Дата начала: 01.02.1991 Маладзечна, г., Мінская вобласць
Краткие названия: МОДТ (рус.)
Названия на других языках: Минский областной драматический театр (русский);
Мінскі абласны драматычны тэатр – адзін з самых маладых прафесійных тэатральных калектываў Беларусі, створаны ў 1991 г. на базе народнага тэатра гарадскога Дома культуры. З самага пачатку сваёй дзейнасці арыентуецца пераважна на нацыянальную драматургію, яе класічную спадчыну. Першы спектакль «Зямля» паводле паэмы «Новая зямля» Я. Коласа быў пастаўлены М. Мацкевічам 30 студзеня 1993 г. Потым з’явіўся шэраг новых работ па творах беларускіх класікаў-драматургаў – «Час, Сымоне, час...» паводле п’есы «Раскіданае гняздо» Я. Купалы, «Прымакі» Я. Купалы, «Пан міністар» Ф. Аляхновіча. Своеасаблівай візітнай карткай стаў спектакль «Камедыя» У. Рудава паводле твораў К. Марашэўскага і Ф. Аляхновіча. Шмат гадоў у рэпертуар тэатра ўваходзіць спектакль «Вечар» па п’есе А. Дударава – адна з лепшых пастановак, што з цягам часу не страціла сваіх вартасцей. Актуальная тэма, свежая і адметная акцёрская ігра выклікаюць моцнае суперажыванне ў гледачоў. У сваёй дзейнасці калектыў яшчэ неаднаразова звяртаўся да творчасці А. Дударава. Былі пастаўлены яго п’есы «Радавыя», «Адцуранне», «Прынц Мамабук», «Вавілон», «Кім», «Люці».
Вялікую ўвагу тэатр надае творам сучасных беларускіх аўтараў – «Аўчары» В. Лапціка, «Нязваны госць» С. Бартохавай, «Фантазія ля-мінор» У. Драздова і інш. Сярод пастановак на гістарычныя тэмы крытыкі асабліва адзначылі спектакль «Саламея і яе амараты» С. Кавалёва ў пастаноўцы Р. Таліпава. У ім узнаўляюцца малавядомыя старонкі жыцця Саламеі Русецкай, якая з простай беларускай жанчыны ператварылася ў нястомную вандроўніцу, авалодала многімі мовамі, стала лекаркай і пісьменніцай. 30 чэрвеня 2002 г. у тэатры адбылася прэм’ера сцэнічнага жарту «На другі дзень Сёмухі» паводле п’есы «Прымакі» Я. Купалы ў пастаноўцы Ю. Вута. Стваральнікі спектакля па-новаму ўвасобілі герояў вядомай п’есы: гэта не «лапцевы» спектакль, дзе паказана талерантнасць беларуса, а сучасны погляд на класічны матэрыял. Музычнае афармленне пастаноўкі падведзена пад стыль жыцця XXI ст: гучаць кампазіцыі рок-гурта «Палац», групы «Беларускія Песняры», блюз, джаз, рок-музыка. Афармленне сцэны надае сучаснасці народны каларыт.
У тэатры ажыццяўляюцца пастаноўкі твораў рускай класічнай і сучаснай драматургіі – «Апошняя ахвяра» і «Жаніцьба Бальзамінава» А. Астроўскага, «Любоў – кніга залатая» А. Талстога, «Правінцыяльныя анекдоты» і «Дваццаць хвілін з анёлам» А. Вампілава, «Я стаю ля рэстарана» Э. Радзінскага, «Характары» паводле В. Шукшына і інш. Значную частку рэпертуару складаюць спектаклі па п’есах замежных аўтараў – сцэны з трагедыі «Гамлет» У. Шэкспіра, «Пры зачыненых дзвярах» Ж. П. Сартра, «Непаразуменне» А. Камю, «Двое на арэлях» У. Гібсана, «Чорная нявеста» Ж. Ануя, «Восем закаханых жанчын» Р. Тама, «Гер Паўль» Т. Дорста, «Без мяне мяне ажанілі» Ф. Кроца і інш. Маладзечанскі калектыў імкнецца пазбягаць таннай забаўляльнай драматургіі, свядома адмаўляючыся ад распаўсюджанай сёння «эратызацыі» сцэнічнага мастацтва. Аднак тэатр павінен задавальняць інтарэсы гледачоў рознага ўзросту, розных сацыяльных груп, таму яго рэпертуар адзначаецца жанравай разнастайнасцю. У афішы для дарослых ёсць драма, меладрама, трагікамічная фантазія, камедыя, трагікамедыя, трагіфарс, сямейны дэтэктыў, драматычная клаўнада. Калектыў штогод ажыццяўляе новыя пастаноўкі спектакляў для дзяцей, у якіх артысты іграюць з неменшай эмацыянальнай аддачай, чым у спектаклях для дарослых. Дзіцячы рэпертуар шырокі і разнастайны – музычная казка-жарт, казка-гульня, казка нашых мар, лясная казка, пастараль, трылер для дзяцей. Поспехам карыстаюцца «Тата» («Залатое кураня») У. Арлова, «Чарадзейства ў краіне Оз» Г. Булыкі, «Драўляны рыцар» С. Кавалёва, «Парася, якое спявае, ці Нельга нам без сябра» і «Па блакітных хвалях васількоў» С. Казлова, «Адчыніце, казляняткі» П. Макаля, «Буслік супраць Кадука» Г. Марчука, «Добры змей» А. Якімовіча, «Проста Мяфа» А. Палешчанковай. Спектакль «Мымрык» В. Афоніна – казка-фантазія для дзяцей і бацькоў, у якой сцвярджаецца ідэя цеплыні сямейных адносін, любові і павагі адзін да аднаго. Цудоўным вяртаннем у дзяцінства з’яўляецца спектакль для дзяцей і падлеткаў «Хлапчукі-абэлтухі» па п’есе К. Драгунскай у пастаноўцы Г. Карбаўнічай. У першую чаргу менавіта юнаму гледачу адрасаваны спектакль «Маленькі прынц» паводле твора А. дэ Сент-Экзюперы ў пастаноўцы А. Міхальцовай. Значнае месца займаюць музычныя спектаклі і спектаклі-мюзіклы для дзіцячай аўдыторыі (музыку да іх напісалі кампазітары А. Атрашкевіч, А. Елісеенкаў, А. Залётнеў).
Спектаклі ставілі і рэжысёры іншых тэатраў – А. Андросік, Р. Баравік, Ю. Вута, У. Забела, В. Мазынскі, А. Міхальцова, В. Раеўскі, В. Расстрыжэнкаў, Р. Таліпаў і інш. У пастаноўках прымалі ўдзел вядомыя актрысы з Мінска В. Кавалерава (Беларускі рэспубліканскі тэатр юнага гледача) і М. Захарэвіч (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы). Таксама М. Захарэвіч знаходзіла час для заняткаў мовай з акцёрамі тэатра, ажыццявіла пастаноўкі спектакляў «Характары» паводле В. Шукшына і «Апошняя ахвяра» А. Астроўскага (разам з М. Мацкевічам).
Удзел у творчых эксперыментах, пастаяннае прафесійнае ўдасканаленне, мастацкая смеласць у інтэрпрэтацыі драматургіі, імкненне стварыць арыгінальны рэпертуар дапамагаюць тэатру ў фарміраванні непаўторнага творчага аблічча. З 1994 г. на яго сцэне штогод праводзіцца адзін з лепшых беларускіх тэатральных фестываляў «Маладзечанская сакавіца». Таксама тэатр удзельнічаў у Тэатральным фэсце сучаснай нямецкай драматургіі (Мінск, 1998), фестывалі «Надзея» (Гродна, 1998) і інш. Творчы калектыў з’яўляецца лаўрэатам рыжскага Міжнароднага фестывалю монадрамы «Зорка-2006». Тэатр рэгулярна выязджае ў Вілейскі, Мядзельскі, Дзяржынскі, Смалявіцкі раёны, праводзіць творчыя сустрэчы з гледачамі. Калектыў уражвае паслядоўным увасабленнем сучаснай беларускай драматургіі, папулярызацыяй роднай мовы і літаратуры, адкрыццём новых імёнаў айчынных аўтараў.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.