Краткая справка:
адкрытае акцыянернае таварыства па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, кіруючая кампанія холдынга "МТЗ-Холдынг", лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2000, 2022) і прэміі Садружнасці Незалежных Дзяржаў за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг (2023)
Краткие названия:
МТЗ
Названия на других языках:
Minsk Tractor Works (английский); Минский тракторный завод (русский);
3835 символов
Справка
Адным з лідараў сусветнага сельскагаспадарчага машынабудавання з’яўляецца ААТ “Мінскі трактарны завод”.
Адлік яго гісторыі пачынаецца з прыняцця 29 мая 1946 г. пастановы Савета Міністраў СССР №1142 “Аб будаўніцтве Мінскага трактарнага завода”. Прадпрыемства было вырашана ўзводзіць на плошчах недабудаванага ў перадваенны час авіяцыйнага завода №453. Паралельна з будоўляй вялася падрыхтоўка спецыялістаў, арганізацыя тэхналагічнага працэсу, закупка і ўстаноўка абсталявання. Першы дзяржаўны заказ на выраб балотнага плуга паступіў у 1947 г. Паступова ўзводзіліся і запускаліся цэхі пускавых рухавікоў, інструментальны, маторны, прэсавы, рамонтна-механічны, рамонтна-ліцейны, чыгуналіцейны і інш.
У 1950 г. пачаўся серыйны выпуск трактара КД-35 – першай машыны, вырабленай на Мінскім трактарным заводзе, у 1951 г. – тралёвачных трактароў для працы ў лясных масівах, у 1953 г. – колавага трактара “Беларусь” для выкарыстання на ўсіх відах сельскагаспадарчых работ. За арыгінальнасць канструктарскіх рашэнняў колавы трактар “МТЗ-7” атрымаў Ганаровы дыплом Брусельскай сусветнай выстаўкі (1958). Завод ганарыцца многімі мадэлямі тэхнікі. Але трактар, па якім прадпрыемства і краіну ведаюць на ўсіх кантынентах, – гэта МТЗ-80/82 (1974). Было створана некалькі мадыфікацый, сярод найбольш папулярных – рысаводчая, нізкаклірансная, крутасхільная. Дзякуючы надзейнасці, камфорту, прастаце і непатрабавальнасці ён стаў адным з самых працяглых па выпуску трактароў у свеце і адным з самых запатрабаваных у пакупнікоў. Канструктарамі завода былі распрацаваны таксама сродкі малой механізацыі для індывідуальных спажыўцоў – мотаблокі і міні-трактары, якія карысталіся вялікай папулярнасцю. Да 1972 г. прадпрыемствам быў выпушчаны ўжо 1 млн трактароў.
У цяперашні час адкрытае акцыянернае таварыства “Мінскі трактарны завод” – кіруючая кампанія холдынга “МТЗ-Холдынг”, які аб’ядноўвае 13 прадпрыемстваў Беларусі. Тут працуе больш за 15 тыс. чалавек. Завод з’яўляецца прадпрыемствам поўнага цыкла. У яго складзе працуюць корпус зборкі трактароў, цэхі прэсавы, тэрмічны, кавальскі, 3 ліцейных, сталеліцейны, дакладнага сталёвага ліцця, кабін, 5 механічных, механазборачны, аддзелкі і афарбоўкі, кансервацыі і ўпакоўкі. У аддзеле дызайну займаюцца мадэрнізацыяй дзеючых мадэлей і стварэннем новых, у навукова-тэхнічным цэнтры – праектуюць і вырабляюць вопытныя ўзоры новых машын. Перад адпраўкай на збыт трактары праходзяць прыёмку ў аддзеле тэхнічнага кантролю і Цэнтры выпрабаванняў трактарнай тэхнікі ў в. Абчак (Мінскі раён).
Асартымент прадукцыі ўключае 160 мадэлей і больш за 220 мадыфікацый для працы ў любых умовах. Выпускаюцца таксама мотаблокі, прычапныя і навясныя прылады для сельскагаспадарчых, будаўнічых, лясных і камунальных работ, запасныя часткі, аказваюцца паслугі па наладцы і правядзенні сэрвісу. Большасць тэхнікі камплектуецца дызельнымі рухавікамі вытворчасці Мінскага маторнага завода. У 2022 г. быў выпушчаны 4-мільённы трактар. Больш за 90% вырабленай прадукцыі пастаўляецца за мяжу. Беларускія трактары працуюць у 125 краінах на пяці кантынентах. Асноўным рынкам з’яўляецца Расійская Федэрацыя, ідуць пастаўкі таксама ў іншыя краіны СНД, Паўднёва-Усходнюю Азію і Афрыку. Для прасоўвання прадукцыі на сусветным рынку ў структуры завода дзейнічае буйная тавараправодная сетка з больш чым 100 арганізацый.
За дасягнутыя поспехі ў працы Мінскі трактарны завод быў узнагароджаны ордэнамі Леніна (1966), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971) і ордэнам Мангольскай Народнай Рэспублікі “Палярная зорка” (1986). Прадпрыемства стала лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР (1971), Дзяржаўнай прэміі БССР (1972, 1976), Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (1994), Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (2000, 2022) і прэміі СНД за дасягненні ў галіне якасці прадукцыі і паслуг (2023).