2 красавіка 1886 г. выйшаў у свет першы нумар першай у Беларусі прыватнай грамадска-палітычнай і літаратурнай газеты ліберальна-асветніцкага кірунку “Минский листок”. Спробы заснавання ў краіне мясцовага друкаванага органа, на старонках якога адлюстроўвалася б грамадска-палітычнае і культурнае жыццё краю, неаднаразова рабіліся яшчэ ў 70-я гг XIX ст. Толькі ў 1886 г. натарыус І. П. Фацінскі атрымаў дазвол на выданне газеты, што выходзіла 2–3 разы ў тыдзень у Мінску на рускай мове.
Па змесце, ідэйным напрамку сваіх артыкулаў “Минский листок” быў тыповай правінцыяльнай газетай свайго часу. У розныя перыяды выдаўцамі і рэдактарамі газеты былі, апрача І. П. Фацінскага, І. П. Сілініч, К. І. Зіноўеў, М. П. Мысаўской, А. Я. Мацкевіч, Ф. Ф. Каменскі і інш. У 1894–1897 гг., калі газету ўзначальвалі І. П. Сілініч і К. І. Зіноўеў і “Минский листок” атрымаў больш радыкальны кірунак, царская цэнзура пачала прымяняць рэпрэсіі. Многія нумары забараняліся або выходзілі са значным спазненнем. Нарэшце, у лютым 1897 г. Галоўнае кіраўніцтва па справах друку спыніла выданне газеты на восем месяцаў. Толькі пасля шматлікіх хадайніцтваў удалося аднавіць яе выпуск.
Рэдакцыя газеты падтрымлівала сувязі з вядомымі вучонымі, даследчыкамі культурнай спадчыны беларускага народа. Вакол “Минского листка” арганізаваўся свайго роду гурток, у склад якога ўваходзілі гісторык і этнограф М. Доўнар-Запольскі, этнограф А. Слупскі, гісторык і археолаг У. Завітневіч, даследчык гісторыі, археалогіі, этнаграфіі і літаратуры М. Янчук і іншыя вучоныя. Большасць артыкулаў публікаваліся пад ініцыяламі ці псеўданімамі або зусім не падпісваліся. На старонках выдання можна было знайсці матэрыялы філасофскага і сацыяльна-палітычнага зместу, працы па гісторыі, этнаграфіі, мастацтвазнаўстве, творы мастацкай літаратуры, шматлікія карэспандэнцыі з месцаў.
У 1889 г. “Минский листок” упершыню надрукаваў сатырычна-гумарыстычную паэму “Тарас на Парнасе” (пад назвай “Тарас”), напісаную, верагодна, у 50-я гг. XIX ст. Неаднаразова газета змяшчала творы Я. Лучыны, высока ацэньваючы творчасць паэта-дэмакрата. Самым аб'ёмным і цікавым у выданні быў раздзел белетрыстыкі, які знаёміў з творамі не толькі беларускіх, але і прагрэсіўных рускіх і замежных пісьменнікаў – А. Чэхава, А. Астроўскага, М. Гогаля, І. Тургенева, М. Горкага, Э. Ажэшкі, Б. Пруса, Э. Заля, Гі дэ Мапасана.
“Минский листок” уздымаў пытанні аб паходжанні беларускага народа, яго нацыянальнай своеасаблівасці, мове, вуснай народнай творчасці. Шмат рэцэнзій на кнігі пра Беларусь надрукавалі тут М. Янчук і М. Доўнар-Запольскі. У газеце былі апублікаваны артыкулы “З навуковай вандроўкі ў Беларусь” М. Янчука, “Унія ў Мінску”, “Мінск і яго мінулае” і “Стары Мінск” А. Слупскага. Вядомы беларускі гісторык М. Доўнар-Запольскі змяшчаў тут на працягу 1887–1892 гг. даследаванні “Ад Кіева да Рагачова”, “Старадаўняя Беларусь”, “Беларускае мінулае”, “Доктар Францыск Скарына”, урыўкі з нарыса “Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках” і інш. Станоўчую ацэнку ў “Минском листке” атрымалі “Беларускія зборнікі” Е. Раманава, “Агляд гукаў і форм беларускай мовы” Я. Карскага, “Матэрыялы для вывучэння быту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю” П. Шэйна, “Беларускае мінулае” А. Пыпіна і цэлы шэраг іншых работ. З 1888 г. газета выдавала неперыядычны навукова-папулярны і літаратурна-публіцыстычны дадатак “Северо-западный календарь”, які змяшчаў не толькі вершы і апавяданні на беларускай мове, прыказкі і прымаўкі, але і багаты даведачны і навуковы матэрыял пра Беларусь.
Даволі падрабязна апісвалася ў газеце жыццё Мінска. У ёй можна было прачытаць пра арганізацыю тэлефоннай сеткі, адкрыццё коннай чыгункі, медыка-санітарны стан горада, дзейнасць таварыстваў урачоў, сельскіх гаспадароў і іншых арганізацый, правядзенне лекцый і гутарак па розных галінах ведаў і г. д. Асвятляў “Минский листок” тэатральнае і музычнае жыццё. На старонках выдання друкаваліся рэцэнзіі на спектаклі ўкраінскай трупы Н. Карніцкага, артыкулы пра гастролі Малога тэатра і іншых драматычных і оперных калектываў і асобных выканаўцаў. Газета адгукалася на ўсе юбілейныя даты, звязаныя з жыццём і творчасцю славутых кампазітараў, мастакоў і акцёраў. “Минский листок” быў выданнем, дзе мясцовая інтэлігенцыя магла выказаць свае адносіны да актуальных праблем грамадскага жыцця і разнастайных фактаў духоўнай культуры. Карэспандэнцыі чытачоў былі не толькі водгукам на матэрыялы, змешчаныя ў газеце, але і ставілі новыя задачы, звязаныя з прагрэсам навукі і культуры Беларусі.
З красавіка 1902 г. “Минский листок” стаў выходзіць пад назвай “Северо-Западный край”. Са зменай назвы значна змяніўся і характар газеты, а таксама склад рэдакцыі і супрацоўнікаў. Яна стала больш прагрэсіўным выданнем. “Минский листок” у значнай ступені садзейнічаў развіццю грамадска-палітычнай думкі, распаўсюджанню навуковых ведаў, узнімаў важныя пытанні літаратуры.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.