэнцыяй, Мікалаеўскую царкву. З гістарычных крыніц вядома, што ў Вільні ўжо ў 1321 г. былі культавыя забудовы ордэнаў прапаведнікаў-дамініканцаў і мінарытаў-францысканцаў. Пры вялікім князю Альгердзе з’явіліся Прачысценская, Пятніцкая, Траецкая, на Верхнім замку (пазней пераабсталявана ў касцёл Святога Марціна) і іншыя цэрквы.
Упершыню горад пад назвай Вільня згадваецца ў грамаце ад 25 студзеня 1323 г. да ганзейскіх гарадоў Любека, Брэмена, Магдэбурга і Кёльна; як сталіца ўпамінаецца ў мірным дагаворы ВКЛ з Лівонскім ордэнам і г. Рыгай ад 2 кастрычніка 1323 г. На эканамічнае жыццё Вільні станоўча паўплывала атрыманне ў 1387 г. магдэбургскага права: узмацніліся і пашырыліся гандлёвыя сувязі з гарадамі Ганзы, Польшчы і ВКЛ. У XIV ст. пачала фарміравацца новая планавая структура горада, пашырыліся яго межы. У гэты час пры каталіцкіх і праваслаўных храмах ствараліся школы, бібліятэкі, пачалі дзейнічаць галоўныя дзяржаўныя ўстановы – магістрат (з 1387 г.), гарадская рада (з 1432 г.). У 1413 г. Вільня стала цэнтрам Віленскага ваяводства. З 1416 г. у горадзе знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага мітрапаліта ВКЛ. Паступова Вільня набыла статус сапраўднага палітычнага цэнтра Усходняй Еўропы, куды прыязджалі пасольствы з розных краін. У 1492 г. у горадзе быў заснаваны манетны двор і першая аптэка, праводзіліся вялікія кірмашы. У канца XV ст. у сувязі з набегамі крымскіх татараў пачалося будаўніцтва абарончых умацаванняў (Віленскай, Трокскай, Траецкай, Спаскай і Замкавай брам). Па меры росту горада з’явілася яшчэ пяць – Татарская, Рудніцкая, Субач, Бернардзінская і Мокрая. У XVI ст. адбываўся далейшы росквіт Вільні, пашырэнне яе тэрыторыі. У горадзе налічвалася амаль 20 тыс. чалавек. Па колькасці насельніцтва ён саступаў толькі Полацку. Апрача беларусаў, палякаў, нязначнай часткі літоўцаў там пражывалі яўрэі, немцы і крымскія татары. На месцы драўляных дамоў і храмаў мясцовыя і замежныя дойліды пачалі ствараць мураваныя. Горад уражваў замежных паслоў і падарожнікаў еўрапейскай планіроўкай, велічнымі храмамі і раскошнымі палацамі Радзівілаў, Хадкевічаў, Астрожскіх, Сапегаў, Кішкаў і іншых арыстакратаў. У пачатку XVI ст. у Вільні дзейнічала 7 касцёлаў і 14 цэркваў. Была створана друкарня Ф. Скарыны, дзе выдалі “Малую падарожную кніжку” (1522) і “Апостал” (1525). Паслядоўнік першадрукара П. Мсціславец у 1569 г. заснаваў Віленскую друкарню з кірылічным шрыфтам. У друкарні братоў Мамонічаў выдаваліся на царкоўна-славянскай, старабеларускай і польскай мовах падручнікі, рэлігійная літаратура, законы, у тым ліку Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. З 1524 г. ў Вільні працавала паперня, у 1539 г. адкрыта вышэйшая школа, каля 1540 г. – арсенал і гарматная ліцейня, у сярэдзіне XVI ст. – водаправод у драўляных трубах, каля 1545 г. – першая карцінная галерэя, у 1579 г. – Віленская акадэмія. З XV ст. пачалі стварацца рамесныя цэхі: кушнерскі, краўцоў і майстроў залатых спраў і інш. У сувязі з пашырэннем гандлю былі пабудаваны гасціныя двары: Рускі (1503), Маскоўскі і Нямецкі (1523). Моцны пажар у 1610 г. знішчыў у Вільні 4700 дамоў, замкі і 10 храмаў. Аднак пры падтрымцы караля Уладзіслава Вазы і канцлера Л. Сапегі да сярэдзіны XVIІ ст. сталіца адрадзілася. Цэнтр горада забудаваўся ў асноўным мураванымі будынкамі, узніклі новыя вуліцы і плошчы. У гэты час там існавала больш за 120 рамёстваў, налічвалася 839 крам, 37 храмаў розных канфесій, дзейнічалі калегіі езуітаў і ўніятаў, школы евангельскіх рэфарматаў і праваслаўныя, 10 друкарняў. У перыяд вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Вільня была амаль разбурана і спалена, страціла палову насельніцтва. Толькі ў канцы XVIІ ст. горад стаў ажываць. Сапегі, Пацы, Служкі (Слушкі) і Радзівілы зноў пачалі адбудоўваць палацы, фундаваць храмы. Аднак у час Паўночнай вайны (1700–1721) многія жыхары загінулі ад голаду і эпідэміі чумы. З цягам часу Вільня зноў паступова адраджалася. Былі ўзведзены мураваныя касцёлы, пачалі выходзіць газеты на польскай мове “Kurier Litewski” (“Літоўскі веснік”), “Gazeta Wileńska” (“Віленская газета”). У 1773 г. пасля ліквідацыі ордэна езуітаў заснавана Адукацыйная камісія, якая рэарганізавала сістэму адукацыі ў межах ВКЛ; з 1785 г. дзейнічаў гарадскі тэатр В. Багуслаўскага.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Вільня ўвайшла ў склад Расійскай імперыі і стала цэнтрам Літоўскай, пазней Віленскай губерні, Віленскага генерал-губернатарства. У пачатку ХІХ ст. яна – трэці па велічыні (пасля Масквы і Санкт-Пецярбурга) горад царскай Расіі, культурны і адміністрацыйны цэнтр. Пры Віленскім універсітэце ў 1797 г. была адкрыта школа прыгожых мастацтваў (у 1803 г. перайменавана ў факультэт жывапісу, скульптуры і гравюры). Прыкметны след у развіцці беларускай культуры пакінулі яе выхаванцы І. Аляшкевіч, В. Ваньковіч, Я. Дамель, Н. Орда і інш. Напярэдадні Айчыннай вайны 1812 г. у горадзе налічвалася каля 36 тыс. жыхароў, было больш за 700 мураваных і столькі ж драўляных дамоў, шмат культавых збудаванняў розных канфесій. У часы акупацыі французскімі войскамі гандлёвае жыццё ў Вільні аслабла, пачаўся голад, з’явіліся розныя інфекцыйныя захворванні. Восенню 1812 г. толькі ў ваенных шпіталях налічвалася каля тысячы хворых. Пры адступленні горад быў разрабаваны. Пасля вайны абудзілася грамадскае жыццё: ствараліся патрыятычныя таварыствы шубраўцаў, філаматаў, філарэтаў, “прамяністых”. Актыўны ўздел у іх дзейнасці прымалі А. Міцкевіч, Т. Зан і іншыя пісьменнікі. Члены таварыстваў выступалі за пашырэнне культуры і асветы сярод мясцовага насельніцтва, вывучэнне гісторыі роднага краю. З Вільняй быў звязаны пэўны перыяд жыцця і дзейнасці паэта і фалькларыста Я. Чачота, вучонага і грамадскага дзеяча А. Кіркора і інш.
З сярэдзіны ХІХ ст. у горадзе пачала развівацца прамысловасць. У 1860–1862 гг. праз Вільню праклалі чыгунку Санкт-Пецярбург–Варшава, у 1874 г. – Лібава-Роменскую. У 1864 г. была адкрыта першая фабрыка (газавая), пачаў дзейнічаць чыгуналіцейны завод Цымермана. У пачатку 1880-х гг. працавалі прадпраемствы метала- і дрэваапрацоўкі, гарбарнай, харчовай прамысловасці. У 1865 г. была створана тытунёвая мануфактура Дурунчы і Шмемана. З 1893 г. у Вільні пачала працаваць конка, з 1896 г. – тэлеграфная станцыя і тэлефонная сетка. У 1905 г. з’явіліся першыя аўтамабілі, у 1908 г. – трамвай. У канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. у горадзе было некалькі дзясяткаў розных навучальных устаноў, дзейнічалі навуковыя арганізацыі, былі заснаваны публічная бібліятэка, абсерваторыя. У 1852 г. створаны Цэнтральны архіў старажытных актавых кніг заходніх губерняў, у 1864 г. – Віленская археаграфічная камісія, з 1855 г. – Віленскі музей старажытнасцей. У Вільні працавалі чатыры тэатры, перыядычна ўзнікалі нацыянальныя таварыствы аматараў песні, музыкі, тэатра. Наладжваліся беларускія вечары, на якіх выступалі трупа Ігната Буйніцкага і Беларускі музычны драматычны гурток. На беларускай мове з 1906 г. выдаваліся першыя легальныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва”, пазней часопіс “Саха”. З канца 1910-х гг. Вільня паступова страчвала значэнне агульнанацыянальнага беларускага цэнтра. Гэту ролю стаў выконваць Мінск.
У Першую сусветную вайну Вільню ў 1915 г. акупіравалі нямецкія войскі. У верасні 1917 г. там была створана Літоўская Тарыба (прадстаўнічы орган літоўскага народа і краёвай улады пранямецкай арыентацыі), якая 16 лютага 1918 г. абвясціла пра аднаўленне незалежнай, заснаванай на дэмакратычных прынцыпах Літоўскай дзяржавы са сталіцай у Вільні. У час акупацыі, якая працягвалася да 1918 г., у гораде былі адкрыты спецыяльныя беларускія настаўніцкія курсы, беларускі клуб з драматычным гуртком, беларускі дзіцячы тэатр на чале з С. Корф. 14 жніўня 1918 г. у горадзе адбылася нарада прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычных арганізацый Літвы і Заходняй Беларусі; 1–3 кастрычніка 1918 г. прайшоў першы з’езд Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі; 8 снежня 1918 г. утвораны Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад Літвы. 15 снежня 1918 г. Савет рабочых дэпутатаў Вільні абвясціў савецкую ўладу. Вільня стала сталіцай Савецкай Літвы. З 27 лютага да 21 красавіка 1919 г. была адміністрацыйным цэнтрам Літоўска-Беларускай ССР.
21 красавіка 1919 г. Вільню і Віленскі край захапілі польскія войскі. 14 ліпеня 1920 г. горад быў заняты Чырвонай арміяй. Аднак 9 кастрычніка 1920 г. дывізіі пад камандаваннем генерала Л. Жалігоўскага зноў акупіравалі горад, які стаў сталіцай Сярэдняй Літвы. Пасля падзелу тэрыторыі Беларусі ў выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Вільня хутка пачала набываць значэнне палітычнага і культурна-інтэлектуальнага цэнтра Заходняй Беларусі. Там было створана Таварыства беларускай школы і Беларускі студэнцкі Саюз, працаваў Беларускі музей, адкрываліся народныя школы і дамы, настаўніцкія семінарыі, чытальні-бібліятэкі, сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы, выдаваліся часопісы, газеты, падручнікі і іншая літаратура на беларускай мове. З 1922 г. горад стаў цэнтрам ваяводства. У выніку паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (верасень 1939 г.) горад занялі савецкія войскі. 10 кастрычніка 1939 г. быў падпісаны савецка-літоўскі дагавор аб ўзаемадапамозе, паводле якога Вільня і Віленскі край перададзены Літве. З гэтага часу горад стаў называцца Вільнюсам. У жніўні 1940 г. Літва ўвайшла ў склад СССР, і Вільнюс стаў сталіцай Літоўскай ССР. 24 чэрвеня 1941 г. горад акупіравалі нямецкія войскі. Гітлераўцы стварылі там яўрэйскае гета (каля 42 тыс. чалавек). За час акупацыі загінула каля 70 тыс. жыхароў Вільнюса, пры адступленні знішчана каля 40 % жылога фонду, 30 % буйных прамысловых прадпрыемстваў. 13 ліпеня 1944 г. Вільнюс быў вызвалены Чырвонай арміяй. З 1991 г. ён сталіца незалежнай Літвы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.