Дата начала:
1958 Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Краткая справка:
горад
Названия на других языках:
Белоозёрск (русский);
Предыдущие названия:
Бярозаўскі
1986 символов
Справка
Адной з асаблівасцей эканамічнага і сацыяльнага развіцця нашай рэспублікі з’яўляецца ўзнікненне новых гарадоў разам з найбольш буйнымі прадпрыемствамі па выпрацоўцы электраэнергіі. У сувязі з будаўніцтвам Бярозаўскай ДРЭС набыў вядомасць і горад Белаазерск, які ўзнік у 1958 г. на месцы в. Ніўкі і спачатку называўся рабочым пасёлкам Бярозаўскім, а з 25 чэрвеня 1960 г. — Белаазерскам.
Станцыю і горад будавалі спецыялісты з усёй Беларусі. Навасельцаў сустракалі зялёныя вагончыкі, барачныя інтэрнаты ды вялікая пустэча там, дзе затым пралягла цэнтральная вуліца Белаазерска. У ліпені 1958 г. у будучым горадзе быў закладзены падмурак першага 16-кватэрнага жылога дома, а ў 1963 г. многія белаазерцы атрымалі новыя ўтульныя кватэры.
Прамысловы ток Бярозаўская ДРЭС дала 29 снежня 1961 г. Сёння станцыя ўваходзіць у Беларускую энергетычную сістэму, забяспечвае электраэнергіяй Літву і Беластоцкае ваяводства Польшчы. Акрамя ДРЭС у горадзе працуе энергамеханічны завод, які спецыялізуецца на выпуску запасных частак для электрастанцый і заводскага рамонту сілавых трансфарматараў вялікай магутнасці. Да паслуг насельніцтва — шырокая сетка гандлёвых пунктаў і прадпрыемстваў грамадскага харчавання, два дамы быту, гасцініца, бальніца і паліклініка, бюро падарожжаў і экскурсій, санаторый-прафілакторый.
Горад працягвае расці, павялічваецца яго насельніцтва. У Белаазерску шмат дзяцей. Для іх пабудаваны сярэднія школы, дашкольныя ўстановы, Дом піянераў, дзіцячая музычная школа. У горадзе працуе таксама прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча.
Сённяшні Белаазерск — утульны, добраўпарадкаваны, зручны для жыцця горад. Многа прыемных рыс у яго абліччы — нейкая асаблівая акуратнасць вуліц, мноства зялёных насаджэнняў і кампактная планіроўка. У выхадныя дні, пасля работы гараджане любяць праводзіць час на азёрах Белае і Чорнае. Лекавая прахалода вады, залаты пясок пляжа прываблівае не толькі жыхароў Белаазерска, Бярозы, але і іншых навакольных гарадоў.