Краткая справка:
афіцыйная газета Магілёўскага губернскага праўлення
Названия на других языках:
"Могилёвские губернские ведомости" (русский);
2886 символов
Справка
Гісторыя першай газеты г. Магілёва – “Могилевских губернских ведомостей” – пачынаецца 2 ліпеня 1838 г., калі з друку выйшаў яе першы нумар. Першапачаткова выданне складалася з адной афіцыйнай часткі, у якой друкаваліся распараджэнні ўрада, Магілёўскага губернскага праўлення, аб’явы і паведамленні. Выходзіла на рускай мове кожны тыдзень па суботах і мела фармат аркуша паперы для пісьма (усяго ў 1838 г. выйшла 27 нумароў). Да 1849 г. газета друкавалася нерэгулярна, потым выходзіла ад аднаго да трох разоў у тыдзень. Тыраж у розныя гады складаў ад 600 да 1950 экзэмпляраў. З 1870 г. газета пачала друкавацца ў газетным фармаце. Падпіска на яе для падведамасных устаноў і службовых асоб была абавязковай.
З № 2 за 1839 г. у газеце з’явіўся дадатак (у далейшым – неафіцыйная частка газеты). У ім друкаваліся матэрыялы па статыстыцы, археалогіі, гісторыі (апісанні гістарычных месцаў губерні, гарадоў, мястэчак, архітэктурных помнікаў), пытаннях выхавання, адукацыі і асветы (навучальныя ўстановы, нядзельныя школы, бібліятэкі), аб сацыяльна-эканамічных праблемах (садаводства, жывёлагадоўля, гандаль) і інш. Шырока былі прадстаўлены матэрыялы па этнаграфіі, фальклору, мовазнаўству, народнаму тэатру, а таксама праграмы па збіранню народнай творчасці. Змяшчаліся літаратурныя і літаратуразнаўчыя творы, крытыка-бібліяграфічныя матэрыялы. Асвятлялася культурнае жыццё горада, друкаваліся рэцэнзіі на спектаклі, паведамленні пра выступленні акцёраў-гастралёраў і тэатральных труп, гарадскіх аматарскіх калектываў. З ліпеня 1904 г. па 1905 г. неафіцыйная частка выходзіла як самастойная газета пад назвай “Могилёвские губернские ведомости. Часть неофициальная. Издание второе. Газета общественная и литературная”.
Сярод публікацый з неафіцыйнай часткі: “Этнаграфічны нарыс” (1839), “Гісторыя Магілёўскага герба” (1842), “Гістарычны агляд Магілёўскай губерні” С. Сакалова (1848), “Орша (1250–1683)” З. Даўгялы, “Што зроблена па вывучэнню Магілёўскай губерні і што будзе яшчэ зроблена” Е. Раманава (1898), “Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені” Я. Карскага (1902) і інш. Некаторыя матэрыялы друкаваліся з захаваннем асаблівасцей беларускай мовы, у т. л. “Магілёўскія прыкметы”, “Загадкі”, “Дзяды” (1849), “Каляды ў Сенненскім павеце” і інш. Матэрыялы з газеты часам друкаваліся ў Магілёўскай губернскай тыпаграфіі асобнымі выданнямі. Усяго выйшла 25 кніг і брашура “Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела”, якая была ўпершыню надрукавана на беларускай мове грамадзянскім шрыфтам (А. Кісель, 1861).
Рэдактарамі газеты ў розныя гады працавалі Т. Лявонаў, С. Сакалоў, Н. Дубенскі, В. Біпен, А. Пацехін, І. Рубаноўскі і інш. У 1897–1903 гг. неафіцыйную частку рэдагаваў Е. Раманаў. Сярод аўтараў краязнаўчых матэрыялаў – Ф. Жудро, Г. Падабед і інш.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна ў 2011 г.