Ідэя стварэння ў горадзе музея такога кшталту ўзнікла яшчэ ў 1915 г., калі ў сувязі з арганізаванымі курсамі для ветэрынарных фельчараў з’явілася неабходнасць захоўваць і дэманстраваць слухачам рознапланавы наглядны матэрыял, якога на той час налічвалася ўжо 265 адзінак. Нягледзячы на неспакойныя ў палітычным плане часы ветэрынарны музей пры ветэрынарным аддзеле Віцебскай губернскай земскай управы працягваў развівацца і папаўняцца, а ў снежні 1918 г. быў рэарганізаваны ў ветэрынарна-заалагічны музей (Дом ветэрынарнай асветы).
Музей размяшчаўся на галоўнай вуліцы Віцебска ў муніцыпалізаваным для яго двухпавярховым доме. Яго арганізатарам і загадчыкам стаў вядомы ветэрынарны ўрач і вучоны, загадчык Віцебскага губернскага аддзела, а потым начальнік Ветэрынарнага ўпраўлення Наркамата земляробства БССР, першы рэктар Віцебскага ветэрынарнага інстытута – Я. П. Алонаў (1875–1929). З дапамогай сваіх калег – ветэрынарных урачоў П. Лебедзева, А. Грыгаровіча і інш. – яму ўдалося стварыць адну з лепшых устаноў такога тыпу ў краіне. У 1923 г. музей прымаў удзел ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы і быў адзначаны Ганаровым дыпломам ІІ ступені за вялікую арганізацыйную заслугу ў справе ветэрынарнай асветы, у 1928 г. – Ганаровым дыпломам ВДНГ за шырокае развіццё асветніцкай работы.
Да сярэдзіны 1920-х гг. музей налічваў ужо звыш 1500 экспанатаў, сярод якіх былі мадэлі, прэпараты, чучалы, дыяграмы, картаграмы, малюнкі, плакаты, каштоўныя і рэдкія муляжы. У складзе музея дзейнічалі 13 аддзелаў: інфекцыйных хвароб, незаразных хвароб, бактэрыялогіі, акушэрства, выродлівасці ў жывёл і чалавека, рацыянальнага падкоўвання, забойнай справы, анатоміі, жывёлагадоўлі, заалогіі, батанікі і арніталогіі. Пры музеі пастаянна працавала выстаўка па барацьбе з туберкулёзам жывёл і чалавека, майстэрня па вырабе экспанатаў для павятовых выставак і музеяў, а таксама бібліятэка з літаратурай па ветэрынарыі і сельскай гаспадарцы, якая налічвала больш за 1200 выданняў. У 1924–1925 гг. музей наведалі каля 12 тыс. чалавек. У канцы 1920-х гг. фонды музея налічвалі ўжо звыш 4,5 тыс. экспанатаў. Павялічылася да 30 тыс. у год і колькасць наведвальнікаў: навучэнцаў, рабочых, сялян, чырвонаармейцаў і служачых. У музеі праводзіліся экскурсіі, лекцыі, гутаркі і нават кароткатэрміновыя курсы па ветэрынарыі, заалогіі, анатоміі і фізіялогіі жывёл.
У 1939 г. музей быў капітальна адрамантаваны і рэканструяваны, падзелены на ветэрынарны і заалагічны аддзелы. Наведвальнікаў абслугоўвалі два кваліфікаваныя экскурсаводы. Для дэманстрацыі парод сельскагаспадарчых жывёл і для аддзелу заагігіены, дзе экспанаваліся макеты тыпавых забудоў для ўтрымання жывёлы, адводзіліся асобныя памяшканні. Вялікую цікавасць выклікала экспазіцыя пакоя, прысвечанага англійскаму натуралісту і вандроўніку Ч. Дарвіну.
Віцебскі ветэрынарна-заалагічны музей праіснаваў да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ён, на жаль, так і не быў адноўлены.
Матэрыял падрыхтаваны Віцебскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.